Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Эрас і Танатас: сучасная мітатворчасьць у кіно


Ірэна Кацяловіч
Ірэна Кацяловіч

Ірэна Кацяловіч

У пачатку быў «Хранатоп». У першае пакаленьне кінаальманаху ўвайшло сем навэлаў, што зьняла аднайменная арт-група пад куратарствам рэжысэра Андрэя Кудзіненкі, захопленага фарматам «твітэр-сэрыялу». Потым зьявіліся «Хранатоп 2.0» і «Хранатоп 3.0», пачалася праца над чацьвертым, заплянаваная пятая, як гэта называецца, акцыя. «Усебеларускі» кінапраект — быццам сучаснае рэлігійнае мастацтва: бачна, як у шматвяковым хрысьціянскім мысьленьні на падспудным узроўні адгукаюцца паганства і сусьветная міталёгія. Усё гэта нязьведанымі — мне здаецца, нават для саміх аўтараў — шляхамі пераплятаецца ў новай беларускай мітатворчасьці, напрыклад, у зборніку «Танатас і Эрас», састаўленым зь пяці навэлаў розных пакаленьняў «Хранатопу». Беларуская прэм’ера фільму адбудзецца 22 кастрычніка на кінафэстывалі Bulbamovie.

Гэта нагадвае сучасныя стылізацыі пад фальклёрную музыку, якія будуюцца на яе мэлядычных і мэтра-рытмічных матывах, або стварэньне рыцарскіх раманаў, калі саміх рыцараў ужо не існавала. Толькі аўтары «Хранатопу» запазычваюць з культурнай спадчыны ня формы, а зьмястоўныя элемэнты (матывы, ня болей). Прысутнасьць у сюжэце нечага звышнатуральнага, кантакты з ірэальнымі істотамі, стылістыка старажытных абрадаў, умяшаньне неаспрэчнага фатуму (што можна таксама называць дзеяньнямі багоў) увасабляюцца ў сучаснасьці. Прычым запазычаньні гэтыя несыстэмныя, нелягічныя, рознастылевыя.

У альманаху «Танатас і Эрас» — назву можна разумець у рэчышчы інстынктаў сьмерці і жыцьця — пяць сакавітых і выразных сюжэтаў, кожны зь якіх ахоплівае кароткі адцінак часу. Народ дык народ: калі даць волю, кінакамэру і дазволіць не абцяжарваць свой твор мудрагелістасьцю — атрымліваюцца даволі забаўныя рэчы. Ад зборніка павявае свабодай: нешаблённыя пэрсанажы, нестандартныя сытуацыі, нецэнзурная лексыка (таму што могуць сабе дазволіць), пікантныя сцэны, адсутнасьць комплексаў.

Хочацца сказаць «жыцьцё, як яно ёсьць», хоць відавочна — «Хранатоп» далёкі ад прынцыпаў гіпэррэалізму. Тым ня менш, нават са сваімі фантастычнымі элемэнтамі ён бліжэйшы да рэальнага жыцьця, чым многае з таго, што ствараецца ў межах нашай тэрыторыі.

Першы эпізод «Танатасу і Эрасу». Даішнік спыняе кіроўцу і выяўляе, што той п’яны. Пасьля кароткай стандартнай размовы «я наогул ня п’ю, проста сёньня абставіны так склаліся» і «пару гадоў паходзіце пешшу, гэта яшчэ нікому ня шкодзіла», аказваецца, што абставіны сапраўды асаблівыя. У багажніку ляжыць дваццацікіляграмовы шчупак, які непрыстойнай лексыкай прапануе хутчэй загадваць жаданьні, бо ён тут зь імі здохне. Багажнік зачыняецца, даішнік прыкладваецца да бутэлькі «Рускай» гарэлкі, доўга абдумвае, чаго хоча.

Спраўдзіць мары з дапамогай шчупака не атрымаецца (шок відэа!), што іншасказальна трапна характарызуе нашы надзеі на цуд і на забесьпячэньне ўсякага роду выгодамі аднекуль звыш. Маўляў, сёньня гэта не працуе ні ў якім выглядзе — Ямеліна печка зь месца ня зрушыцца, час «круціцца» самому.

Сюжэты «Хранатопу» ні да чога не абавязваюць, не чытаюць мараль, не прэтэндуюць на дакладную беларускасьць і, здаецца, не імкнуцца адлюстраваць вобраз краіны, грамадзтва ці асобных яго прадстаўнікоў. Такое адчуваньне, што гэтыя навэлы — смакаваньне самога працэсу здымак, бяз правілаў, пралічанасьці, сымэтрыі — яны ствараюцца, хутчэй, інтуіцыйна, а ў гэтым зноў жа выяўляецца свабода. Падтэкст — гэта бонус, дадатковыя опцыя, якой можна скарыстацца, а можна праігнараваць і задаволіцца хуліганістымі гісторыямі.

Нечаканым драматызмам напрыканцы вылучаецца навэла «Вянок». Пад кавэр кампазыцыі «Unchained Melody», вядомай у выкананьні дуэту «The Righteous Brothers» для фільму «Прывід» з Дэмі Мур і Патрыкам Суэйзі, у канцы сюжэту таксама зьяўляюцца прывіды — задушанай жонкі (ці жонкі?) і забітага турыста, паміж якімі ля начнога вогнішча ў беларускай глушы, здаецца, узьніклі пэўныя пачуцьці. Маўклівага рухавіка сюжэту — забойцу — сыграў Андрэй Кудзіненка. Бар’ер паміж рэальным і ірэальным пачуцьцё пераадолела: прывід дзяўчыны, якая пасьпела «ўзьвесьці» мёртвае цела іншаземца на самаробны трон і надзець яму вянок, цалуе руку «каханага». Ангельскамоўнаму незнаёмцу яна аддала перавагу перад простым беларускім мужыком. Як сёньня шмат у чым «прынята» перад беларускім аддаваць перавагу незразумеламу, але заходняму. Тым ня менш, як і галівудзкая карціна «Прывід», «Вянок» успрымаецца як гісторыя каханьня. Тут выкарыстоўваецца папулярны апошнім часам прыём суб’ектыўнай камэры, а драматызм дасягнуты амаль бяз слоў. Дзіўная гісторыя.

Відавочна, новая міталёгія ў «Хранатопе» будуецца не на сур’ёзных дасьледаваньнях, не на глыбокім вывучэньні першакрыніц, не на здабытых у экспэдыцыях ведах, але хутчэй на алягічна выхапленых з памяці вобразах і вольнай фантазіі. Таму «Хранатоп» пазбаўлены цяжкавагавасьці, фундамэнтальнасьці, архаічнасьці. Складана сказаць, ці было б гэта лішнім, але ў большасьці навэл стыль адпавядае лёгкаму, фарсаваму, неабцяжаранаму зьместу. Можна лічыць, што ў стварэньне эпізодаў умешваецца нацыянальнае і аўтарскае падсьвядомае, а што зь яго, маўляў, узяць.

Першы праект «Хранатоп» на мінулым расейскім кінафэстывалі «Кінашок» узяў галоўны прыз у конкурсе кінаальманахаў «Омнібус» і трапіў у Нацыянальны конкурс менскага кінафэстывалю «Лістапад». «Акцыі» па стварэньні новых хранатопаў сталі рэгулярнымі, а зборнік «Танатас і Эрас» быў паказаны ўжо на сёлетнім «Кінашоку» (і гэта яшчэ ня вечар).

Андрэй Кудзіненка, вядомы працамі на кінастудыі «Беларусьфільм» і ўдзелам у расейскіх праектах, такім чынам перайшоў да незалежнага кіно. Форма «твітэр-сэрыялу», якую ён ініцыяваў, зручная для сучаснага беларускага кінэматографу, бо зь невялікімі выдаткамі за адзін раз паказвае некалькі самастойных закончаных твораў, адпаведна і аўтараў. Гэта тое, што ня можа прапанаваць сыстэма дзяржаўнага фінансаваньня, якая ажыцьцяўляецца праз адкрыты рэспубліканскі конкурс кінапраектаў Міністэрства культуры.

«Вагі» ў «Хранатопе» ўсё ж не хапае з-за адчувальнай «прастаты» ў стаўленьні да кіно, што выяўляецца ў сюжэтах і манеры здымак. «Танатас і Эрас» — своеасаблівая гарэзьлівая акцыя, што існуе быццам дзеля сябе самой.

Тым ня менш зь беларускім гледачом у альманаху павінны скласьціся добрыя адносіны, бо якраз свабоды мысьленьня і лёгкага стаўленьня да жыцьця нам не хапае. У гэтым сэнсе «Танатас і Эрас» — тонкі адказ беларускай сучаснасьці, магчыма нават, ёй выклік.

PS. Рэспубліканская экспэртная камісія ў пытаньнях прадухіленьня прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці забараніла арганізатарам фэстывалю Bulbamovie-2016 паказваць альманах «Хранатоп».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG