Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкія дэбаты ў ЗША: Клінтан зьвінаваціла Пуціна ў хакерскіх атаках на карысьць Трампа


Дональд Трамп і Гілары Клінтан у час дэбатаў
Дональд Трамп і Гілары Клінтан у час дэбатаў

Кандыдаты ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый ЗША Гілары Клінтан і Дональд Трамп правялі 19 кастрычніка апошнія дэбаты перад прызначанымі на лістапад выбарамі. Паўтарагадзінная дыскусія праходзіла ва ўнівэрсытэце штату Нэвада.

Сярод тэмаў, на якіх засяродзілася Гілары Клінтан, былі хакерскія атакі звонку на рэсурсы палітычных арганізацыяў, у прыватнасьці Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі. Клінтан абвінаваціла прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна ў тым, што менавіта ён замовіў гэтыя кібэратакі, каб дапамагчы яе суперніку-рэспубліканцу перамагчы на выбарах.

Клінтан і Трамп спрачаюцца пра Расею падчас тэледэбатаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:13 0:00
Наўпроставы лінк

Хакеры дзейнічалі «відавочна на замову самога Пуціна», каб схіліць ход выбараў на карысьць Трампа, дадала Клінтан. Таксама яна абвінаваціла Расею ў датычнасьці да абнародаваньня сайтам Wikileaks электронных лістоў, якія тычацца яе выбарчай кампаніі.

У сваю чаргу, Трамп, як і раней, адхіліў сьцьвярджэньне, што Масква спрабуе ўмяшацца ў выбары прэзыдэнта ЗША ад яго імя і абвінаваціў Клінтан у спробе замяніць гэтай тэмай вострую дыскусію аб іміграцыі.

Трамп сказаў, што асуджае «ці то Расею, ці то любога іншага», хто стаяў за кібэратакамі, але паўтарыў раней агучаны тэзіс, што Клінтан «не мае ніякага ўяўленьня, хто за гэта адказны — Расія, Кітай ці яшчэ хтосьці».

Падчас заключнага туру перадвыбарных дэбатаў Клінтан таксама заявіла, што Трамп, які добра адзываўся пра Пуціна і выступае за пацяпленьне стасункаў паміж Масквой і Вашынгтонам, у вачах самога прэзыдэнта Расеі зьяўляецца «патэнцыйнай марыянеткай у Белым доме».

У той жа час Трамп сказаў, што ні Клінтан, ні цяперашні прэзыдэнт Барак Абама не выклікаюць павагі ў Пуціна, таму што ён іх абодвух можа «перахітрыць на кожным кроку шляху».

Паводле апошніх апытаньняў, рэспубліканец Трамп саступае дэмакратцы Клінтан прыкладна на 7%. На рэйтынгі Трампа паўплывалі апошнія публікацыі аб магчымай нявыплаце падаткаў, абразьлівыя выказваньні ў дачыненьні жанчын і да таго падобнае. У той жа час Клінтан аналітыкі абвінавачваюць у закрытасьці ў пытаньнях тлумачэньня сапраўднасьці выказваньняў падчас выступаў, стэнаграмы якіх распаўсюдзіў сайт WikiLeaks. У гэтых выступах, у прыватнасьці, Клінтан пазьбягала прамой крытыкі ў адрас Уол-стрыт за фінансавы крызіс 2008 году.

Першы тур дэбатаў паміж Клінтан і Трампам паглядзела рэкордная колькасьць гледачоў — 84 млн, другі — каля 66 млн. Выбары прэзыдэнта ЗША прызначаныя на 8 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG