Як паведаміў прадстаўнік пацярпелага юрыст Аляксей Глухаў, Леанід Пятроў быў затрыманы ў 2006 годзе. Паводле яго слоў, пʼяныя супрацоўнікі чэбаксарскага аддзелу ўнутраных спраў патрабавалі, каб ён прызнаўся ў крадзяжы і ў забойстве, білі яго і пагражалі згвалтаваньнем. Затым Пятрова прыкулі да 40-кіляграмовай гіры і выкінулі з акна.
Брыгада хуткай дапамогі канстатавала ў яго закрытую чэрапна-мазгавую траўму, сатрасеньне мозгу і шматлікія іншыя траўмы.
Паводле вынікаў службовай праверкі супрацоўнікі праваахоўных органаў былі прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці за тое, што пакінулі затрыманага без пастаяннага нагляду, паколькі тыя сьцьвярджалі, што затрыманы выкінуўся з вакна сам, спрабуючы ўцячы. Паводле паліцыі затрыманы выбраў такі спосаб уцёкаў, бо раней займаўся скачкамі ў ваду. У якасьці доказу паліцыянты прыкладалі грамату, якую затрыманы атрымаў у спартовай сэкцыі, калі вучыўся ў другой клясе.
Паводле словаў адваката Аляксея Глухава, сьледчыя органы Чувашыі 24 разы адмаўлялі ў завядзеньні крымінальнай справы адносна паліцыянтаў.