Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка падаў электронную дэклярацыю: ён мае права ўласнасьці ў больш чым 100 кампаніях


Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падаў сваю электронную дэклярацыю. Ён задэкляраваў дом плошчай 1331 квадратны мэтар у пасёлку Козіна пад Кіевам. Кошт гэтага дома на дату набыцьця — 30 млн грыўняў. Таксама ў Козіне Парашэнка задэкляраваў яшчэ 3 зямельныя ўчасткі, адзін зь якіх ён арандуе. У Кіеве прэзыдэнт задэкляраваў 3 зямельныя ўчасткі, 2 кватэры плошчай 134 і 82 квадратныя мэтры.

У дэклярацыі пазначаны 2 гадзіньнікі Breguet, гадзіньнік Patek Phillip, 2 гадзіньнікі Hublot. Жонка Парашэнкі мае гадзіньнікі Hublot, Cartier і ювэлірныя вырабы фірмаў Damiani, Carrera y Carrera, Dior, а таксама футры. У Марыны Парашэнкі таксама ёсьць сумачкі Fendi, Dior, Chanel.

Парашэнка задэкляраваў больш як 26 млн даляраў (сродкі на банкаўскім рахунку).

«Уся каштоўная рухомая і нерухомая маёмасьць набытая да прэзыдэнцтва»

«Я прынцыпова захоўваю сродкі ў банках — 27 млн даляраў, з кожнага цэнта якіх выплачаныя падаткі ў бюджэт Украіны. Усё гэта адлюстравана ў маёй дэклярацыі за 2015 год. Хоць і ёсьць некаторыя наяўныя сродкі — 800 тысяч грыўняў і 60 тысяч даляраў. Лічу, што палітыкі павінны дэманстраваць прыклад і давяраць банкаўскай сыстэме», — напісаў Парашэнка ў «Фэйсбуку».

«Што тычыцца маёй дэклярацыі, адразу хачу заўважыць, што ўся каштоўная рухомая і нерухомая маёмасьць — жыльлё, зямельныя ўчасткі, аўтамабілі, карціны, жаночыя ўпрыгажэньні — была набытая (не ў арэндзе) да прэзыдэнцтва. Больш за тое, у асноўным маёмасьць была набытая ў той час, калі я ня быў на дзяржаўнай службе», — адзначыў ён.

Таксама Парашэнка задэкляраваў права ўласнасьці ў больш чым 100 кампаніях ва Ўкраіне, Расеі, Польшчы, Іспаніі, на Кіпры, Брытанскіх Віргінскіх астравах і ў Нідэрляндах, заробак у суме 121 054 грыўняў і інвэстыцыйныя даходы ў суме 59 298 642 грыўняў.

«Што тычыцца кампаній, усе яны створаныя ў той час, калі я займаўся бізнэсам. У 2014-м была створаная толькі адна новая кампанія, якой я валодаю наўпрост — для продажу Roshen», — дадаў прэзыдэнт.

Таксама ён адзначыў, што «на дабрачыннасьць і падтрымку войска ў 2014-2016 гадах мной і прадпрыемствамі, дзе я выступаю канчатковым бэнэфіцыярам, пералічана каля 400 млн грыўняў».

Задэкляраваны таксама творы мастацтва — у прыватнасьці, скульптуры і карціны старых майстроў, сучасных мастакоў-імпрэсіяністаў і сюррэалістаў.

Тэрмін падачы электронных дэклярацый мінуў апоўначы 30 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG