Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Вішнеўскі: Улады зусім не разумеюць такой традыцыі, як Дзяды


Уладзімер Вішнеўскі
Уладзімер Вішнеўскі

Аздобленыя ім кнігі неаднойчы адзначаліся прызамі на кніжных конкурсах. Чаму ж сёньня ў Беларусі ілюстраваньнем кніг займаюцца аматары, а кнігарні літаральна заваленыя сумнеўнай з гледзішча мастацкага густу прадукцыяй? Госьцем перадачы — мастак Уладзімер Вішнеўскі.

— Уладзімер, калі б я ставіў на сцэне містэрыю пад умоўнай назвай «Дзяды», то ў якасьці дэкарацыяў абавязкова выкарыстаў бы вашы творы. Бо, як на маё адчуваньне, вы мастак, які злучае два сьветы. А каб адчуць і ўбачыць тагасьветныя вобразы, мастаку што трэба?

— Практычна нічога ня трэба, толькі ўяўленьне. А яно проста так не прыходзіць, патрэбная адмысловая падрыхтоўка. Сучасны чалавек звык карыстацца бачнай карцінкай, а мы, мастакі, пранікаем далёка ў куточкі нашай душы, нашай падсьвядомасьці. У маім дзяцінстве на Случчыне Дзяды яшчэ адзначаліся. Мы зьбіраліся ўсёй сям’ёй вечарам, маліліся, мама ставіла сьвечачку на вакно. Налівалі чарачку, дзядоў запрашалі. Мне гэта ўсё памятаецца. Але недзе ў канцы 60-х усе народныя абрады, у тым ліку і Дзяды, пачалі зьнікаць. Відаць, таму што пачалі разьяжджацца людзі. Моладзь з нашай вёскі, напрыклад, была дарэшты «высмактаная» Салігорскам, дзе пабудавалі калійны завод-гігант. Усе паехалі туды на заробкі, сем’і сталі рэдка зьбірацца, і традыцыя заняпала.

— Для многіх беларусаў Дзяды пачаліся з 1988 году, калі мітынг-рэквіем каля Ўсходніх могілак, а пасьля і ў Курапатах, быў брутальна разагнаны міліцыяй. З таго часу Дзяды ў нас ладзяцца (і ўспрымаюцца грамадзтвам) як палітычная акцыя. Гэта нармальна?

Што сёньня творыцца ў Курапатах? Там гарэлку п’юць, сабак выгульваюць. Калі б у нармальнай краіне праз такое месца будавалі дарогу, то ці па версе праз мост пусьцілі б, ці ўбок скіравалі, але ня рэзалі б па-жывому магілы.

— Я быў на тых Дзядах 1988 году і ўсё добра памятаю. Са мной было фота рэпрэсаванага дзеда ў зашклёнай рамачцы. Помню, як Зянон Пазьняк сказаў не ісьці ў Курапаты, бо там засада. І мы селі ў полі на пагорку, які нагадваў шалом. Тады многія людзі ўпершыню пабачылі наш бел-чырвона-белы сьцяг. А калі на нас клінам пайшлі міліцыянты, я ледзь утрымаўся на нагах, прыціскаючы да грудзей той фатаздымак. Потым мы жахнуліся, калі ўбачылі 16 велізарных закратаваных машынаў з вадамётамі... Тады многія нібы абудзіліся, улады міжволі інсьпіравалі тое абуджэньне, зрабілі ўсё, каб людзі зацікавіліся сваёй гісторыяй. Што тычыцца палітызацыі Дзядоў, то сёньняшнія ўлады зусім не разумеюць такой традыцыі. Атрымліваецца, што ўлада чужая свайму народу, адсюль і палітызацыя. А што сёньня творыцца ў Курапатах? Там гарэлку п’юць, сабак выгульваюць. Калі б у нармальнай краіне праз такое месца будавалі дарогу, то ці па версе праз мост пусьцілі б, ці ўбок скіравалі, але ня рэзалі б па-жывому магілы.

Уладзімер Вішнеўскі. Дзяды. 1996 год
Уладзімер Вішнеўскі. Дзяды. 1996 год

— Апошнім часам у Беларусі, асабліва ў моладзевым асяродку, усё большую папулярнасьць набывае хэлаўін. А як вы да яго ставіцеся?

Нам трэба больш зьвярнуць увагу на свае традыцыі — пачытаць тыя ж «Дзяды» Адама Міцкевіча, больш даносіць свае абрады да маладых.

— Хэлаўін многімі ўспрымаецца як амэрыканская традыцыя. Насамрэч ён прыйшоў з Эўропы. Мне ён не падабаецца, бо ўяўляе зь сябе нейкую чартаўшчыну замест памінаньня продкаў. Нам трэба больш зьвярнуць увагу на свае традыцыі — пачытаць тыя ж «Дзяды» Адама Міцкевіча, больш даносіць свае абрады да маладых. Моладзь жа падкая на ўсё замежнае, а яно лёгка разносіцца празь інтэрнэт. Згадайма, хэлаўін той захапіў Эўропу толькі ў апошнія гадоў пятнаццаць. Раней кожны народ стараўся трымацца сваіх традыцый. У нашых суседзяў, палякаў, Дзяды, ж таксама адзначаюцца. Я неяк быў у пачатку лістапада ў Варшаве. Як там прыгожа на Дзяды на могілках! Ідзеш позна вечарам — зьнічы гараць на кожнай магілцы. А калі паглядзець з вышыні птушынага палёту, адчуваецца сувязь з космасам — зоркі ў небе і зоркі на зямлі. Гэта штосьці незвычайнае.

— Вы адзін з найлепшых беларускіх графікаў, хто працуе ў жанры кніжнай ілюстрацыі. Дастаткова згадаць шэдэўральную «Палату кнігапісную» Міколы Нікалаева, адзначаную на конкурсе «Мастацтва кнігі». Чаму сёньня ў кнігарнях столькі халтуры?

— Дзякую за добрыя словы ў мой адрас. Праблема тут відавочная. З аднаго боку, страчвае ранейшыя пазыцыі сама кніга. Гадоў 20-30 таму кніг выходзіла значна больш, і ўвага да іх на стадыі падрыхтоўкі была больш сур’ёзная. На жаль, у сёньняшняй Беларусі няма адпаведнай дзяржаўнай палітыкі ў сфэры нацыянальнай літаратуры. Сёньня ілюстраваньнем кніг займаюцца непрафэсіяналы, далёкія ад нацыянальнай культуры, у нейкай ступені нават амаральныя. Калі галава амаральная, то і астатнія часткі цела паводзяць сябе адпаведна... З другога боку, праца мастака сёньня не аплачваецца, таму выдавецтвы і не зьвяртаюцца да прафэсіяналаў. А ў нас жа выдатныя мастакі, гэта ўсе прызнаюць. Вось я нядаўна рабіў выставу ва Ўроцлаве. Уроцлаўская акадэмія і наша Акадэмія мастацтваў маюць даўнія кантакты, мы сябруем. Дык вось, палякі на нас арыентуюцца і лічаць, што беларуская школа графікі адна з найлепшых у сьвеце. Школа гэтая, нягледзячы ні на што, захавалася, толькі тыя, хто вызначае культурную палітыку ў нашай краіне, нас не жадае бачаць.

Уладзімер Вішнеўскі. Прысьвячэньне Уладзімеру Караткевічу. 1995 год
Уладзімер Вішнеўскі. Прысьвячэньне Уладзімеру Караткевічу. 1995 год

— Калі да вас у апошні час зьвярталіся дзяржаўныя выдавецтвы, прапануючы праілюстраваць кнігу?

— Вельмі даўно. Часьцей зьвяртаюцца сябры-пісьменьнікі, калі ёсьць патрэба, і я дапамагаю. Скажам, мы даўно сябруем з Уладзімерам Някляевым, мы зрабілі некалькі кніг разам, і сёлета я аздобіў яму кнігу «Толькі вершы». Някляева я вельмі люблю і лічу адным з найлепшых сучасных пісьменьнікаў. Яго паэму «Палянэз» я некалькі разоў перачытаў. Там праз каханьне беларуса і полькі, празь іх адносіны паказваецца калясальны ўнутраны сьвет герояў, сувязь старадаўняй гісторыі з сёньняшняй.

— Герой «Палянэзу» разважае пра беларусаў: «Адкуль зьявіліся — з балот? З чаго зьляпіліся — з туманаў?». Маўляў, уся праблема ў тым, што мы адмовіліся ад саманазовы «Літва», прыняўшы накінутую Масквой «Беларусь». Але ж гэта ня так, назову «Беларусь» як мінімум гадоў сямсот. Усе гэтыя дыскусіі (я не пра паэму Някляева) нагадваюць мне расплятаньне сатканай ужо тканіны — надзвычай непрадуктыўная праца.

Я заўважыў — становяцца на скрайнія пазыцыі людзі, якія добра ня ведаюць гісторыі.

— Сапраўды тут была Літва, а мы былі літвінамі. Але зь Беларусьсю людзі ўжо зжыліся, і гэтага так проста не адкінеш. А калі яшчэ падмешваецца палітыка... Я заўважыў — становяцца на скрайнія пазыцыі людзі, якія добра ня ведаюць гісторыі. І тады нас нічога добрага не чакае, нават у сям’і можа пачацца раскол.

— Вернемся, аднак, да мастацтва кнігі. Шмат супрацоўнічаў з кніжнымі выдавецтвамі Барыс Забораў — ён цяпер у Парыжы. Быў у нас таленавіты шаржыст, суаўтар Рыгора Барадуліна Канстанцін Куксо — ён цяпер у Маскве. А вас Парыж ці Масква зусім ня вабяць?

— Быў я ў Парыжы некалькі разоў. Добра пабыць у розных краях, але жыць трэба дома. Для мяне вельмі важныя мае карані — яны даюць мне ўсё, сілкуюць усю маю творчасьць. Я найлепш пачуваюся на роднай зямлі, пад родным небам. Мне хацелася б паглядзець Індыю і Кітай, дзе яшчэ не давялося пабываць, але жыць на чужыне я не змагу. Забораў хоць тут і нарадзіўся, але ён шукаў сваю зямлю абяцаную. І, відаць, знайшоў — у Парыжы. Дарэчы, першым гаспадаром маёй майстэрні быў якраз Забораў. Я ў Беларусі ўкараніўся, завёў сям’ю, мне дастаткова таго, што маю. Хоць і заробкі невялікія, але я жыву іншым.

— На Дзяды да нас прыходзяць тыя, каго даўно няма на гэтым сьвеце. З кім з выдатных беларусаў вы хацелі б спаткацца?

— Хіба зь Язэпам Драздовічам, які палову Беларусі схадзіў і ў космасе пабываў. Ён уяўляў сябе чалавекам космасу, але цьвёрда стаяў нагамі на роднай зямлі. Хутка амэрыканцы паляцяць на Марс, пакажуць нам марсіянскія краявіды. Можа, яны будуць падобнымі да тых, якія маляваў Драздовіч. Зь ім мне было б цікава. Можа, што і зрабілі б разам, карціну якую намалявалі б. А яшчэ хацелася б спаткацца з рэпрэсаваным дзедам Зьміцерам Амяльковічам, якога я ніколі ня бачыў. Яго забралі, калі маме было ўсяго сем гадоў, і недзе ў слуцкіх Курапатах забілі. А хлусілі ажно да 60-х, што ён недзе на поўначы, што зь ім нельга перапісвацца. Гэта зь ягоным партрэтам я на Дзяды ў 1988 годзе хадзіў.

Уладзімер Вішнеўскі. Апостал Васіль. 2005 год
Уладзімер Вішнеўскі. Апостал Васіль. 2005 год

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG