Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Творы Нобэлеўскіх ляўрэатаў можна будзе прачытаць па-беларуску


Ханс Хэердал, «Партрэт Кнута Гамсуна» (1903). Кніга нарвэскага пісьменьніка Кнута Гамсуна будзе выдадзеная першай у сэрыі Noblesse Oblige
Ханс Хэердал, «Партрэт Кнута Гамсуна» (1903). Кніга нарвэскага пісьменьніка Кнута Гамсуна будзе выдадзеная першай у сэрыі Noblesse Oblige

У лютым-сакавіку 2017 году плянуецца выдаць першую кнігу сэрыі Noblesse Oblige, у рамках якой будуць выходзіць творы ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі па літаратуры ў перакладзе на беларускую мову.

Пачаткам сэрыі стане выданьне кнігі «Голад» нарвэскага пісьменьніка Кнута Гамсуна — ляўрэата Нобэлеўскай прэміі 1920 году. Пад адной вокладкай публікуюцца творы «Голад» (пераклаў Лявон Баршчэўскі), «Пан» і «Вікторыя» (абодва пераклала Лідыя Ёхансэн). Таксама будзе зьмешчаная і Нобэлеўская прамова ляўрэата. Рэдактарка кнігі — Ганна Янкута.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе праекту, пераклады твораў Гамсуна ўжо гатовыя, рэдактуру і карэктуру яны прайшлі, макет падрыхтаваны. Цяпер патрэбныя грошы на дызайн вокладкі, на друк, на выраб электроннай вэрсіі кнігі ад Kniharnia.by. Для зьяўленьня першай кнігі сэрыі трэба сабраць 3900 рублёў. Грошы будуць зьбіраць празь краўдфандынг на плятформе talaka.by.

Кнігу «Голад» плянуецца выдаць у лютым-сакавіку 2017 году ў выдавецтве «Янушкевіч» у мяккай вокладцы на 380 старонках накладам 500 асобнікаў. Грошы ад продажу «Голаду» Кнута Гамсуна і ўсё, што будзе сабрана звыш патрэбнай сумы, пойдуць на падрыхтоўку наступных выданьняў сэрыі.

У сэрыі Noblesse Oblige плянуецца таксама выданьне кніг такіх аўтараў, як Габрыэль Гарсія Маркес (Калюмбія), Томас Ман (Нямеччына), Франц Сіланпяя (Фінляндыя), Архан Памук (Турцыя), Рэдзьярд Кіплінг (Вялікабрытанія), Генрык Сянкевіч (Польшча) ды інш.

Праектам займаецца дабрачынны фонд «Вяртаньне» (сузаснавальнік шэрагу літаратурных прэміяў), выдавецтва «Янушкевіч» і партал беларускіх электронных кніг Kniharnia.by.

«Для мяне гэтая сэрыя бачылася найперш як асьветніцкі праект — знайсьці магчымасьці для выхаду кніжак, на выданьне якіх яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў аўтарскія правы трэба будзе выкупаць. Але ня толькі на такія — і на тых аўтараў, хто даўно памёр. Каб у беларусаў была магчымасьць выбіраць, каго з набэлістаў прачытаць па-беларуску. Нехта ж і ня возьмецца чытаць Гамсуна, напрыклад, па-расейску. А калі ўбачыць пераклад на беларускую, зацікавіцца», — кажа аўтар ідэі, каардынатар кніжнай сэрыі Сяргей Макарэвіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG