Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ісламская дзяржава» ўзяла адказнасьць за напад на вучэльню ў Пакістане


Параненыя паліцыянты ў шпіталі 25 кастрычніка

Экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасьць за напад на паліцэйскую вучэльню ў горадзе Квэта на захадзе Пакістану, у выніку якога загінулі 59 чалавек і больш за сто атрымалі раненьні.

Напад на вучэльню адбыўся ў панядзелак увечары: група ўзброеных людзей уварвалася на тэрыторыю вучэбнага цэнтру, а потым у будынак інтэрнату.

Спачатку паведамлялася, што нападнікаў было пяцёра ці шасьцёра. Пазьней стала вядома, што на траіх зь іх былі паясы шагідаў.

Да вучэльні сьцягнулі спэцназ і рэгулярную армію. Перастрэлка і выбухі працягваліся больш за дзьве гадзіны.

Двум сьмяротнікам удалося падарваць сябе ў будынку інтэрнату. Менавіта гэта прывяло да значнай колькасьці ахвяраў сярод курсантаў, расказаў генэрал-маёр Памежнага корпусу Пакістану Шэр-Афган.

Трэцяга баевіка з выбухоўкай застрэлілі спэцназаўцы, прывесьці ў дзеяньне выбуховую прыладу ён не пасьпеў.

Квэта — сталіца правінцыі Бэлюджыстан, у якой фіксуецца высокая актыўнасьць баевікоў-сэпаратыстаў ды ісламістаў. У жніўні ў выніку некалькіх выбухаў у Квэта загінулі 88 чалавек, паведамляе ВВС.

XS
SM
MD
LG