Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША выставілі абвінавачваньні хакеру з Расеі, арыштаванаму ў Празе


Улады ЗША выставілі абвінавачваньні ва ўзломе кампутарных сетак і крадзяжы інфармацыі Яўгену Нікуліну, затрыманаму ў Празе ў пачатку гэтага месяца.

Арышт Яўгена Нікуліна 5 кастрычніка ў сталіцы Чэхіі выклікаў рэзкія пратэсты з боку Масквы, якая імкнулася прадухіліць яго выдачу ЗША. Затрыманьне адбылося адначасова з ростам цікавасьці да тэмы кібэратакаў і кібэрзлачынстваў, у некаторых зь якіх улады ЗША абвінавачваюць ўрады Расеі і Кітаю. Чэская паліцыя абвясьціла аб арышце расейца 18 кастрычніка, хоць застаецца незразумелым, чаму яна чакала два тыдні, каб паведаміць пра гэта.

Першапачаткова імя расейца не называлася, хоць расьсьледаваньне Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа дакладна вызначыла яго асобу з выкарыстаньнем яго профіляў у сацыяльных сетках. Амбасада Расеі пазьней пацьвердзіла яго арышт.

Міністэрства юстыцыі ЗША абвясьціла 21 кастрычніка, што Нікуліну выстаўлены шэраг абвінавачваньняў, уключаючы абвінавачаньне ў пранікненьні ў кампутарную сыстэму і крадзеж асабістых дадзеных пры абцяжарвальных абставінах.

Пракуроры сьцьвярджаюць, што ў 2012 годзе Нікулін адправіў праграму на кампутар супрацоўніка ў LinkedIn, скраў імя карыстальніка і пароль супрацоўніка і выкарыстаў іх для доступу да кампутараў кампаніі. LinkedIn зьвязаў Нікуліна з узломам у 2012 годзе і сказаў, што гэта прывяло да парушэньня больш чым 100 мільёнаў пароляў карыстальнікаў і выклікала маштабную апэрацыю па іх замене.

Нікулін таксама абвінавачваецца ва ўзломе сайтаў двух іншых кампаній, Dropbox і Formspring, і змове з мэтай продажу выкрадзеных імёнаў карыстальнікаў, пароляў і адрасоў электроннай пошты кліентаў Formspring. Абвінавачваньне сьцьвярджае, што ў Нікуліна было тры неназваных супольніка, адзін зь якіх прапанаваў прадаць скрадзеную інфармацыю пра карыстальніка Formspring за 5500 эўра.

21 кастрычніка хакерскія групы з Кітая і Расіі ўзялі на сябе адказнасьць за кібератакі, якія выклікалі адключэньне на папулярных сайтах ад усходняга ўзьбярэжжа ЗША да Эўропы і Азіі.

XS
SM
MD
LG