Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі пачаўся першы тур праймэрыз правых і цэнтрыстаў


былы прэзыдэнт Нікаля Сарказі
былы прэзыдэнт Нікаля Сарказі

У Францыі праходзіць першы тур праймэрыз правацэнтрысцкай партыі «Рэспубліканцы». Да вечара нядзелі вызначацца два прэтэндэнты, якія пройдуць у другі тур, каб пазмагацца за права стаць кандыдатам ад партыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2017 году.

У першым туры ўдзельнічаюць сем прэтэндэнтаў. Фаварытамі праймэрыз называюць былога прэзыдэнта Францыі Нікаля Сарказі і былых міністраў Франсуа Фіёна і Алена Жупэ.

Нікаля Сарказі — прыхільнік нацыянальнай ідэнтычнасьці, крытык ісламу і іміграцыі. Ён выступаў за зьняцьце санкцый з Расеі і заклікаў прызнаць так званы рэфэрэндум у Крыме, які папярэднічаў анэксіі паўвострава.

Былы прэмʼер-міністар Ален Жупэ абяцае больш працаваць над інтэграцыяй мусульманскай абшчыны ў францускае грамадзтва. У пытаньнях зьнешняй палітыкі Жупэ надасьць увагу ролі Францыі ў сусьветнай глябалізацыі. Жупэ заклікае да поўнага выкананьня Менскіх пагадненьняў і лічыць анэксію Крыма незаконнай.

Іншы былы прэмʼер-міністар — Франсуа Фіён прадстаўляе кансэрватыўную францускую правінцыю і выступае супраць аднаполых шлюбаў. Ён неаднаразова крытыкаваў палітыку Злучаных Штатаў.

Упершыню прагаласаваць за кандыдата змогуць грамадзяне краіны, а ня толькі члены партыі. Для гэтага неабходна заплаціць 2 эўра і падпісаць палітычную хартыю. У нядзелю ў Францыі будуць адкрыты звыш 10 тысяч участкаў. Французы, якія жывуць за мяжой, змогуць прагаласаваць праз інтэрнэт. Другі тур праймэрыз пройдзе праз тыдзень, 27 лістапада.

З улікам непапулярнасьці кіруючай Сацыялістычнай партыі і дзеючага прэзыдэнта Франсуа Алянда кандыдат ад «рэспубліканцаў» стане буйной фігурай у прэзыдэнцкай гонцы. Чакаецца, што правацэнтрыстам будзе супрацьстаяць лідэр ультраправай партыі «Нацыянальны Фронт» Марын Ле Пэн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG