Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне на траціну падаражэла гарэлка


Мінімальная цана бутэлькі гарэлкі цяпер складзе 69,8 грыўні (5 рублёў 34 капейкі на беларускія грошы), мацаванага віна і вэрмуту — 42, вінаграднага сухога віна — ад 33 грыўняў, паведамляе УНІАН.

Зь сёньняшняга дня ўступіла ў сілу пастанова Кабінэта міністраў Украіны пра павышэньне мінімальных розьнічных цэнаў на гарэлку ды іншую алькагольную прадукцыю, якая ўтрымлівае сьпірт.

У прыватнасьці, згодна з пастановай ураду, розьнічныя цэны на лікёра-гарэлачныя вырабы павышаны на 27,1–27,86%, на віскі, ром і джын — на 37–63%, на каньяк (брэндзі) — на 24–27%, на віны — на 22,2–55,6%.

«Мінімальная розьнічная цана бутэлькі гарэлкі 0,5 літра з 40-працэнтным утрыманьнем сьпірту падвышана да 69,8 грн з 54,9 грн. Гэта зьвязана з тым, што ўведзеная ў верасьні 2015 году мінімальная цана на гарэлку не адпавядала выдаткам вытворцаў на вытворчасьць і рэалізацыю сваёй прадукцыі. Стаўкі акцызаў на гарэлку і лікёра-гарэлачныя вырабы павысіліся на 50%, на віны з даданьнем сьпірту — на 100%. Вырасьлі ў цане і іншыя складнікі», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да пастановы.

Экспэрты сьцьвярджаюць, што такое цэнавае рэгуляваньне дапамагае пазьбегнуць распаўсюджваньня няякаснай прадукцыі на рынку. У асацыяцыі «Укргарэлка» неаднаразова адзначалі неабходнасьць павысіць мінімальныя розьнічныя цэны, паколькі яны не адпавядаюць цяперашняму роўню выдаткаў на вытворчасьць якаснага алькаголю.

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG