Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палітычную барацьбу ў інтэрнэце ўлады прайграюць з разгромным лікам»


Чаму ўлада пачала новую вайну ў інтэрнэце? Удзельнічаюць: Дзьмітры Гурневіч, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Гурневіч: Ад канца мінулага тыдня беларусы пачалі заўважаць праблемы ў доступе да інтэрнэту праз Tor — праграму, што дазваляе заставацца ананімным і атрымліваць доступ да заблякаваных сайтаў і цэлага таемнага вэбу. Падобна, што праблема закранула кліентаў шматлікіх беларускіх правайдэраў, але не назіраецца ў суседніх краінах. Падрабязнасьці пра Tor і як з змагацца з блякадай можна прачытаць на нашым сайце.

Кітай актыўна змагаецца з Tor, часам бывае блізкім да перамогі, але ніколі яшчэ не блякаваў Tor цалкам. У Беларусі Tor павінны заблякаваць паводле закону, як і ўсе сродкі доступу да забароненых сайтаў.

У гэтым ёсьць лёгіка. На гэтых забароненых сайтах вядзецца, напрыклад, продаж наркотыкаў. Забараніўшы іх, патэнцыйныя пакупнікі і дылеры страцяць плятформу, на якой яны могуць дамаўляцца пра продаж. Але пры гэтым ёсьць шматлікія іншыя сродкі доступу да заблякаваных сайтаў і сродкі забесьпячэньня ананімнасьці ў інтэрнэце, якія ў Беларусі працуюць безь перашкодаў.

У Беларусі Tor і падобныя сыстэмы і вайна зь імі маюць і іншы сэнс. Калі ў 2011 годзе ў Беларусі па серадах праходзілі масавыя пратэсты, многія незалежныя выданьні, а часам і сацыяльныя сеткі кімсьці блякаваліся. Сайты нібы не працавалі, колькі іх ні перазагружай. Tor быў не адзіным, але самым надзейным выйсьцем. То бок прычынай змаганьня з Tor можа быць і палітыка.

У Беларусі інтэрнэт — гэта паралельная рэальнасьць, дзе карыстальнікі могуць свабодна выказвацца, размаўляць, крытыкаваць уладу. Зразумела, што часам ёсьць і выключэньні, як напрыклад справа Пальчыса. Але таму яно і выключэньне, каб пацьвярджаць правіла. У байнэце апанэнты ўлады адчуваюць сябе спакойна і ў пазыцыі пераможцы. Таму афіцыёз і стараецца прысутнічаць у Інтэрнэце як мага менш. Няма сваіх профіляў у сацыяльных сетках ані ў кіраўніка краіны, ані ў ягоных паплечнікаў, ізноў жа, бываюць толькі выключэньні. У сьвеце гэта даўно стала нормай. У Беларусі ўлады баяцца выклікаць ваўка зь лесу. Невядома, як зь ім змагацца. Дык яны хочуць проста паставіць вакол лесу плот, і справа вырашаная.

У Беларусі інтэрнэт — гэта паралельная рэальнасьць, дзе карыстальнікі могуць свабодна выказвацца, размаўляць, крытыкаваць уладу.

Сёньня гэтая забарона сышлася ў часе з пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі. Шалее крызіс, даходы насельніцтва падаюць, ВУП не расьце і галоўнае — няма нагоды да аптымізму. Улады таксама сваімі заявамі рыхтуюць беларусаў да яшчэ горшай сытуацыі. Дык можа гэта і ёсьць адна з прычынаў блякады Tor? Працуюць загадзя, каб пазьней не шкадаваць.

Цыганкоў: Беларусь мае дастаткова трывалую доўгую гісторыю змаганьня з праявамі свабоды ў інтэрнэце. Магчыма, набіўшы гузоў на гэтым шляху, беларускія ўлады ўжо навучыліся дзейнічаць дастаткова асьцярожна і імкнуцца не перагнуць палку. Памятаю, некалькі гадоў таму сярод прадстаўнікоў улады была дыскусія. Яна вылівалася нават у публічную сфэру, наконт таго, як рэагаваць на розныя інтэрнэт-сайты. І вырашылі відавочна, што карысным для ўлады будзе гэтыя актыўныя палітычныя сайты не зачыняць, акрамя крытычных момантаў — гэта адбываецца амаль заўсёды ў час прэзыдэнцкіх выбараў. Так было ў 2006-м, 2010-м годзе, у 2015-м — не, бо ўжо не было ніякай неабходнасьці, не было Плошчы.

Улады вырашылі, што лепш дазваляць выходзіць пáры на старонкі інтэрнэт-выданьняў.

Дык вось, на сёньняшні дзень ва ўладзе ёсьць меркаваньне, што калі зачыніць ці абмежаваць гэтыя апазыцыйныя сайты ад рэзка апазыцыйных, як «Хартыя-97», да больш памяркоўных, то гэта прынясе ўладзе больш шкоды, чым карысьці. Яны вырашылі, што лепш дазваляць гэтай пáры выходзіць на старонкі інтэрнэт-выданьняў, бо калі перакрыць, ніхто ня дасьць гарантыі, што гэтая пара ня выплюхнецца на вуліцы. А так за нейкай акцыяй, на якую традыцыйна прыходзяць 500 чалавек, назірае онлайн 50 000. Гэтыя людзі маглі б прыйсьці, але вырашылі, што лепш назіраць у інтэрнэце. Таму ў агульным сэнсе яны вырашылі, што лепш свабоду слова ў інтэрнэце дазваляць. Але ёсьць у тым дазволе пэўныя межы: улады кожны раз нагадваюць пра гэта, пра што сьведчыць справа Джона Сільвера, які, як вядома, быў пакараны ўмоўным тэрмінам за свае допісы ў інтэрнэце.

Карбалевіч: У недэмакратычных краінах змаганьне з інтэрнэтам — зьява пэрманэнтная. З выступаў Лукашэнкі вынікае, што інтэрнэт ён успрымае не як вялізны крок да прагрэсу чалавецтва, а як пагрозу. Ён называе інтэрнэт не інакш, як «памойка». Лукашэнка некалі так зьлёгку пасьмяяўся зь Дзьмітрыя Мядзьведзева, не называючы ягонага прозьвішча. Маўляў, некаторыя кіраўнікі ходзяць увесь час з пляншэтам. Падтэкст быў такі: дзіцячая забава.

Падчас апошняй прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі для расейскіх журналістаў СМІ і форумы зьвярнулі ўвагу на ягоную сьмешную рэпліку: «Будучыня — за высокімі тэхналёгіямі. І нам перш за ўсё будзе прыносіць багацьце ўсё гэта — гаджэты, айфоны, пляфоны». На форумах з гэтага досыць пасьцябаліся.

Лукашэнка прызнаў, што ў Беларусі існуюць тролі на дзяржаўнай службе.

Але ў гэтым выступе была яшчэ адна рэпліка, якую амаль не заўважылі. Ён сказаў, што некаторыя зь ягонага атачэньня прапаноўвалі яму ўзяць пад жорсткі кантроль інтэрнэт, перакрыць непажаданыя сайты. Але, маўляў, я не падтрымаў гэтага, а запатрабаваў ад патрэбных ведамстваў даць адказ на гэтых сайтах на антыдзяржаўныя закіды. То бок, ён прызнаў, што ў Беларусі існуюць тролі, якія знаходзяцца на дзяржаўнай службе.

Аднак, палітычную барацьбу ў інтэрнэце беларускія ўлады прайграюць з разгромным лікам. І тролі тут дапамагаюць мала. Таму вось і пераходзяць да забаронаў.

Але, як вядома, інтэрнэт выконвае ня толькі сацыяльную функцыю мабілізацыі пратэсту, але і выпуску пáры народнага незадавальненьня. У Беларусі пакуль пераважае другая функцыя. Таму пакуль улады даволі паблажліва за ўсім сочаць, вось амаль два гады цягнулі з выкананьнем пастановы Апэратыўна-аналітычнага цэнтру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG