Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька-гвалтаўнік з Добрушу — былы міліцыянт і прызёр конкурсу «Сям’я году»


Добрускі раённы суд, ілюстрацыйнае фота

Добрускі раённы суд прызнаў мужа выхавальніцы дзіцячага дому вінаватым у згвалтаваньні дзьвюх заведама малалетніх выхаванак і прызначыў яму 15 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі з узмоцненым рэжымам.

Пра вырак паведамляе прэс-служба Гомельскага абласнога суду, дадаючы, што прысуд яшчэ не набыў юрыдычнай моцы і можа быць абскарджаны альбо апратэставаны.

Гэта ўжо другі разгляд крымінальнай справы аб згвалтаваньні непаўналетніх дзяўчынак у доме сямейнага тыпу ў Добрушы. Папярэдняе разбор быў прыпынены судом на месяц праз адсутнасьць дастатковых доказаў. Сьледзтву быў дадзены месяц, каб прадставіць іх альбо зьняць абвінавачваньні з мужа выхавальніцы дзіцячага дому, які, дарэчы, раней сам зьяўляўся памочнікам выхавальніка.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Пацярпелыя ад гвалтоўных дзеяньняў 50-гадовага абвінавачванага — дзяўчынкі 2003 і 2010 гадоў нараджэньня.

Дом сямейнага тыпу ў Добрушы, у якім адбываўся гвалт над малалеткамі, здалі ў эксплюатацыю ў студзені 2013 году. У ім два паверхі, агульная плошча — дзьвесьце квадратных мэтраў. У кожнага з васьмі выхаванцаў меўся свой пакой, плюс агульная гасьцёўня, сталоўка, кухня.

Сям’я бацькоў-выхавальнікаў таксама не выклікала нейкіх пярэчаньняў у прадстаўнікоў органаў апекі і адукацыі. У іх двое ўласных біялягічных дзяцей, гаспадар раней працаваў у органах унутраных спраў, афіцэр міліцыі ў запасе.

Адкрывалі дом пампэзна, запрасіўшы афіцыйнае тэлебачаньне, кіраўніцтва раёну, намесьніка старшыні ў пытаньнях ідэалёгіі Гомельскага аблвыканкаму.

Да гэтага гаспадароў дому аддзел адукацыі Добрускага райвыканкаму прызнаў «пераможцамі раённага конкурсу на пасаду бацькоў-выхавальнікаў». А ў траўні 2014-га згаданыя муж і жонка сталі ўжо прызёрамі абласнога конкурсу «Сям’я году».

І пісалася пра іх гэтак: «У дружнай сям’і Ш. удзяляецца шмат увагі адукацыі дзяцей, навучаньні іх звычкам самаабслугоўваньня, фармаваньні здаровага ладу жыцьця».

Цяпер добрускія арганізатары навучаньня ды выхаваньня адмаўляюцца камэнтаваць, якім такім чынам «найлепшы сямейны дом» апынуўся ў шэрагу «найгоршых»? Чыноўнікі ад адукацыі спасылаюцца то на суд, які «ўсё высьвятляе», то на службовыя абавязкі, празь якія нібыта «нічога нельга казаць».

Адно высьветлілася: пасьля інцыдэнту аддзел адукацыі скасаваў дамову з добрускай выхавальніцай, чый муж судом прызнаны цяпер вінаватым у гвалце над малалетнімі дзяўчынкамі.

Добруская справа — ня першы выпадак на Гомельшчыне ў дамах сямейнага тыпу. Два гады таму Сьветлагорскі раённы суд на закрытым пасяджэньні вынес прысуд 44-гадоваму памочніку выхавальніка такога ж дому зь вёскі Казлоўка: той неаднаразова гвалціў сваіх прыёмных малалетніх дзяўчатак.

Суд пакараў гвалтаўніка 15 гадамі пазбаўленьня волі з выплатай 50 мільёнаў кожнай пацярпелай. Перад гэтым на 9 гадоў зьняволеньня асуджаны 16-гадовы сын выхавальніка, які таксама гвалціў малалетак.

Тым часам у Беларусі афіцыйна заяўляюць пра кірунак на скарачэньне школаў-інтэрнатаў для дзяцей, якія з розных прычынаў засталіся без бацькоў. Замест інтэрнатаў дзяржава пашырае і падтрымлівае дамы сямейнага тыпу. Выяўленыя злачынствы ў такіх дамах могуць сьведчаць аб правалах органаў адукацыі ў падборы выхавальнікаў.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG