Рашэньне агучыў старшыня Мажылісу Нурлан Нігматулін па выніках сумеснага пасяджэньня абедзьвюх палат парлямэнту: Мажылісу (107 месцаў) і Сэнату (47 месцаў).
«З дэпутатаў Сэнату за прыняцьце дэклярацыі прагаласавалі 46 дэпутатаў, з Мажылісу — 105. Пастанова прынята» — заявіў Нігматулін. Паводле яго, «дэклярацыя — гэта сёньняшняя гісторыя і каштоўнае спадчына для будучых пакаленьняў».
«У дэклярацыі цалкам справядліва прапануецца адлюстраваць ролю Нурсултана Назарбаева ў назьве нашай сталіцы, як аднаго зь яго маштабных пачынаньняў, прадмет яго асаблівага клопату і заслужанага гонару ўсяго Казахстану» — растлумачыў ініцыятыву дэпутат Мажылісу, старшыня партыі «Ак жол» Азат Перуашаў. Паводле яго словаў, Казахстан адбыўся як пасьпяховая дзяржава дзякуючы працы мільёнаў казахстанцаў, але ў першую чаргу — «самаахвярнасьці і мужнасьці першага прэзыдэнта, лідэра нацыі Нурсултана Абішавіча Назарбаева».
Міністар інфармацыі і камунікацый Казахстану Даўрэн Абаеў, камэнтуючы перайменаваньне Астаны, заявіў, што прапанова адлюстраваць імя прэзыдэнта ў назьве сталіцы не зьяўляецца праявай «культу асобы».
Дэпутат парлямэнту Павел Казанцаў лічыць, што няма сэнсу зацягваць пытаньне з перайменаваньнем Астаны, і сталіца можа атрымаць новую назву ўжо да Новага году.
Раней Назарбаеў зьявіўся на казахскіх грошах — самай вялікай купюры ў 10 тысяч тэнге.
Назарбаеў знаходзіцца ва ўладзе ад красавіка 1990 году, ён — адзін з галоўных палітычных доўгажыхароў на тэрыторыі былога СССР.