Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашкевіча выклікалі ў суд празь Леніна


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

16 лістапада Партызанскі суд Менску разгледзіць адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя на сустаршыню «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча падчас адкрыцьця помніка Леніну ля Менскага трактарнага заводу. Яго вінавацяць у парушэньні парадку правядзеньня масавых акцыяў і непадпарадкаваньні законным патрабаваньням міліцыі.

Актывіст мяркуе, што яшчэ адзін пратакол, згодна зь якім ён нібыта зьбіваў амапаўцаў, накіраваны на дапрацоўку. У фэйсбуку Зьміцер Дашкевіч напісаў, што ўпершыню за апошнія дзесяць гадоў добраахвотна пойдзе на суд, каб «зрабіць знакамітымі пару аматараў смактаць дубінкі».

«На гэтыя суды вырашыў ісьці, каб сустрэцца з гэтымі вычварэнцамі, задаць ім пытаньні ў судзе, дзеля чаго, па чыёй камандзе ці па сваёй волі яны чыняць гвалт над людзьмі. Каб іх таксама крыху папіярыць. Бо чым больш людзей будзе ведаць пра гэты выпадак, убачыць іх на фатаздымках, тым менш у гэтых неадэкватных супрацоўнікаў будзе ахвоты паўтараць такія рэчы зь іншымі. Бо мы ж бачым, што яны зьдзекуюцца ня толькі з палітычных актывістаў, але і са звычайных людзей», — сказаў Зьміцер Дашкевіч карэспандэнту Свабоды.

Зьміцер Дашкевіч пасьля затрыманьня амапаўцамі
Зьміцер Дашкевіч пасьля затрыманьня амапаўцамі

Раней Зьміцер Дашкевіч зьняў у мэдычнай установе пабоі, якія атрымаў 7 лістапада падчас затрыманьня на адкрыцьці помніка Леніну. Актывіст кажа, што ўсе траўмы атрымаў ад амапаўцаў у аўтобусе. Калі адбудзецца суд паводле ягонай заявы на амапаўцаў, Зьміцер Дашкевіч ня ведае.

«Я ня думаю, што гэта будзе вельмі хутка, там будуць апытваць сьведак, і гэта зойме пэўны час. Я ведаю, што людзей ужо апытваюць».

7 лістапада ў сквэры каля МТЗ быў урачыста адкрыты помнік Леніну, які раней стаяў на тэрыторыі заводу і быў адрамантаваны. Падчас цырымоніі, у якой бралі ўдзел некалькі соцень чалавек, Зьміцер Дашкевіч і яшчэ тры актывісты «Маладога фронту» разгарнулі самаробныя плякаты з цытатамі Леніна пра неабходнасьць рэпрэсіяў.

Кампартыя Беларусі пракамэнтавала гэты эпізод, маўляў, «за эвакуацыяй Дашкевіча кіраўніцтва Кампартыі Беларусі назірала з заўважнай доляй сарказму». Камэнтуючы гэта, Зьміцер Дашкевіч адзначыў:

«Гэта была сплянаваная правакацыя сілавых структураў і камуністычных актывістаў, бо першыя некалькі хвілінаў амапаўцы проста стаялі і назіралі. Яны чакалі, пакуль кінуцца гэтыя камуністы, на якіх мы ніяк не рэагавалі. У пастарунку амапаўцы заявілі, што яны ратавалі мяне ад актывістаў-камуністаў. Я перакананы, што гэта была сплянаваная правакацыя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG