Прадстаўнікі Нямеччыны кажуць пра недахоп кваліфікаваных кадраў у Беларусі ў сфэры гуманітарных навук, мэнэджмэнту і кіраваньня. Гэтая тэма будзе абмяркоўвацца падчас 9-га Дня нямецкай эканомікі ў Беларусі, які пройдзе 16 лістапада ў Менску пры падтрымцы амбасады Нямеччыны.
Паводле старшыні Нямецка-беларускага эканамічнага клюбу Гаўсэпа Васканьяна, Дзень нямецкай эканомікі сёлета прысьвечаны прафэсійным кадрам у Беларусі:
«Прафэсійныя кадры ёсьць канкурэнтнай перавагай Беларусі параўнальна зь іншымі краінамі, якія разьвіваюцца, у рэгіёне і па ўсім сьвеце, адной з ключавых перавагаў у барацьбе за замежныя інвэстыцыі. Пры гэтым мы гаворым і пра падрыхтоўку кадраў і традыцыі прамысловай вытворчасьці ў краіне і пра пэўную этыку працы. Але як кажа нямецкая прыказка, дʼябал хаваецца ў дэталях. Варта паглядзець на праблемы прафэсіных кадраў у краіне больш дэтальна. Мы павінны глядзець, наколькі стабільная гэта перавага ў Беларусі на фоне зьяўленьня новых тэхналёгій, новых галін бізнэсу. Сёньня веды ў пэўных галінах могуць стаць неактуальнымі ўсяго за некалькі гадоў, і спатрэбіцца перакваліфікацыя пэрсаналу і абнаўленьне праграмаў адукацыі. Па другое, мы павінны адрозьніваць розныя сфэры. У сфэры прыродазнаўчых навук усё часьцей пацьвярджаецца нямецкім бокам высокі ўзровень падрыхтоўкі і здольнасьці кадраў Беларусі. Калі ж гаворыцца пра гуманітарныя навукі, пра мэнэджмэнт і кіроўныя кадры, то многія сябры нашага клюбу наракаюць на недахоп кваліфікаваных кадраў у гэтай сфэры», — сказаў журналістам Гаўсэп Васканьян.
Падчас Дня нямецкай эканомікі плянуецца абмеркаваць далейшыя шляхі трансфармацыі эканомікі Беларусі, сярод іншага, з улікам такога важнага фактару, як падбор пэрсаналу, сказаў кіраўнік Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Беларусі Ўладзімер Аўгусьцінскі:
«Мы знаходзімся ва ўмовах вельмі сурʼёзных выклікаў — глябальных, рэгіянальных. Апошнія два гады Беларусь, дасягнуўшы пэўнай макраэканамічнай стабілізацыі, усё ж знаходзіцца ў стадыі рэцэсіі. У сілу шэрагу фактараў Беларусь можа быць пасьпяховай толькі тады, калі эканоміка Беларусі пасьпяховая на зьнешніх рынках. Доля беларускага экспарту адносна ўнутранага валавага прадукту цягам апошніх гадоў знаходзіцца на ўзроўні больш за 60-70%. І ва ўмовах недастатковай дыфэрсыфікацыі рынкаў, калі 85% беларускага экспарту мае прывязанасьць да дзесяці краін, пераважна да Расеі, недастатковая таварная дывэрсыфікацыя, неабходнасьць павелічэньня долі інавацыйнвай прадукцыі, — усё гэта ставіць перад эканомікай Беларусі пэўныя выклікі».
Чаму Дзень нямецкай эканомікі прысьвечаны менавіта кадрам, ці азначае гэта, што ўзровень эканамічнай свабоды ў Беларусі ўжо не хвалюе нямецкі бок? На гэтае пытаньне карэспандэнта Свабоды Гаўсэп Васканьян адказаў так:
«Нельга сказаць, што гэтыя пытаньні не актуальныя для нямецкага бізнэсу. Па традыцыі, мы штогод больш дэтальна разглядаем адну з ключавых тэмаў, актуальных для нямецкага бізнэсу і беларуска-нямецкага супрацоўніцтва. У гэтым годзе мы надаём асаблівую ўвагу тэме пэрсаналу. Менавіта ў сувязі з тым, што ўсё часьцей і усё больш настойліва гаворыцца пра тое, што рухавіком у сфэры эканомікі ў краіне павінна стаць разьвіцьцё прыватнага прадпрымальніцтва, сярэдняга і малога бізнэсу. Акурат у гэтай сфэры ключавым фактарам ёсьць наяўнасьць кадраў і наяўнасьць кіроўных кадраў. У гэтай сфэры мы бачым даволі вялікі патэнцыял для паляпшэньня ў краіне і даволі вялікі патэнцыял для паляпшэчньня з прымяненьнем пэўнага нямецкага вопыту».
Адказваючы на пытаньне пра тое, як адбілася на беларуска-нямецкім эканамічным супрацоўніцтве прыпыненьне санкцый, Васканьян адзначыў:
«Эўрапейскія санкцыі ніколі не зьяўляліся эканамічнымі. Яны былі палітычнымі. Яны па літары закону ня стрымлівалі эканамічнае супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і эўрапейскімі краінамі. Тут, хутчэй, быў пэўны фактар іміджу, які ўплываў і, магчыма, стрымліваў інвэстыцыі заходніх кампаній у Беларусь. Адмена санкцый — безумоўна, станоўчае разьвіцьцё, якому мы вельмі рады і якое мы вельмі падтрымліваем. Але, зноў жа, трэба разумець, што санкцыі былі ў сіле цягам некалькіх гадоў, адмена адбылася прыклада год таму, — таму ня ўсе эўрапейскія кампаніі перабудаваліся. На гэта спатрэбіцца пэўны час і, канечне, дапамога з боку беларускай эканомікі, эканамічныя форумы. Такія мерапрыемствы яшчэ спатрэбяцца, каб памяняць погляд на сытуацыю ў Беларусі. Другі элемэнт, які стрымліве інвэстыцыі ў краіну — гэта агульная эканамічная сытуацыя. Ня толькі ў Беларусі. Уключаючы расейска-украінскі канфлікт, які ўплывае на інвэстыцыйны клімат ва ўсім рэгіёне Ўсходняй Эўропы. Гэта і сытуацыя ў Заходняй Эўропе, дзе многія кампаніі пакуль што адклалі інвэстыцыі за мяжу праз пэўныя эканамічныя фактары ў сваіх краінах».
Пасьля доўгага перапынку нямецкі бок плянуе склікаць чарговы «Менскі форум», дзе сярод іншага будзе абмяркоўвацца шырокае кола макраэканамічных праблем, пытаньні рамачных умоў для бізнэсу ў Беларусі і прагнозы эканамічнага разьвіцьця.