Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп хоча саджаць за спаленьне амэрыканскага сьцяга. Юрысты: у ЗША забаронена караць за апазыцыю ўладзе


Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў караць асоб, якія спальваюць амэрыканскі сьцяг, годам турмы або пазбаўленьнем грамадзянства, а,значыць, і права голасу. Пра гэта ён напісаў у сваім твітэры.

Падставай для такой заявы стаў сюжэт, паказаны тэлеканалам Fox, пра тое, што адміністрацыя каледжа Hampshire ў Масачусэтсе, саступіўшы студэнтам, якія пратэставалі супраць перамогі Трамп на прэзыдэнцкіх выбарах, дазволіла ім зьняць з флягштока амэрыканскі сьцяг і спаліць яго падчас адной з дэманстрацый у кампусе.

Меркаваньні амэрыканцаў адносна прыняцьця закону, які забараняе спальваньне сьцяга, моцна вагаюцца, піша The Washington Post. У выпадку, калі наступны прэзыдэнт пераканае Кангрэс крыміналізаваць падобныя дзеяньні, закон уступіць у супярэчнасьць з пастановай Вярхоўнага суду ад 1989 году, якой акт спаленьня сьцяга быў прыроўнены да свабоды слова, замацаванай у Першай папраўцы да канстытуцыі. Такім чынам Вярхоўны суд засьцерагаў тых, хто паліў сьцягі, ад судовага перасьледу.

Трамп абсалютна не разумее Першую папраўку, якая забараняе пакараньне за апазыцыю ўладзе.

Прафэсар Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту Дэвід Коўл, які выступаў у Вярхоўным судзе ў падтрымку дадзенай пастановы, заявіў: «Прапанова Трампа, які неўзабаве мае стаць першай службовай асобай у дзяржаве, мяне шакуе. Ён абсалютна не разумее Першую папраўку, якая забараняе пакараньне за апазыцыю ўладзе. Яму таксама, падобна, невядома, што грамадзянства амэрыканцаў абароненае канстытуцыяй і таму ня можа быць страчана ні пры якіх абставінах».

У 1967 годзе вышэйшая судовая інстанцыя ЗША прызнала антыканстытуцыйным адбіраць грамадзянства амэрыканца супраць яго жаданьня, які б закон ён ні парушыў. У пэрыяд з 1940 па 1967 год у краіне дзейнічала заканадаўства, згодна зь якім амэрыканец, які прагаласаваў на выбарах ці быў на вайсковай службе ў замежнай дзяржаве, аўтаматычна пазбаўляўся грамадзянства. З 1989 году ў Кангрэсе двойчы слухаліся рэзалюцыі аб тым, каб зьмяніць канстытуцыю і вывесьці акт спальваньня сьцяга з-пад дзеяньня Першай папраўкі, і абодва разы яны правальваліся ў Сэнаце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG