Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Была Шляхтаўшчына, стала — Працоўная


Сяргей Астраўцоў

Украінскія чыноўнікі навыперадкі мяняюць савецкія назвы на свае. Расейскія СМІ вышукваюць недарэчныя выпадкі, каб абсмактаць.

Дэкамунізацыю яны праводзяць, лепей пра эканоміку думалі б! Асабліва сьмешна ў Палтаўскай вобласьці здарылася: сяло Куйбышава стала, людцы! — Парцянкамі, і толькі потым прыдумалі болей лагодную для вуха назву, у царкоўным стылі — Пакроўскае. У вясковай мясцовасьці больш за 280 назваў памянялі. І так часам нядбайна, што ў адным раёне некалькі вёсак аднолькавых паяўлялася, а гэтага заканадаўства не дапускае. Ну што ты зь іх возьмеш: папросту Запароская сеча, як у Гогаля.

Як самі мянялі як хацелі і колькі хацелі — пра гэта маўчаць. Што быў горад Брэжнеў, Андропаў, Молатаў — аб гэтым не ўспамінаюць. Шэсьць гадоў прыгожыя Набярэжныя Чаўны называліся Брэжневым: не заслужыў, вырашыў Гарбачоў. І падтрымалі жыхары. А раней ніхто не пытаўся.

Гвалтам, як заманецца, мянялі назвы вёсак, гарадоў, ня кажучы аб вуліцах. Ну вось была Шляхтаўшчына, стала Працоўнай. Шчучынскі раён, 1969 год. Навошта? Якая такая патрэба? І гэта яшчэ самы лагодны выпадак — слова беларускае, не «Жемчужное», не «Изумрудное».

Сёньня мяняюць назвы вуліц суседзі беларусаў і пазбаўляюцца ленінскіх галоў на пастамэнтах.

Што раздражняе маскоўскія рупары і начальства, тое ў душы не падабаецца і ў горадзе над Сьвіслаччу. Навошта так гвалтам? Гэта ж наша гісторыя! Зь песьні слова ня выкінеш!

Гісторыя якая? Помнік Янку, помнік Якубу і тысячы Ленінаў? У гэтым — гісторыя Беларусі? Якая ж гэта гісторыя? Адна тэндэнцыйнасьць, суцэльны перакос. А перад тым было тысячы Сталінаў. Закапалі за ноч усіх. І што? Хіба землятрус здарыўся, хіба ў рабочых рукі апусьціліся, хіба спыніліся канвэеры?

Леніны на пляцах — адзнака гістарычнага тупіку пад сьцягам з арнамэнтам. У цьмяных снах «Правильной дорогой идете товарищи». Толькі нікуды не ідуць ужо, топчуцца на месцы, перажоўваючы скварку.

Нехта ў сацсетках зьмясьціў аднойчы здымак: шчыт на ўезьдзе ў Гарадзенскую вобласьць зь вялікім ордэнам Леніна. Першы раз убачыў чалавек. Яму адказалі зь Ліды: ён заўсёды там стаяў.

Менская вобласьць, між тым, мае цэлых два ордэны Леніна. Чаму ведаю: бывае на чыноўніцкія мерапрыемствы прыяжджае аўтобус ад менчукоў зь дзьвюма ордэнскімі выявамі на борце. З часам яны пачалі аблуплівацца, але нечая дбайная рука паднаўляла. І гэта яшчэ ня ўсё. Хто ня бачыў: год таму (2015!) насупраць гарадзенскага шчыта з ордэнам Леніна пры міжнароднай дарозе М6 паставілі шчыт Менскай вобласьці з двума «ленінамі», што праўда — крыху меншага памеру.

Хто можа адказаць: навошта? Для чаго?

Украінцы заўзята мяняюць непатрэбныя назвы. Але ў Расеі таксама ў людзей не пустыя галовы. Узяць сёлетнюю грамадзкую кампанію, каб скасаваць назву станцыі мэтро ў Маскве Войкаўскую. Войкаў — адзін з арганізатараў расстрэлу царскай сям’і. Валасы дыбарам, як возьмесься чытаць аб ім. Кіслату серную арганізаваў, каб трупы зьнішчыць. І дзеля гэтага, выходзіць, вывучаў хімію ў Жэнэве ва ўнівэрсытэце?

