Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 30 кастрычніка: Шэсьце ў Курапаты на Дзяды, акцыя памяці паўстанцаў Каліноўскага, 80-годзьдзе Генадзя Цыхуна


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ праводзіць шэсьце з нагоды дня памяці продкаў «Дзяды». Арганізатары атрымалі дазвол на акцыю ад Менгарвыканкаму, узгоднены з Менаблвыканкамам. Месца збору — Пляцоўка каля гадзіньнікавага заводу «Прамень». Час збору — 11:00

Сьвіслач, Горадзенская вобласьць. Акцыя памяці ўдзельнікаў паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Ад’езд зь Менску а 6:00 ад галоўнага ўваходу ў Батанічны сад

Менск. Канцэрт гурту IOWA. Адзін з самых пасьпяховых музычных калектываў СНД прадставіць новую праграму.
Месца правядзеньня — Палац Рэспублікі (пл. Кастрычніцкая, 1). Пачатак а 19:00

Менск. Канцэрт ансамблю старадаўняй музыкі «Кантабіле»
Месца правядзеньня — Беларуская дзяржаўная філярмонія (пр. Незалежнасьці, 50). Пачатак а 19:00

Магілёў, па 30 кастрычніка. Фэстываль аматарскага тэатральнага мастацтва «Сьвятло рампы».

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1579 — Адкрыты Віленскі ўнівэрсытэт.

1919 — У газэце «Беларусь» апублікаваны верш Краўцова Макара «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які, пакладзены на музыку, стаў гімнам БНР, пачаткова пад назваю «Ваяцкі марш».

1921 — Афіцыйна адкрыўся Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. На той час ён меў два факультэты — мэдычны і грамадзкіх навук.

1988 — У Менску разагнаныя «Дзяды». У полі ля Курапатаў былі зачытаныя ўстаноўчыя дакумэнты «Мартыралёгу Беларусі» і Аргкамітэту БНФ.

У гэты дзень нарадзіліся:

1728 — Марцін Пачобут-Адляніцкі, беларускі астраном

1871 — Поль Валеры, францускі пісьменьнік

1885 — Эзра Паўнд, амэрыканскі паэт

1936 — Генадзь Цыхун, беларускі мовазнавец

У гэты дзень памерлі:

1936 — Фэрдынанд Рушчыц, беларуска-польскі мастак.

1937 — Тодар Кляшторны, беларускі паэт. Расстраляны НКВД

1937 — Янка Нёманскі, беларускі пісьменьнік. Расстраляны НКВД

1937 — Юлі Таўбін, беларускі паэт. Расстраляны НКВД

1937 — Аляксандар Крыніцкі, савецкі партыйны і дзяржаўны дзяяч, першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі. Расстраляны НКВД

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Ўпрадае дым у залатую гладзь,
Па-над прасторамі бярозавая просінь,
Ружовы дзень спусьціўся падрамаць
За верхавінамі смалістых сосен.

Мядовы водар кружыць галаву...
У цішыні задумаліся далі.
Рамашкі белыя асьнежылі траву
І ў туманах салодка задрамалі.

О родны край, — саломеныя хаты...
Люблю прастораў казачную муць.
Іду адзін,
А тысячы крылатых
Мне пра любоў адвечную пяюць.

Тодар Кляшторны

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG