Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба вяртаць павагу да ўлады...», — апазыцыйная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў пабывала на магілёўскіх рынках


Два найвялікшыя рынкі Магілёва наведала апазыцыйная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая ў кампаніі з старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам. На працягу двух гадзінаў апазыцыянэры высьвятлялі зь якімі праблемамі сутыкаюцца прадпрымальнікі.

«Прадпрымальнікі хочуць зьменаў, але яны баяцца згубіць тое, што маюць на сёньняшні момант», — такую выснову зрабіла Канапацкая пагутарыўшы з гандлярамі рынкаў.

Ейны калега па партыі Анатоль Лябедзька выснаваў сваё: «Людзі за дваццаць гадоў зьняверыліся, што ўлада можа быць народнай і, што яна можа разглядаць іхныя інтарэсы, як свае».

«Вас абралі дэпутаткай і ў вас ёсьць усе паўнамоцтвы дапамагаць нам»

Актывісты АГП пабывалі на Віленскім і Грабянёўскім рынках. Госьцей зь Менску неадступна суправаджалі прадстаўнікі адміністрацыі рынкаў.

«А вы да нас з азнаямленчым візытам прыехалі?», — выпытвала Анатоля Лябедзьку на Віленскім рынку адна з такіх прадстаўніц.

«Ганна Канапацкая ўваходзіць у камісію Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай рэформе. У яе кампэтэнцыю ўваходзяць пытаньні стасункаў з прадпрымальнікамі, — адказваў ёй Лябедзька. — Таму яна вырашыла прыехаць да прадстаўнікоў малога бізнэсу, каб затым рыхтаваць заканадаўчыя ініцыятывы».

Канапацкая пераконвае прадпрымальніка, што варта аб’ядноўвацца
Канапацкая пераконвае прадпрымальніка, што варта аб’ядноўвацца

«Ну, добра займайцеся», — адрэагавала на тлумачэньне апазыцыянэра прадстаўніца адміністрацыі Віленскага рынку.

Гандляры ж на рынках без ахвоты пагаджаліся на гутаркі з дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў і лідэрам апазыцыйнай партыі. Многія заяўлялі, што пра свае праблемы зь вядзеньнем бізнэсу выкажуцца на прадпрымальніцкім Форуме, якія мае адбыцца 5 сьнежня з ініцыятывы аб’яднаньня «Пэрспэктывы».

Ганна Канапацкая заклікала прадпрымальнікаў аб’ядноўвацца і быць больш актыўнымі ў адстойваньні сваіх правоў. «Вядома ж, калі я буду адна, то я нічога не зраблю, — даводзіла сваю пазыцыю дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў. — А калі нас будзе многа...»

«А ня выйдзе так, што ўлада на нас азьверыцца?», — ня даўшы скончыць фразы, перабіла Канапацкую адна з прадпрымальніц.

«Яны скажуць: „Вы пратэстуеце, незадаволеныя?“ і ўсё нам. Мы спадзяёмся, што Вы да нас прыйдзеце зь нечым. Вы наважылі вылучыцца ў дэпутаты. Вас абралі дэпутаткай, таму ў вас ёсьць усе паўнамоцтвы дапамагаць нам», — аргумэнтавала сваю пазыцыю прадпрымальніца, зыходзячы з чутак пра павышэньне падаткаў на трынаццаць працэнтаў.

«Мы разумеем, што павышаць стаўкі падатку нельга для прадпрымальнікаў, бо пачнецца вялізны адток людзей — тлумачыла Ганна Канапацкая. — Мы сёньня прыйшлі да вас пачуць, што вы можаце сказаць наконт падвышэньня падатку. Што можаце прапанаваць...».


Хочацца верыць уладам, але не выходзіць верыць

Канкрэтных прапановаў гасьцям пачуць не давялося. Прадпрымальнікі наракалі на істотнае зьмяншэньне пакупніцкай актыўнасьці і выручкі. Гэта для іх была асноўная праблема.

«У пакупнікоў няма грошы, а ў нас абаротных сродкаў. Людзі жывуць на выдаху», — наракаў на сытуацыю амаль кожны гандляр на рынках.

Чым дэпутатка палаты Прадстаўнікоў можа нам дапамагчы?
Чым дэпутатка палаты Прадстаўнікоў можа нам дапамагчы?

«Я стаю тыдзень на рынку і выручкі нуль, дык дэпутатка Палаты прадстаўнікоў чым мне дапаможа?», — з ноткамі абурэньня адрэагавала адна з прадпрымальніц, калі актывісты АГП спыніліся каля ейнага працоўнага месца.

«Вы ж самі бачыце, што толькі ў адным намёце стаяць пакупнікі, а так мы дзень глядзіць адзін на аднаго. Мы напачатку году пратэставалі. Хадзілі да нашых уладаў і так у іх расчараваліся. Нас увесь час пасылалі ад адных органаў да другіх. Цяпер ужо апускаюцца рукі нечага дамагацца. Хочацца верыць усім, асабліва ўладам, але не выходзіць верыць. Падманваюць...», — скардзілася прадпрымальніца Ганьне Канапацкай

«Ня трэба апускаць рукі, — зьвярталася да прадпрымальнікаў дэпутатка. — А ўладам асабліва не сьпяшайцеся верыць...».

«Самі спрабуйце ісьці ва ўладу, — працягнуць Анатоль Лябедзька. — Будуць выбары ў Магілёўскі гарсавет, дык вылучайце туды сваіх прадстаўнікоў. Мы дапаможам з навучаньнем...».

«Я ўпершыню чую, каб можна было так проста некага з нашых адправіць у дэпутаты, са зьдзіўленьне адрэагавала адна з гандлярак.

Усё, што ўлада хацела нам навязаць, то навязала

«У нас жа тут кожны сам за сябе. Гэта ўжо праверана. Летась на Форумы езьдзілі адны і тыя ж людзі. Прадпрымальнікі шукаюць любую нагоду, каб пазьбегнуць удзелу ў пратэсьце», — даводзіла яна.

«Мы расчараваліся ў апазыцыі, — заявіў яшчэ адзін гандляр. — Не падтрымлівала яна нас раней, калі мы пратэставалі. Усё, што ўлада хацела нам навязаць, то нам навязала. Мы і ў гарвыканкам хадзілі, і прэзыдэнту пісалі...»

На пытаньне, у чым канкрэтна вінавата апазыцыя, прадпрымальнік не адказаў. Махнуўшы рукой і сышоў.

На Грабянёўскім рынку мясцовыя гандляры даволі адкрыта гаварылі з актывістамі АГП пакуль не падышла прадстаўніца адміністрацыі. Зь яе прыходам у гандляром зьніклі праблемы і ахвоту гутарыць з гасьцямі.

«Мы будзем змагацца за свае правы. Мы ж плацім вялізныя падаткі», — казалі прадпрымальнікі без нагляду адміністрацыі рынку.

«Я за адзін толькі гандлёвы пункт плачу 350 рублёў. У нас у Магілёве людзі ня ўсе зарабляюць столькі, — даводзіла адна з гандлярак Грабянёўскага рынку. — Пытаньняў дужа многа і мы іх абмяркоўваем. Я ежджу на кожны форум. Нашы прапановы: прыслухоўвацца да нашых меркаваньняў. Мы ж бачым, што пакупніцкай актыўнасьці зусім няма. Цяпер сем’і зусім зьбяднелі. Вось мы будзем змагацца, каб зьмяніць сытуацыю».

«У нас праблемаў няма. Нас усё задавальняе, — казалі прадпрымальнікі, калі зьявілася прадстаўніца адміністрацыі рынка. — Толькі пакупнікоў няма. Заробкаў у людзей няма. Неяк ім мала плацяць. А па падатках нас пакуль усё задавальняе».

Пачуўшы ад гасьцей зь Менску, пра падвышэньне падатку прадпрымальніцы абурыліся: «У такой сытуацыі нельга падаткі падвышаць. Мы і так ледзьве выплачваем тыя, што ёсьць, але што мы можам зрабіць — мы перадапошняя літара ў альфабэце...».

«Прадпрымальнікі адвыклі, што нехта ва ўладзе, пра іх клапоціцца»

Ганна Канапацкая пасьля наведваньня рынкаў адзначыла, што прадпрымальнікі, як ёй падалося, сталі больш закрытымі, чым былі падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў. Паводле яе, у выбарчую кампанію іх не палохала слова «апазыцыя» ды «рэформы» і яны былі больш апазыцыйна настроеныя. Што да сёньняшняй закрытасьці гандляроў на рынках, то дэпутатка Палаты прадстаўнікоў зрабіла выснову: яны паводзілі сябе так у прысутнасьці адміністрацыі рынка.

«Я разумею, што прадпрымальнікі хочуць зьменаў, але яны баяцца згубіць тое, што маюць на сёньняшні момант. Няхай у іх ёсьць невялікі заработак, але гэта даход, за які яны жывуць», — патлумачыла паводзіны магілёўскіх гандляроў Ганна Канапацкая.

Паводле яе за апошнія час праблемы ў прадпрымальнікаў застаюцца нязьменнымі і гэта пацьвердзілася ў гутарках з магілёўскімі бізнэсоўцамі.

Ганна Канапацкая і Анатоль Лябедзька між гандлёвых радоў Грабянёўскага рынку
Ганна Канапацкая і Анатоль Лябедзька між гандлёвых радоў Грабянёўскага рынку

«Агульная эканамічная сытуацыя, якая вядзе да зьніжэньня пакупніцкай здольнасьці — гэта хвалюе ўсіх, нават тых, якія заяўляюць, што ў іх усё добра. Безумоўна гэта нашумелы ўказа пра сэртыфікацыю. Усіх хвалюе, што неўзабаве можа адбыцца павышэньне стаўкі падаткаў. Хаця нават у Палаце прадстаўнікоў многія разумеюць, што ў цяперашняй эканамічнай сытуацыі падвышэньню падаткаў трэба сказаць «Стоп», — зазначыла Ганны Канапацкая.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька лічыць прадпрымальнікаў пэрспэктыўнай сілаю і заяўляе, што з імі трэба працаваць. Ён спасылаецца на свой досьвед удзелу у мінулых выбараў ў Палату прадстаўнікоў.

«Кожны пяты подпіс за мяне быў — подпісам прадпрымальнікаў», — казаў лідэр апазыцыйнай партыі. Паводле яго прадпрымальнікі мусяць паверыць, што дэпутатка Ганна Канапацкая можа для іх нешта зрабіць.

«З індывідуальнымі прадпрымальнікамі трэба працаваць. Яны адвыклі ад таго, што ёсьць нехта ва ўладзе, які клопаціцца пра прадпрымальнікаў», — даводзіў сваю пазыцыю Анатоль Лябедзька.

«Людзі за дваццаць гадоў зьняверыліся, што ўлада можа быць народнай і, што яна можа разглядаць іхныя інтарэсы, як свае. Цяпер існуе велічэзная дыстанцыя між людзьмі, прадпрымальнікамі і ўладай. Трэба вяртаць павагу да ўлады, гэта азначае — свабодныя сумленныя выбары», — заключыў пасьля наведваньня магілёўскіх рынкаў лідэр апазыцыйнай партыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG