Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рок ігралі яшчэ ў ВКЛ», — гурт «Тутэйшая шляхта» зьбірае на новы альбом


«Тутэйшая шляхта»
«Тутэйшая шляхта»

На краўдфандынгавай пляцоўцы Talaka.by распачаўся збор сродкаў на выданьне новага альбому гурту «Тутэйшая шляхта».

Кружэлку абяцаюць выдаць у стылі фольк-року — музыкі граюць сярэднявечную шляхецкую беларускую музыку ў сучаснай апрацоўцы.

Заснавальнік і мастацкі кіраўнік гурту «Тутэйшая шляхта» Лявон Махнач лічыць, што місія калектыву — праз музыку расказаць беларусам пра іх старадаўнюю культуру, якая ў Сярэднявеччы стваралася шляхтай.

Лявон Махнач: «Цяпер мы працуем над новым альбомам „Сармацкі рок“, які будзе выкананы ў адпаведным стылі. Але рокавае гучаньне тут — толькі абрамленьне. А дыямент, які яно абрамляе, — гэта народная песьня, музыка, створаная нашымі продкамі. Шмат што з гэтага скарбу страчана празь бясконцыя войны на тэрыторыі Беларусі, але вялікая частка яшчэ чакае свайго часу. Мы лічым, што беларускаму народу трэба вярнуць ягоную песьню. Беларуская шляхта, якая ў лепшыя часы складала каля 13 % насельніцтва, стварыла шмат культурных каштоўнасьцяў, якія амаль не вядомыя нашым сучасьнікам. Іншымі словамі, вельмі многія нічога ня ведаюць ні пра шляхту, ні пра створаную ёй культуру. Чаму мы лічым, што культура зьвязаная са шляхтай? Таму што раней асяродкамі культуры былі маёнткі, фальваркі, замкі — там і стваралася высокая культура нашых продкаў. Мы лічым, што павінны адукоўваць беларусаў. Нашаму гурту амаль 25 гадоў, але ўсё роўна мы часта сустракаемся з думкай, што шляхта — гэта нешта польскае. Гэта таму, што народ ня ведае сваёй гісторыі. Ня ведае, што беларуская шляхта заўсёды аспрэчвала сваю прыналежнасьць да Польшчы, называла сябе ліцьвінамі».

Лявон Махнач расказаў, што шляхетную песьню можна сустрэць і ў народных сьпевах — шляхціцы бяднелі, але працягвалі перадаваць песьні ад пакаленьня да пакаленьня. Увогуле, шляхецкую песьню адрозьнівае многагалосьсе — яе сьпяваюць дыялёгам, гучаць мужчынскі і жаночы галасы.

«Новы альбом запісваем у стылі фольк-року. Я перакананы, што рок быў і ў часы ВКЛ, у ХVI—ХVII стагодзьдзях. У маёнтках гучалі рытмы, якія мы цяпер лічым рокавымі, толькі выкарыстоўваліся іншыя інструмэнты — лютні, барабаны. Таму нельга сказаць, што мы ствараем нешта зусім новае. Адзінае, што няма грошай на лютні, таму даводзіцца граць на гітарах і іншых сучасных інструмэнтах. Атрымліваецца, што сучаснымі сродкамі мы даносім тую самую музыку, якую гралі шляхціцы ў ВКЛ».

Для таго, каб фольк-рок-альбом «Сармацкі рок» пабачыў сьвет, не хапае 2500 рублёў. Гэта пры тым, што 70 % працы над праектам ужо зроблена.

«Калі справа тычыцца культуры, дык грошай заўсёды мала. Шмат што робім на ўласныя сродкі, якіх няшмат. Але я перакананы, што альбом акупіцца пасьля таго, як мы яго выдадзім і будзем распаўсюджваць».

«Тутэйшая шляхта» — фальклёрны ансамбаль, створаны ў 1992 годзе пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Складаецца з энтузіястаў, улюбёных у нацыянальную гісторыю і культуру. Удзельнікі калектыву характарызуюць сваю творчасьць як спалучэньне музычнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, народных беларускіх песень і аўтарскіх песень на словы ліцьвінскіх і беларускіх клясыкаў у фольк- і фольк-рок-апрацоўцы.

У 2000 годзе ансамблю «Тутэйшая шляхта» прысвоена ганаровае званьне «народны», а ў 2013 годзе гурт стаў ляўрэатам фэстывалю народнай творчасьці «Сузор’е», атрымаўшы званьне найлепшага народнага самадзейнага ансамблю Менску. Чатыры песьні гурту ўключаныя ў фанатэку Беларускага дзяржаўнага радыё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG