Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Бяльчук (зьлева), Мікалай Бяльчук (у цэнтры) і пацярпелы міліцыянт Сяргей Неліповіч (справа). Арлянка, 9 траўня 2014 году. Фота з сайту «Виртуальный Брест»
Аляксандар Бяльчук (зьлева), Мікалай Бяльчук (у цэнтры) і пацярпелы міліцыянт Сяргей Неліповіч (справа). Арлянка, 9 траўня 2014 году. Фота з сайту «Виртуальный Брест»

За «напад на міліцыянта» судзяць маларыцкага фэрмэра Бельчука. Анлайн

У судзе Берасьцейскага раёну 23 лістапада распачаўся судовы працэс па справе Мікалая Бельчука зь вёскі Арлянка Маларыцкага раёну, якога вінавацяць у гвалце ў дачыненьні да міліцыянта. Бяльчук ад 1 лістапада трымае галадоўку ў СІЗА.

Інцыдэнт адбыўся 9 траўня 2014 году, калі ў Бельчукоў здарыўся канфлікт з супрацоўнікам ДАІ праз самаробны трактар у вёсцы Страдзеч Берасьцейскага раёну. Міліцыянт Сяргей Неліповіч сьцьвярджаў, што ў дачыненьні да яго ўжывалі сілу. Брат Мікалая Аляксандар Бяльчук за гэта быў асуджаны ў 2014 годзе да двух месяцаў арышту.

Мікалай пакараны ня быў, аднак праз два гады па яго ў вёску Арлянка Маларыцкага раёну прыехалі міліцыянты. Там у Бельчукоў здарыўся канфлікт з супрацоўнікамі міліцыі, у выніку якога АМАПаўцы нават ужылі табэльную зброю. Бельчукі ж кажуць, што ня ведалі, што гэта былі міліцыянты, бо яны не былі ў форме і не прадстаўляліся, але забіралі Мікалая. Думалі, гэта бандыты.

10:19 23.11.2016

Судзьдзя ня ведае закону

Судзьдзя зрабіў заўвагу журналістам, што яны без хадайніцтва вядуць аўдыёзапіс. Журналісты запярэчылі, што гэта не забаронена, судзьдзя аўдыёзапіс дазволіў.

10:06 23.11.2016

Падсудны ўкусіў міліцыянта

Пацярпелы Сяргей Неліповіч кажа, што ў часе канфлікту Мікалай Бяльчук укусіў яго за руку. Міліцыянт кажа, што ў дачыненьні да Мікалая фізычную сілу не ўжываў, толькі прыціснуў да плоту яго брата, Аляксандра Бельчука.

10:04 23.11.2016

Пацярпелы міліцыянт тлумачыць, як яго пабілі

Пацярпелы міліцыянт Сяргей Неліповіч кажа, што 9 траўня 2014 году выехаў у вёску Страдзеч для складаньня пратаколу на кіроўцу самаробнага трактара.

09:55 23.11.2016

Бяльчук цалкам не прызнае віны

Зачытваюць абвінавачваньне падсуднаму — нібыта ім былі нанесеныя цялесныя пашкоджаньні міліцыянту Сяргею Неліповічу.

"Бяльчук учыніў гвалт у дачыненьні да міліцыянта",— заявіла пракурор. Бяльчук віну не прызнае ў поўным аб’ёме.

09:50 23.11.2016

У залю Мікалая Бяльчука ўвялі пад рукі два міліцыянты, Мікалай сказаў, што праз галадоўку ногі не трымаюць.

09:48 23.11.2016

Бяльчук ня можа стаяць, ногі баляць

Паседжаньне пачалося. Судзіць Павал Главацкі.

На пачатку паседжаньня Мікалай Бяльчук заявіў, што ня можа стаяць, ногі не трымаюць.

09:37 23.11.2016

XS
SM
MD
LG