Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пра бамбаваньне гуманітарнага канвою ў Сырыі: Гэта ня мы, а тэрарысты


Уладзімір Пуцін на форуме «Расея кліча!»
Уладзімір Пуцін на форуме «Расея кліча!»

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін усклаў віну за ўдар па гуманітарным канвоі ў Сырыі 19 верасьня на «адну з тэрарыстычных арганізацый». Падчас форуму «Расея кліча!» Пуцін сказаў, што Злучаным Штатам вядома, пра каго ідзе гаворка. Назву групоўкі Пуцін не ўдакладніў.

19 верасьня ў правінцыі Алепа пад авіяўдар трапіў гуманітарны канвой арганізацыі «Сырыйскі арабскі чырвоны паўмесяц». У калёне знаходзілася гуманітарная дапамога для амаль 80 тысяч чалавек. Міжнародныя гуманітарныя пастаўкі ў Алепа былі прыпыненыя. ЗША абвінавацілі ў датычнасьці да гібелі канвою расейскіх вайскоўцаў.

Напад на гуманітарную калёну прывёў да зрыву раней узгодненага перамір’я ў Сірыі, што стала прычынай пагаршэньня адносінаў ЗША і Расеі. Вашынгтон перапыніў супрацоўніцтва з Масквой па ўрэгуляваньні канфлікту.

Падчас слуханьняў у брытанскім парлямэнце 11 кастрычніка міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Борыс Джонсан усклаў адказнасьць за авіяўдар на Расею. Ён адзначыў, што транспартныя сродкі ААН былі выразна пазначаныя і канвой меў афіцыйны дазвол ад прэзыдэнта Сырыі Асада, каб даставіць неабходныя грузы. Джонсан нагадаў, што спадарожнікавыя фатаграфіі, даступныя ў інтэрнэце, не пакідаюць сумненьняў у тым, што калёна была абстраляная з паветра.

Джонсан заявіў, што «інцыдэнт адбыўся пасьля таго, як сьцямнела». Паводле інфармацыі самой жа Расеі, ваенныя самалёты сырыйскага рэжыму ня могуць самі наносіць удары ў цемры. І, паводле дадзеных Расіі, яе ўласныя лятальныя апараты знаходзіліся ў непасрэднай блізкасьці. «Усе наяўныя дадзеныя, такім чынам, паказваюць на расейскую адказнасьць за гэтыя зьверствы», — адзначыў Джонсан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG