Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Судзяць фэрмэра ў Берасьці


Аляксандар Бяльчук у судзе

Аляксандар Бяльчук у судзе

У Берасьцейскім раённым судзе адбылося першае паседжаньне па справе аб інцыдэнце 9 траўня ў вёсцы Страдзеч. Фэрмэр адмаўляе сваю віну ў зьбіцьці даішніка, сьведкі-міліцыянты расказваюць пра сапраўднае народнае хваляваньне ў вёсцы.

Першы дзень суду над Аляксандрам Бельчуком пачаўся з скандалу — судзьдзя Ўладзімер Шаламіцкі не дапусьціў у залю двух журналістаў і сваяка абвінавачанага. На судзьдзю зрабілі запіс у кнігу скаргаў, паскардзіліся і старшыні раённага суду, але гэта ня вырашыла праблемы. Толькі пасьля тэлефанаваньня ў абласны суд судзьдзя Шаламіцкі ў перапынку запусьціў прысутных у залю.

У першы дзень суду, акрамя паказаньняў абвінавачанага фэрмэра Аляксандра Бельчука ды пацярпелага супрацоўніка ДАІ Сяргея Неліповіча, заслухалі частку сьведак. З боку пацярпелага сьведкі — пераважна міліцыянты самых розных пасадаў. Бо на канфлікт 9 траўня ў вёсцы Страдзеч зьехалася багата міліцыі ды нават АМАПу.

Аляксандар Бяльчук у сваіх паказаньнях заявіў, што сябе вінаватым ня лічыць, бо супрацоўніка ДАІ ён ня біў. Міліцыянт Сяргей Неліповіч, у сваю чаргу, распавёў, што 52-гадовы фэрмэр узьлез на трактар і адтуль, з вышыні, ударыў кулаком яму ў твар. Потым у ходзе канфлікту, заявіў даішнік, яго нават укусілі за руку.

Сьведкі з боку міліцыянта даюць паказаньні наконт падзеяў, якія разгортваліся пазьней, але ніводзін ня бачыў, як фэрмэр біў міліцыянта.

Аляксандар Бяльчук, у сваю чаргу, распавёў, што ўчастковы міліцыянт Аляксандар Сідарук, які прыехаў на падмацаваньне даішніку, выхапіў пісталет ды прыставіў фэрмэру да галавы з пагрозаю забіць. Участковы такі факт адмовіў ды заявіў, што фэрмэр паклёпнічае.

Аднак найбольшае ажыўленьне ў залі выклікалі сьведчаньні начальніка ДАІ Берасьцейскага РАУС Аляксандра Касьперука. Той таксама не прысутнічаў у той момант, калі фэрмэр быццам бы біў супрацоўніка ДАІ. Аднак досыць эмацыйна распавёў пра падзеі, якія разгортваліся пазьней. У часе інцыдэнту, заявіў міліцыянт, да месца канфлікту зьбеглася шмат вяскоўцаў, якія аказвалі грамадзянскае непадпарадкаваньне. Людзі нават перагарадзілі сваімі машынамі праезд эвакуатару, перашкаджалі вывезьці трактар:

Калі мы пачалі стрымліваць натоўп, то мне неаднойчы — разы тры-чатыры — кідалі на рукі маленькае дзіця

«Калі перасаджвалі аднаго з затрыманых ва ЎАЗік, пачалі стрымліваць натоўп. Але што мяне па-чалавечы ўразіла — тое, што ў тым натоўпе былі маленькія дзеткі. І калі мы пачалі стрымліваць натоўп, не пускаць, каб яны заміналі перасадцы затрыманага, то мне неаднойчы — разы тры-чатыры — кідалі на рукі маленькае дзіця. Жанчына мне кідала, а сама рукі прыбірала са словамі — „Трымай, мент“. Мне больш нічога не заставалася рабіць, як лавіць. Я ёй назад аддаю, гэтай жанчыне, а яна мне ізноў — „лаві“... Мэта — я не разумею... Бесчалавечнасьць проста... Дзіцяці нават году няма. Ну як так кідаць жывое дзіця, уласнае, не чужое ж, я так разумею... Гэта кідалі дзіця, каб я адпусьціў рукі ды трымаў яго. Адпаведна, мы рукі расчапілі, перасталі стрымліваць натоўп, ды людзі як мурашы прасачыліся каля нас. Гэта было зроблена дзеля таго, каб перашкодзіць нашай дзейнасьці ды каб, па-руску кажучы, „адціснуць“ гэтых затрыманых».

Аляксандар Касьпярук распавёў, што гэтая сытуацыя яго проста шакавала:

«На мой погляд як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, як чалавека, гэта — антычалавечна. Гэта можна параўнаць з агрэсіяй, якая там адбываецца... фашысты, нэанацысты так рабілі. Гэта маё асабістае меркаваньне суб’ектыўнае, я параўноўваю гэта з фашызмам, як у фільмах гістарычнай хронікі, як гэтых дзяцей там кідаюць... Пытаўся ў іх, навошта яны так робяць — казалі: „Забірай яго, як забіраеш нашых бацькоў“», — распавядаў сьведка — начальнік ДАІ.

Канфлікт у вёсцы Страдзеч здарыўся 9 траўня. Супрацоўнік ДАІ заехаў у двор да вяскоўца «складаць пратакол за адміністрацыйнае правапарушэньне». Быццам бы вясковец рухаўся па дарозе на самаробным незарэгістраваным трактары.

Гаспадар трактара, фэрмэр Аляксандар Бяльчук, кажа, што спужаўся, што міліцыянт трактар, які стаяў у двары, хоча канфіскаваць. Фэрмэр закаціў трактар у гараж, пасьля чаго і адбылася сварка з супрацоўнікам ДАІ.

Міліцыянт сьцьвярджае, што селянін яго біў.

У часе канфлікту зьбеглася шмат вяскоўцаў, якія спрабавалі перашкаджаць міліцыянтам забіраць фэрмэра. У сьвяточны дзень у Страдзеч улагоджваць гэты інцыдэнт зьехаліся многія міліцэйскія начальнікі, прысутнічаў нават АМАП.

У выніку на фэрмэра склалі пратакол за супраціўленьне міліцыянту ды зьбіцьцё яго пры выкананьні працоўных абавязкаў. Аляксандру Бельчуку пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.

XS
SM
MD
LG