Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У музэі Бялыніцкага-Бірулі ў Расеі штомесяц 750 наведнікаў


У Расеі захавалася дарэвалюцыйная сядзіба беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, дзе дзейнічае сталая экспазыцыя аб ягонай творчасьці.

У Цьвярской вобласьці Расеі на беразе возера Ўдомля стаіць дом выдатнага беларускага пэйзажыста Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, пабудаваны ў 1913 годзе ў стылі мадэрн.

Цяпер там дзейнічае музэй, прысьвечаны творчасьці і жыцьцю славутага беларуса, а таксама яго сяброў-мастакоў.

Загадчыца музэя і далёкая сваячка беларускага мастака-пэйзажыста Вітольда Бялыніцкага-Бірулі Алена Цімакова расказала Свабодзе, што ўсім гасьцям пабудаванай самім мастаком сядзібы расказвае пра яго беларускае паходжаньне:

Алена Цімакова
Алена Цімакова

«Калі я пачынаю экскурсію, то кажу, што Вітольд Каятанавіч мае польска-літоўскае паходжаньне, нарадзіўся ў Магілёўскай губэрні ў маёнтку Крынкі каля Бялынічаў, цяпер гэта Беларусь. І хоць жыў ён у асноўным у Расеі, прыяжджаў на некалькі гадоў і ў Беларусь, дзе пісаў карціны», — кажа Алена Цімакова.

Яна дадае, што штомесяц музэй-сядзібу наведваюць больш за 700 гасьцей, ёсьць сярод іх і беларусы.

«Яшчэ за савецкімі часамі, у 70-я гады, усе арыгіналы карцін мастака перавезьлі ў Беларусь, у музэй Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве. Але тут няма ніякага канфлікту: тады была адна краіна, і Міністэрства культуры вырашыла, што карціны мусяць знаходзіцца там. У нас бываюць выставы арыгіналаў карцін Бялыніцкага-Бірулі, але гэта часовыя экспазыцыі. А ў пастаяннай экспазыцыі — прынт-копіі ягоных работ, а таксама арыгіналы іншых мастакоў».

Мэмарыяльная экспазыцыя, прысьвечаная жыцьцю і творчасьці Бялыніцкага-Бірулі
Мэмарыяльная экспазыцыя, прысьвечаная жыцьцю і творчасьці Бялыніцкага-Бірулі

Частку заляў сядзібы займаюць пастаянныя мастацкая і мэмарыяльная экспазыцыі, прысьвечаныя Вітольду Бялыніцкаму-Бірулю і іншым мастакам, зьвязаным з Удомельскім краем — Ісаку Левітану, Станіславу Жукоўскаму, Аляксею Сьцяпанаву, Аляксандру Маравову, Канстанціну Каровіну. У іншых залях пастаянна праходзяць выставы работ цьвярскіх, маскоўскіх і пецярбурскіх мастакоў.

«Мы стараемся захоўваць настрой і дух гэтага дома. А вакол — прыгожая прырода, якая натхняла не аднаго вядомага мастака. Да нас вельмі любяць прыяжджаць турысты, у тым ліку і зь Беларусі. Штомесяц бывае 730-750 чалавек. Для аддаленага ад вялікіх гарадоў музэя-сядзібы гэта шмат».

Вітольд Каятанавіч Бялыніцкі-Біруля нарадзіўся 17 лютага 1872 году ў маёнтку Крынкі Аршанскага павету (цяпер Бялыніцкі раён) у сям’і дробнага арандатара. Пачаў займацца жывапісам у Кіеўскай рысавальнай школе. Затым вучыўся ў Маскоўскай вучэльні жывапісу, скульптуры i дойлідзтва.

Мэмарыяльная экспазыцыя, прысьвечаная жыцьцю і творчасьці Бялыніцкага-Бірулі
Мэмарыяльная экспазыцыя, прысьвечаная жыцьцю і творчасьці Бялыніцкага-Бірулі

Вялікага майстэрства дасягнуў у маладыя гады, калі яго карціны пачалі экспанавацца на pасейскіх і замежных выставах. Пачынаючы з 1897 г. сыстэматычна выстаўляў свае творы на выставах Маскоўскага аб’яднаньня аматараў мастацтва i Маскоўскага таварыства мастакоў. З 1899 г. імя мастака зьяўляецца ў каталёгах перасоўных выстаў. У 1901 г. пэйзаж «Вечныя сьнягі», які экспанаваўся на Каўкаскай юбілейнай выставе, быў адзначаны залатым мэдалём. Вялікі посьпех выпадае на долю мастака ў 1909 г., калі за карціну «У час цішыні» ён атрымаў залаты мэдаль на Мюнхэнскай выставе, а за карціну «Перад вясной» — другі залаты мэдаль ў Барсэлёне. У гэты час атрымаў званьне акадэміка жывапісу.

У гады Вялікай Айчыннай вайны стварыў палотны патрыятычнага гучаньня: «Чырвоная Армія ў лясах Карэліі», «Па сьлядах фашысцкіх варвараў». Удзельнічаў у арганізацыі мастацкай выставы, прысьвечанай 25-годзьдзю БССР. У 1947 г. жыў пад Мінскам, працаваў над цыклем карцін, у якіх раскрыў своеасаблівасьць прыроды беларускай зямлі: «Беларусь. Пачатак лета», «Зялёны май», «Зазелянелі беларускія бярозкі».

Найбольш вядомыя лірычныя пэйзажы савецкага пэрыяду — «Зімовы сон», «Лясная рэчка зімой», «Пачатак восені», «Дні майскіх навальніц» ды інш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG