Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курс умацоўваецца, а эканоміка — не 


Ці выгадны беларускай эканоміцы моцны беларускі рубель?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Увесь мінулы тыдзень беларускі рубель працягваў свой рост у дачыненьні да даляра і эўра і на 21 кастрычніка склаў 1.90 за даляр. Памятаеце, дарэчы, як усе аглядальнікі і незалежныя эканамісты кпілі з аб’яўленага ўладамі курсу на 2016 год 1.86 — а цяпер курс рубля даволі блізкі да гэтай лічбы.

Чаму адбываецца ўмацаваньне рубля? Паводле назіральнікаў, галоўная прычына гэтага відавочная — насельніцтва прадае валюту больш чым купляе. Часам прадпрыемствы купляюць больш валюты, чым прадаюць. Але гэта не мяняе агульную карціну, якую фармуюць грамадзяне сваімі пакупкамі. Людзі дастаюць грошы «з матрацаў», здымаюць іх з дэпазытаў — бо на цяперашнія даходы ня могуць пражыць.

Увогуле пэрыяд умацаваньня беларускага рубля пачаўся ад пачатку года, калі кошты на нафту дасягнулі свайго мінімуму і пачалі патроху расьці. У прынцыпе такая тэндэнцыя росту коштаў на нафту пакуль захоўваецца

Моцны рубель выгадны імпартэрам і ў пэўным сэнсе выгадны ўладам ідэалягічна.

Моцны рубель выгадны імпартэрам і ў пэўным сэнсе выгадны ўладам ідэалягічна. Бо даходы насельніцтва у даляравым вымярэньні растуць, хаця і вельмі павольна. І ўлада можа выкарыстоўваць гэтыя лічбы ў прапагандысцкіх мэтах. Хаця на самой справе нават паводле афіцыйнай статыстыкі даходы насельніцтва падаюць вельмі рэзкімі тэмпамі, апошнія дадзеныя — на 7%.

Каму моцны рубель нявыгадны — дык гэта, вядома, экспартэрам. І ў іх сапраўды сур’ёзныя праблемы. Зь іншага боку, Нацбанк праводзіць дастаткова жорсткую манэтарную палітыку, новыя грошы не друкуюцца, дэпазытныя стаўкі падаюць. Так што няма пакуль прыкметаў таго, што ў бліжэйшы час рубель можа упасьці.

Карбалевіч: Эканоміка функцыянуе так, што любая зьява мае свае станоўчыя і адмоўныя бакі. Моцная валюта выгодная імпартэрам і невыгодная экспартэрам. Слабая валюта — наадварот. Думаю, аптымальны варыянт, калі абменны курс зьяўляецца рынкавым, вынікам попыту і прапановы. Сёньняшняя сытуацыя ў Беларусі блізкая да гэтага. Зразумела, Нацыянальны банк трохі ўплывае на біржавыя таргі, але, як кажуць эканамісты, у мінімальным аб’ёме.

Рынкавы абменны курс зьяўляецца адным з фактараў, які дазваляе трошкі павялічваць золатавалютныя рэзэрвы.

Менавіта рынкавы абменны курс зьяўляецца адным з фактараў, які дазваляе трошкі павялічваць золатавалютныя рэзэрвы. З пачатку году кожны месяц яны патрошку растуць, бо рынкавы курс балянсуе адмоўнае замежнагандлёвае сальда.

Доўгі час, да 2015 году, беларускія ўлады штучна ўтрымлівалі моцны рубель, трацілі на гэта золатавалютныя рэзэрвы. Рабілася гэта па палітычным прычынах: улады баяліся нэгатыўных наступстваў дэвальвацыі, падзеньня заробкаў у далярах.

Але вось ужо другі год абменны курс свабодны і нічога катастрафічнага не здарылася. Удалося зьбіць дэвальвацыйныя чаканьні насельніцтва, павялічыць давер да фінансавай палітыкі дзяржавы. Хістаньні рубля адбываюцца, але ніхто ўжо не бяжыць у банкі ці абменьнікі здымаць дэпазыты і купляць даляры. І гэта ёсьць заслуга Нацбанку. Праўда цана такой стабільнасьці аказалася вялікай. Заробкі грамадзянаў у валюце ўпалі амаль у паўтары-два разы, дзяржаўныя прадпрыемствы — напалову жывыя.

Дракахруст: Галоўная прычына гэтага цуду — таго, што рубель пачаў умацоўвацца, гэта ўсё ж такі вынік у першую чаргу жорсткай манэтарнай палітыкі Нацбанку, які не друкуе лішніх грошаў. Ён праводзіць яе ўжо даволі даўно. У эканоміцы ёсьць пэўны лаг, часовы прамежак паміж пэўнымі мерамі і іх плёнам. Вось зараз нарэшце мы гэты плён і назіраем.

Чаму НББ праводзіць такую палітыку? Часткова гэта вынік ціску з боку МВФ, беларускія ўлады могуць Фонд лаяць, абвінавачваць у намеры зрабіць беларусаў жабракамі, але да пэўнай ступені да парадаў МВФ прыслухоўваюцца. Да таго ж Нацбанку ёсьць і свае прафэсіяналы, якія разумеюць, што друкаваньнем пустых грошай айчынную эканоміку не ўратуеш.

Па вялікі рахунку нават менш важна, слабы ці моцны.

На вашае пытаньне, Віталь, які рубель выгадны беларускай эканоміцы — слабы ці моцны, мне здаецца, самы правільны адказ — стабільны. Па вялікі рахунку нават менш важна, слабы ці моцны. Горш за ўсё — нечаканыя значныя ваганьні, якія правакуюць панікі, якія ўскладняюць плянаваньне эканамічнай дзейнасьці суб’ектамі гаспадараньня.

Калі б курс рубля працяглы час трымаўся на адным ўзроўні, толькі крышачку вагаючыся — гэта была б для эканомікі аптымальная сытуацыя, гэта ўмова яе аздараўленьня і аднаўленьня росту.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG