Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь пажырае сваіх герояў


Сяргей Дубавец

Чытаю апошняе слова Эдуарда Пальчыса і бачу дзіўныя паралелі.

Бачу канец 1930-х гадоў і наш 2016 год. Уся краіна пад кіраўніцтвам шчырага камуніста Сталіна («патрыёта і нацыяналіста» Лукашэнкі) будуе камунізм (Беларусь). Пры гэтым масава ідуць судовыя працэсы над шчырымі камуністамі (Пальчыс). Іх катуюць у турмах і судзяць за шпіянаж, контррэвалюцыйную дзейнасьць і антысавецкую прапаганду (распальваньне варожасьці і парнаграфію), а пры тым гэтыя няшчасныя заяўляюць пра адданасьць ідэалам камунізму (Беларусі), а сьледчых, пракурораў і суддзяў абвінавачваюць у здрадзе камунізму («Усіх, хто абвінавачвае мяне ў тым, што я люблю Беларусь — я лічу здраднікамі»). Урэшце шчырых камуністаў забіваюць, «Няхай жыве камуністычная партыя!» – крычыць пад расстрэлам Ян Барысавіч Гамарнік, а тыя, каму ўдалося выжыць, просяць аднавіць іх у партыі, бо бачаць у камунізме (Беларусі) сэнс свайго жыцьця.

Што адбываецца? Простай лёгіцы гэтага не зразумець. Чаму Беларусь пажырае сваіх герояў гэтаксама, як пажыраў сваіх камунізм? А чаму, дарэчы, камунізм пажыраў?

Рабства рабствам, але тут вось якая штука. Савецкі чалавек паводле сьвядомасьці сваёй – чалавек нясталы. Яму папросту не далі вырасьці. У яго ёсьць мэдычны дыягназ – затрымка ў разьвіцьці.

Мінімум адказнасьці, гуманнасьці і ўменьня самому будаваць сваё жыцьцё. Пры тым – падлеткавая жорсткасьць плюс наіўны ідэалізм. Такі чалавек ня надта прыдатны для нармальнага дарослага жыцьця. 20 гадоў накачкі «высокімі ідэаламі» ў 1917-1937 ці нікому незразумелай ідэалёгіяй у 1996-2016 і зьдзеку ў рэальным жыцьці. Народ-недаростак – у паўкроку ад таго, каб стаць цывілізаваным народам, дарослым, адказным за свае ўчынкі.

Цяпер – пра адрозьненьні. Пра тое, дзе мы разыходзімся. Сёньняшняя Расея прыняла ў спадчыну той сталінскі ідэалізм: У нас вялікая краіна. Чым вялікая? Тым, што «нас усе баяцца», а значыць, паважаюць. Як у двары ўсе дзеці баяцца дужэйшага падлетка.

Наша Беларусь – не вялікая краіна і мы «мірныя людзі». У нас – рэальная мэта, а ня ўтопія – нармальная эўрапейская краіна. І наша затрымка ў разьвіцьці тлумачыцца тым, што народ усё яшчэ савецкі, найперш дзякуючы сыстэме адукацыі і СМІ, і ўлада ў значнай ступені савецкая.

Думаю, сяк-так, але рухаемся мы ад сталінскай мадэлі пажыраньня герояў, а не да яе. Магчыма, я памыляюся. У кожным разе – куды мы рухаемся? – гэта пытаньне, на якое мусіць адказаць заўтрашні прысуд Эдуарду Пальчысу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Глядзець камэнтары (13)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG