Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў судзе Цэнтральнага раёну Менску атрымаў штраф 50 базавых велічыняў (1050 рублёў) за ўдзел у акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 7 лістапада пад менскім будынкам КДБ. Ён заяўляе, што ад пачатку ведаў памер штрафу, нібы «рашэньне ўжо ёсьць у кампутары».
У час суду ён дэманстраваў раздрукоўку апытаньня пра давер судам на сайце Вярхоўнага Суду.
На сваёй старонцы ў Facebook Лябедзька пераказвае размову судзьдзі Алены Шабуні з супрацоўнікам АМАП Лугоўскім, які выступаў сьведкам:
— Что делал Лебедько?
— Кричал «ганьба».
— А что это означает? Вы знаете белорусский?
— Ну, это власть выгоняют...
Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну таксама маюць разглядаць адміністрацыйныя справы, якія датычацца двух іншых удзельнікаў акцыі, сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага і старшыні руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча.