Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва разглядае вэрсію аб датычнасьці добраахвотнікаў да забойства Шарамета, — «Украінская праўда»


Сьледчыя на месцы забойства Шарамета, архіўнае фота

Сьледзтва па справе забойства журналіста Паўла Шарамета распрацоўвае, сярод іншых, вэрсію, згодна зь якой да забойства датычныя ўкраінскія баявыя батальёны.

Паводле «Ўкраінскай праўды», 16 жніўня сьледчы групы сьледчых Галоўнага сьледчага ўпраўленьня Нацыянальнай паліцыі Анджэй Падаляк падаў у Пячэрскі райсуд шэраг хадайніцтваў з чарговай просьбай аб доступе да дадзеных некалькіх мабільных нумароў.

У дакумэнтах гаворыцца аб вызначэньні каардынатаў базавых станцыяў апэратараў мабільнай сувязі «Київстар», «МТС», Lifecell, якія фіксавалі рэгістрацыі абанэнтаў, якія могуць быць датычныя да забойства Шарамета, па адрасах:

— Данецкая вобласьць, Мангускі раён, в. Юрʼеўка;

— Данецкая вобласьць, Мангускі раён, Урзуф;

— Данецкая вобласьць, Марыюпаль, праспэкт Нахімава.

Сьледчыя прасілі суд даць дазвол для маніторынгу абанэнтаў у гэтых мясцовасьцях у розны пэрыяд часу.

Паводле выданьня, дадзеныя адрасу паказваюць на дысьлякацыю батальёна «Азоў». У той жа час у артыкуле адзначаецца, што з чальцамі гэтага батальёна ў Шарамета былі добрыя і нават сяброўскія адносіны.

Таксама сьледзтва хадайнічала пра доступ да 41 нумару сотавай сувязі, якія належаць асобам, што маюць дачыненьне да добраахвотніцкіх батальёнаў і могуць быць датычныя да забойства.

«Вэрсія пра датычнасьць да забойства прадстаўнікоў добраахвотніцкіх батальёнаў сапраўды разглядаецца, але гаворка ідзе не пра «Азоў», — сказаў «Украінскай праўдзе» суразмоўца, блізкі да сьледзтва.

Адзін з кіраўнікоў «Украінскай праўды» Павал Шарамет трагічна загінуў 20 ліпеня, калі выбухнуў аўтамабіль, у якім ён знаходзіўся.

XS
SM
MD
LG