Нават патрыярх выступіў супраць Войкаўскай станцыі, Усяе каторы Русі. Але начальства стала сьцяной на абарону.

У горадзе над Сьвіслаччу засталіся таксама задаволеныя. Ня трэба свае вуліцы Войкава пераназываць.

Начальства наогул вельмі задаволенае сабой. Цягам двух дзесяцігодзьдзяў вымысьліла крэатыўную рэч, што датычыць вуліц. Якую хочаце вуліцу? Багушэвіча? Паэта? Вось вам — бярыце. Яшчэ каго? Орды? Хто такі? Мастак? Няхай будзе.

Вынікі такія: гарадзкая тапаграфія так і засталася ў «чырвоным палоне». Усе назвы — савецкія, камуністычныя, прозьвішчы — бальшавікоў, былых тэрарыстаў, расейскіх вучоных, мастакоў, пісьменьнікаў, кампазытараў і гэтак далей. Гарадзкія ўскраіны, раёны новай прыватнай забудовы атрымалі прозьвішчы зь беларускага календара. «Ідэалы захаваныя» — усё беларускае засталося на пэрыфэрыі, на маргінэсе.

Асабліва пакінуў асадак у душы выпадак з вуліцай Сьвярдлова ў Горадні, адной з тых, дзе сваім часам жыў Васіль Быкаў. Замяніць шыльдачкі на дамах, каб была вуліца пісьменьніка, начальства адмовілася, але з хітрыкамі — спаслалася на голас народу. Жыхары сабралі подпісы, што ня хочуць! Што ім Сьвярдлоў мілейшы…

А хто такі той Сьвярдлоў? Правая рука Леніна. Тую ж царскую сям’ю, якую начальства запаважала раптам, хто пусьціць у расход даў адмашку? Гісторыкі лічаць — ён. Толькі паперкі з подпісам і пячаткай у такім разе, само сабой, не выдаюцца. Ён жа і аўтар «чырвонага тэрору». Ён жа і крамлёўскім моднікам галоўным быў, між іншым, першым стаў хадзіць у чорнай скуры з галавы да ног. Хоць бы начальства тое адарвалася ад кабінэтнага фатэля ды пацікавілася, што нават у Маскве плошчу Сьвярдлова, станцыю мэтро, помнік — даўно скасавалі. Ды патлумачыла «жыхарам», што прозьвішча гэтае ў старажытным беларускім горадзе не патрэбнае. Але яно было занятае думкай: як бы Быкава не пушчаць.

Такое бывае ўражаньне, што начальства школу закончыла пры Сталіне і нічога не чытала з тых часоў. А пра таго ж Сьвярдлова, вуліцу якога ў Горадні яно абараніла, цікавыя выявіліся зьвесткі. У 1935 годзе наркам Ягода напісаў дакладную Сталіну. На камэнданцкім складзе ў Крамлі выяўлены асабісты сэйф таварыша Сьвярдлова, які быў пахаваны шаснаццаць гадоў таму, як барацьбіт за пралятарскае шчасьце — пад крамлёўскай сьцяною. У сэйфе: вялізная сума ў залатых царскіх манэтах, больш за семсот залатых вырабаў з каштоўнымі камянямі і пачкі пашпартоў на імя самога Сьвярдлова, выдуманых асобаў, чыстыя блянкі. Падобна, што палымяны бальшавік заўсёды быў гатовы зрабіць ногі на выпадак, калі запахне палёным.

Вы скажаце: які давер можа быць да пісаніны Ягоды? Але ж чалавек сам ведаў цану рэчам, каштоўным і проста грунтоўным. Сьпіс канфіскаванага ў самога Ягоды сёньня агульнадаступны: пачкі грошай, больш за 1200 бутэлек калекцыйнага віна, каля чатырох тысяч парнаграфічных здымкаў, вялізная дамашняя крама жаночага і мужчынскага абутку, сподняга, панчохаў, вопраткі замежнага вырабу, футраных шапак, футраў, дываноў, фотаапаратаў, зброі, гадзіньнікаў, антыкварнага посуду, замежнай парфумы, чамаданаў і гэтак далей. Быў пад стаць таму Сьвярдлову. Не разумею, чаму вуліцы Ягоды ў нас няма дагэтуль?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG