Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будзем эканоміць 1000 даляраў», — партыя Шушкевіча зьбіраецца стаць аргкамітэтам


Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

Беларуская сацыял-дэмакратычная «Грамада» гатовая пазбавіцца афіцыйнай рэгістрацыі, але гаворкі пра самароспуск ня йдзе.

Пра гэта Свабодзе паведаміў лідэр БСДГ, былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч.

Як патлумачыў палітык, у сяброў партыі няма грошай на тое, каб аплачваць памяшканьне, а безь юрыдычнага адрасу БСДГ будзе пазбаўленая афіцыйнай рэгістрацыі.

«Мы высьветлілі, што ня здольныя несьці тыя фінансавыя выдаткі, да якіх нас абавязвае беларускае заканадаўства. Мы штомесяц павінны плаціць вялікія грошы. Да гэтага часу мы ўсё аплачвалі. Цяпер у нас не хапае грошай, каб плаціць штомесяц 1200-1300 даляраў. Таму мы не закрываем партыю, але кажам, што спыняем гэтую аплату. Паводле беларускага закону, партыя ня можа існаваць, калі ў яе няма ва ўсіх абласьцях офісных памяшканьняў для юрыдычных адрасоў. Мы ня ў стане ўтрымліваць іх камэрцыйным чынам, бо з нас дзяруць такія грошы, як быццам мы займаемся бізнэсам», — тлумачыць Шушкевіч.

Лідэр прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка ў сваю чаргу выступіў з прапановай перадаць кіраваньне партыяй Мікалаю Статкевічу.

«Неразумна закрываць партыю. Застаньцеся ганаровым старшынём і зрабіце добрую і карысную справу для нашай Беларусі — перадайце кіраваньне партыяй людзям, якія будуць далей змагацца! Прапаную ў якасьці кандыдатуры на кіраваньне разгледзець лідэра беларускіх дэмакратычных сілаў Мікалая Статкевіча», — напісаў ён у «Фэйсбуку».

З заявы Шумчанкі незразумела, ці прапануе ён аб’яднаць БСДГ, якой кіруе Шушкевіч, і БСДП («Народная грамада») — незарэгістраваную партыю, старшынём якой зьяўляецца Мікалай Статкевіч.

Сам Шушкевіч лічыць ідэю рэарганізацыі партыі ці аб’яднаньня яе з кім-небудзь недарэчнай, бо гаворка ня йдзе пра закрыцьцё БСДГ:

«Прабачце, з кімсьці аб’ядноўвацца... Ну гэта ж ня гандаль, што пайшоў на кірмаш і купіў-прадаў. Партыя не купляецца, не прадаецца і не закрываецца. Мы фактычна будзем існаваць, які і існавалі. Мы страцім пэўныя магчымасьці — напрыклад, вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Але выбараў у нас няма, таму няма ніякай патрэбы захоўваць партыю афіцыйна зарэгістраванай. Існуе ж БХД, існуе партыя Статкевіча — яны не зарэгістраваныя, але называюць сябе партыямі. А мы будзем называцца аргкамітэтам стварэньня партыі і будзем эканоміць 1000 даляраў, якіх у нас, дарэчы, няма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG