Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«PARTYzan-фільм» Курэйчыка выйдзе 29 сьнежня. Першыя кадры


Постэры стужкі «PARTYzan-фільм»
Постэры стужкі «PARTYzan-фільм»

Беларускае творчае абʼяднаньне Bez Buslou Arts прадставіла ў Менску тызэр новага фільму рэжысэра Андрэя Курэйчыка і прадусара Дзьмітрыя Фрыгі, які мае папярэднюю назву «PARTYzan-фільм». Тызэр неўзабаве мае зьявіцца ў інтэрнэце.

Па словах Курэйчыка, «PARTYzan-фільм» стане першым за шмат месяцаў беларускім фільмам, які выйдзе ў шырокі пракат. Аўтары фільму падкрэсьліваюць, што ён прызначаны для беларускага рынку, зроблены сіламі беларусаў і пра беларусаў. Беларуская мова гучыць у стужцы толькі эпізадычна, але на героях можна нярэдка заўважыць патрыятычныя цішоткі.

Дзьмітры Фрыга (зьлева) і Андрэй Курэйчык
Дзьмітры Фрыга (зьлева) і Андрэй Курэйчык

Пра беларусаў і сіламі беларусаў рабіліся таксама папярэднія фільмы Bez Buslou — «Вышэй за неба» і «ГараШ». Але калі ранейшыя фільмы былі сурʼёзныя, новы фільм адносіцца да лягчэйшага жанру — камэдыі.

«PARTYzan-фільм» распавядае пра «беларускую мару» — зарабіць вельмі шмат грошай. Прыкінуўшыся кінапрадусарамі, двое хлопцаў бяруцца здымаць некалькі сцэнаў фільму пра вайну для маскоўскай кінагрупы. Але пляны разбураюцца, героям пачынае пагражаць ці турма, ці сутыкненьне з бандытамі. У кадрах, што паказалі на прэзэнтацыі, шмат алькаголю, даляраў, гумару і беларускай музыкі.

На сёньня зроблены чарнавы мантаж фільму — выйшла 2 гадзіны. Канчатковая вэрсія будзе карацейшая, каля 1 гадзіны 20 хвілін. Для пракатчыкаў аўтары гатовыя паказаць 15-хвілінную нарэзку эпізодаў зь фільму.

«Цяпер мы робім пост-прадакшн стужкі, мантуем, працуем з гукам, спэцэфэктамі, — кажа Свабодзе Андрэй Курэйчык. — Гэта сапраўды цяжкая праца, бо такога маштабу стужку мы не рабілі. У „Гаражы“ было 4 здымачныя дні, тут іх 18. Шмат артыстаў, шмат лякацыяў, кампутарная графіка... Але працэс ідзе».

Рэжысэр разважае, што хоць беларускі глядач «неверагодна атручаны» расейскім і амэрыканскім кінэматографам, у ім жыве прага беларускага кіно. Таму нават настолькі няпросты і ня ўсім зразумелы прадукт, як «ГараШ», знайшоў свайго гледача: кінатэатры, у якіх ішоў фільм, сабралі поўныя залі, а аўтары змаглі ня толькі акупіць фільм, але і крыху зарабіць на наступны.

Пасьля посьпеху фільму «ГараШ» каманда вырашыла пазмагацца зь вялікімі стужкамі ў «самы складаны і спакусьлівы пракатны пэрыяд»: перад Новым годам. Дзьмітры Фрыга кажа: аказалася, што ў чацьвер, 29 сьнежня нечакана «адсунуліся» на іншыя даты ўсе рэлізы расейскіх камэдыяў, таму «PARTYzan-фільм» атрымаў дату, калі зможа стартаваць, ня маючы прамых канкурэнтаў.

Як фільм бязь Дзеда Мароза і нават зімы будуць піярыць перад Новым годам?

«Мы пайшлі на супраціў, — тлумачыць Курэйчык. — Бо перад Новым годам будуць фільмы пра Дзедаў Марозаў, будуць „Ёлкі“. Мы зь імі ў адным полі не жадаем быць — ідзем па тым шляху, па якім ішла стужка „Сьпёка“, калі людзі ідуць на лета. Яны жадаюць убачыць цёплае лета, летніх людзей».

«PARTYzan-фільм» сабраў амаль поўную залю яшчэ да выхаду на экраны
«PARTYzan-фільм» сабраў амаль поўную залю яшчэ да выхаду на экраны

29 сьнежня фільм выйдзе ў Менску (як мінімум — у кінатэатрах SilverScreen), пры магчымасьці — адначасова і ў Берасьці. Незадоўга да прэзэнтацыі тызэра каманда фільму пабывала на міжнароднай выставе кіно KinoPoisk Film Market у Маскве.

«Мы зладзім нейкія паказы і за мяжой, але ня ведаю пра шырокі пракат, бо вельмі цяжка выходзіць на вялікія краіны з нашых маркетынгавых бюджэтаў, — дадае Курэйчык. — Але паказы будуць, мабыць, на фэстывалях ці нейкіх беларускіх мерапрыемствах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG