Служба бясьпекі Ўкраіны пачала крымінальную справу супраць расейскага актора Івана Ахлабысьціна. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка СБУ Алена Гітлянская. Ахлабысьціна падазраюць у стварэньні тэрарыстычнай групы. Пакараньне паводле гэтага артыкулу прадугледжвае ад 8 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Падставай для крымінальнай справы сталі заявы Ахлабысціна, калі той атрымліваў пашпарт самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» 30 лістапада. Ахлабысцін тады назваў «ДНР» «апорай і фарпостам рускага сьвету», радасна вітаў «рускую вясну» ва Ўкраіне, а таксама высказалсяв падтрымку «ДНР», агрэсіі супраць Украіны з боку Расеі і анэксіі Крыма, напісала прадстаўніца СБУ.
Дарадца кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка заклікаў ЗША, Эўразьвяз, Ізраіль і Японію ўвесьці санкцыі ў дачыненьні да Ахлабысьціна.
У 2014 годзе Служба бясьпекі Ўкраіны забараніла Ахлабысьціну ўезд на тэрыторыю краіны за антыўкраінскія выказваньні. У краіне забароненыя да паказу больш за 70 фільмаў і сэрыялаў з яго удзелам. Актор таксама ўключаны ў «чорны сьпіс» людзей, якія, паводле ўкраінскага міністэрства культуры, пагражаюць нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны.