Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кругазварот полікарбанату ў жывой і нежывой прыродзе


Алена Германовіч

«Лыжкі не існуе... Гэта ня лыжка гнецца, справа ў табе» — я разглядаю лыжачку з бруднымі кроплямі кавы, якія зьнікнуць як раса, варта толькі лыжку страсянуць. Лыжкі існуюць, яны існуюць даўжэй і больш рэальна, чым мы. Я памру, а лыжкі застануцца, вось гэтыя ж, якія Бог ведае адкуль узяліся ў маёй хаце, будуць ляжаць сабе на палічцы, ці красавацца бліскучымі галовамі ў нейкай шклянцы, слоіку на новай кухні, дзе ня будзе мяне, а будуць мае дзеці, унукі, нейкія нявесткі, іх сёстры, маці, сябры. Новы сьвет, новыя людзі — але з маімі лыжкамі. Я на той час, можа, спарахнею, як стары пень, у сырой зямлі восеньню, і сухой — летам, мёрзлай — зімой. Мой стан будзе адпавядаць пары году. Мёрзлае цела, сухое цела, мокрае цела. А лыжкі будуць захоўваць свой бадзёры мэталічны стан...

Але я не пра лыжкі. Пра полікарбанат. Гэта такі матэрыял, з панэляў, злучаных рэбрамі, выкарыстоўваецца для стварэньня альтанак, напрыклад, каб дах прапускаў сьвятло. Папулярны пры будоўлі цяпліц. Цяпер модна мець такія цяпліцы. Каб было, як у людзей.

Аляксей таксама хацеў, каб было як у людзей — цяпліца з дахам з полікарбанату.

Аляксей таксама хацеў, каб было як у людзей — цяпліца з дахам з полікарбанату. У яго малыя дзеці. Вясной ён і жонка накідалі б у глебу насеньня такога-сякога, накрылі б полікарбанатам — а ўлетку елі б сабе агуркі і памідоры, піхалі б іх у слоікі, закручвалі б мэталічнымі крышкамі, і хавалі б у склеп. Шмат розных слоікаў: салаты, гуркі марынаваныя, салёныя, квашаныя, кампоты, варэньні, сокі, памідоры ва ўласным соку, кетчупы, аджыкі... Каб не было ніякага голаду. І было ўсё, як у людзей.

Ужо і вясна прыйшла, трэба грады садзіць, а полікарбанату няма. Чым цяпліцу накрываць, ня плёнкай жа? Хто цяпер плёнкай накрывае цяпліцы? Дурні хіба нейкія ці жабракі. Ёсьць жа полікарбанат! Толькі няма грошай.

Аляксей паехаў у Гомель, узяў з сабой рэвальвэр. Набыў калісьці на рынку, казаў, у Падмаскоўі. Там гэта проста.

Неяк Аляксей паехаў у Гомель, узяў з сабой рэвальвэр. Набыў калісьці на рынку, казаў, у Падмаскоўі. Там гэта проста — хочаш пісталет, дык купі сабе і хадзі як чалавек, нікога ня бойся. І ён хацеў, каб было, як у людзей.

Потым у Гомелі сеў у таксі, заехаў у лес каля роднай амаль вёскі (бо сам з Расеі) і выстраліў у таксіста. Забраў грошы, адагнаў у лес аўто, зацягнуў цела, схаваў у бураломе. Пайшоў і купіў сабе той полікарбанат. Тры лісты купіў. Нядаўна я глядзела — можна набыць ліст за 50 рублёў, магчыма, і ён купіў недзе за 150 рублёў. Хапіла б на цяпліцу, напэўна, тры лісты. Толькі памідораў не пасьпеў дачакацца — міліцыя прыйшла. Забрала і яго, і той полікарбанат. Бо гэта яго маёмасьць, і яе, як падазроную, таксама арыштоўваюць. Так паложана.

На судзе ён тлумачыў, што грошы вельмі трэба былі — каб полікарбанат набыць. «Што, так гарэла?» — стомлена ўдакладніла судзьдзя. «Ну, на той момант выходзіла, што так» — схіліў галаву расіянін.

Нехта пойдзе ў краму канфіскаваных тавараў і набудзе сабе тры лісты полікарбанату.

Яму далі 22 гады і пастанавілі канфіскаваць яго маёмасьць: грузавік, мабільны тэлефон і тры лісты полікарбанату. «Арыштаваную маёмасьць скарыстаць у лік пагашэньня шкоды, прычыненай пацярпелай» — зачытала судзьдзя. Гэта значыць, што маёмасьць яго — тры лісты полікарбанату ў тым ліку — аддзел прымусовага выкананьня пакараньня рэалізуе і грошы аддасьць пацярпелай — жонцы забітага чалавека. Нехта пойдзе ў краму канфіскаваных тавараў і набудзе сабе тры лісты полікарбанату, можа, таньней, чым на кірмашы, можа, не за 50, а за 40, і пабудуе сабе цяпліцу, накрые такім празрыстым дахам, наросьціць гуркоў там, памідораў, яшчэ якой трасцы, каб было як у людзей.

А чалавека няма.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG