Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ракіцкі пра кнігу Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы»: гэта сымфонія беларускага жыцьця


Зьміцер Бартосік падчас прэзэнтацыі кнігі “Быў у пана верабейка гаварушчы” ў Берасьці. 4 сьнежня 2016 году

8 сьнежня ў менскім Прэс-клюбе (Веры Харужай, 3-601) адбудзецца прэзэнтацыя кнігі знанага барда, літаратара і журналіста Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы», якая выйшла ў бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода. Кніга вырасла з адной з самых любімых радыёслухачамі перадачаў — «Падарожжы Свабоды». Аўтар сабраў разам гісторыі, пра якія сьведкі адважыліся расказаць толькі напрыканцы жыцьця і якія мяняюць звыклае ўяўленьне пра тое, што рабілася ў Беларусі ў ХХ стагодзьдзі.

На прэзэнтацыю завітаюць дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, рэдактар кнігі Сяргей Дубавец. На вечарыне прагучаць як архіўныя запісы Радыё Свабода, так і песьні Зьмітра Бартосіка. Пачатак у 18:00.

Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі ад новай кнігі Зьмітра Бартосіка дзеліцца мастацтвазнаўца і журналіст Вячаслаў Ракіцкі.

Падарожжы Бартосіка ў космас беларусаў

Вячаслаў Ракіцкі
Вячаслаў Ракіцкі

«Кожны раз, калі я чытаў навіны ў жывым эфіры з Прагі пасьля перадачы Зьмітра Бартосіка «Падарожжы Свабоды», я заходзіў студыю на 12-15 хвілінаў раней. Зачыняў масіўныя дзьверы, садзіўся ў дыктарскае крэсла, уключаў на пульце гук. І студыя напаўнялася да болю знаёмымі, праўдзівымі, драматычнымі ці гумарнымі інтанацыямі беларускіх вяскоўцаў. Даверлівыя гутаркі Зьмітра са сваімі героямі нібыта рассоўвалі сьцены замкнёнага памяшканьня і вялі за сабою ў нейкі космас — адначасна і знаёмы, блізкі, і нязьведаны. У космас беларусаў.

Гэта — Радыё зь вялікай літары. Мікрафон у руках журналіста Бартосіка выхоплівае вельмі шчырыя, праўдзівыя інтанацыі людзей, перадае іхныя сьлёзы, усьмешкі, напаўняе эфір гукамі асяродзьдзя, дзе яны жывуць. У адным-двух эпізодах, расказаных за некалькі хвілінаў, адлюстроўваюцца драматычныя лёсы канкрэтных людзей, і яны гучаць як драма ўсяго народу. Беларусы, палякі, расейцы, кулакі, бальшавікі, саветы, партызаны, калгасы, працадні — усё зьліваецца ў Бартосіка ў вялікую сымфонію жыцьця. У лёсах людзей паўстае пакручастая гісторыя беларусаў ХХ стагодзьдзя і нашых дзён.

Ніяк не магу зразумець, якім чынам Зьмітру Бартосіку ўдаецца разгаварыць людзей да такой шчырасьці. Беларусы ж у бальшыні сваёй людзі скрытныя, ня кідаюцца абы-каму на шыю з расповедамі пра балючае, перажытае. Бартосіку ж яны адкрываюцца напоўніцу. Неверагодны талент запытацца, выслухаць, занатаваць. І яшчэ — пасьпець. У кіно ёсьць тэрмін «адыходзячая натура». Трэба пасьпець зьняць у ёй, зафіксаваць яе. Гэта складана. Але Бартосіку яшчэ цяжэй, бо гэтая адыходзячая натура — жывыя людзі. І ён пасьпеў, пасьпявае запісаць найдраматычнейшыя моманты беларускай гісторыі ў жывых успамінах жывых людзей.

Перадусім Бартосікавы падарожжы — гэта ўнікальны радыёжанр. А цяпер яны сталі і кнігай. Зноў жа — кнігай таленавітай. Ён змог жывыя словы, жывыя інтанацыі людзей перадаць літарамі, словамі, сказамі. Чытаць без хваляваньня, перажываньняў гэтыя споведзі і назіраньні людзей немагчыма. А пад адной вокладкай іх можна і варта, напэўна, успрымаць як хрэстаматыю па гісторыі Беларусі.

Я шчыры слухач, а цяпер і чытач падарожжаў Бартосіка. Сваё захапленьне ягонай творчасьцю пры сустрэчах па-сяброўску зь лёгкай іроніяй выказваю словамі: «Прывітаньне, геній». Ён сьмяецца, адмахваецца. А мне здаецца, што я ўсё ж у сваёй ацэнцы ня дужа далёкі ад ісьціны».

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG