Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: расейскага добраахвотніка адправілі ў Расею па дакумэнты з ваенкамата


У горадзе Дняпро добраахвотніку з Расеі адмовілі ў прыёме на службу ва Ўзброеных сілах Украіны, пакуль ён не забярэ дакумэнты з ваенкамату ў сябе на радзіме.

Гэты выпадак выклікаў рэзананс у сацыяльных сетках, частка карыстальнікаў абураная, бо, лічыць, што вяртаньне добраахвотніка ў Расею можа быць небясьпечным. У ваенкамаце ж адзначаюць: без належных дакумэнтаў ня могуць прыняць на службу ні грамадзян Украіны, ні грамадзян іншых краін — такія патрабаваньні заканадаўства. Між тым незалежныя экспэрты прапануюць увесьці індывідуальны падыход для падобных выпадкаў.

У падобнай сытуацыі знаходзіцца і добраахвотнік зь Беларусі, баец аднаго з добраахвотніцкіх аддзелаў Валерый з пазыўным «Ёся». Ён — этнічны украінец, кадравы вайсковец, грамадзянін Беларусі. Ва ўкраінскую армію яго не ўзялі праз дакумэнты, якія засталіся на акупаванай тэрыторыі Данбаса, дзе чалавек жыў раней.

«Я этнічным ўкраінец, але дагэтуль не атрымаў грамадзянства. Я — нерэзыдэнт. Гэта галоўная складанасьць, празь якую я не магу аформіцца ў падразьдзяленьне Мінабароны або ў любое іншае афіцыйнае падразьдзяленьне, якое ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях на Ўсходзе Ўкраіны. Данецк і Сімфэропаль — адтуль немагчыма атрымаць дакумэнты. У мяне ёсьць дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што мой старэйшы брат нарадзіўся тут, ва Ўкраіне, што шлюб бацькоў быў заключаны ва Ўкраіне. Адпраўляю тое, што ёсьць, у Адміністрацыю прэзыдэнта. Дасьць ён мне грамадзянства — добра, а не — дык усё роўна этнічную радзіму, дзе ў мяне пахаваныя дзядулі-бабулі, я абараняць не перастану», — распавёў баец «Ёся».

Раней ва ўкраінскіх ваенкаматах праз адсутнасьць належных дакумэнтаў адмовіліся браць ва Ўзброеныя сілы не аднаго грамадзяніна замежных дзяржаў. Для часткі з іх гэта стала штуршком для ўступленьня ў добраахвотніцкія фармаваньні, якія не падпарадкоўваюцца афіцыйным сілавым структурам, некаторыя з байцоў, нават паваяваўшы ў Данецкай і Луганскай абласьцях, дагэтуль ня могуць легалізавацца.

Інфармацыю пра адмову Дняпроўскага абласнога ваенкамату грамадзяніну Расеі, які выявіў жаданьне служыць ва Ўзброеных сілах Украіны, першым апублікаваў кіраўнік групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук. Паводле яго, мужчыну адмовілі на падставе таго, што ён ня мае неабходных дакумэнтаў з ваенкамату, дзе стаіць на ўліку, і параілі ехаць дадому, каб выпісацца з ваенкамату па месцы жыхарства, забраць дакумэнты, а потым ужо зьвяртацца ў ваенкамат ва Ўкраіне. Тымчук лічыць, што добраахвотнікам-расейцам, якія наважацца зьбіраць паперы для службы ва ўкраінскай арміі, на радзіме можа пагражаць небясьпека. Чалавек зь Дняпра паехаў дадому па дакумэнты і цяпер, зь меркаваньняў бясьпекі, яго імя і прозьвішча не разгалошваецца.

Дзьмітры Тымчук заяўляе: дакумэнты — гэта фармальная падстава для таго, каб не прымаць грамадзян іншых краін на службу ва ўкраінскую армію. Ваенныя чыноўнікі асьцерагаюцца абвінавачваньняў у прыёме ў войска «наймітаў».

Між тым, кажа Тымчук, ён зьяўляецца адным з аўтараў закону, які рэглямэнтуе службу ва Ўзброеных сілах Украіны грамадзян іншых дзяржаў, дакумэнт уступіў у сілу некалькі месяцаў таму і павінен дзейнічаць.

«Палажэньне аб праходжаньні вайсковай службы замежнымі грамадзянамі» было прынятае яшчэ ў траўні сёлета. Увесь мэханізм цалкам адпаліраваны і запушчаны. І гэты сабатаж на месцах мяне проста зьдзіўляе. Мэханізм павінен дзейнічаць. Дастаткова прыйсьці ў ваенкамат, сказаць: «Я замежны грамадзянін, хачу скарыстацца сваім законным правам служыць у войску». Што да парадку праходжаньня службы, дык ён нічым не адрозьніваецца ад таго, які дзейнічае адносна грамадзян Украіны, уключаючы сацыяльную абарону. Мы ўнесьлі зьмены ў Крымінальны кодэкс, у прыватнасьці адносна наёмніцтва. Найміцтва зараз выпісана ня так, як раней, а згодна з нормамі міжнароднага права, у прыватнасьці Канвэнцыі ААН па барацьбе з найміцтвам. У ёй сказана, што найміт — гэта чалавек, якога спэцыяльна завэрбавалі, які прыбыў зь іншай краіны з галоўнай мэтай — атрымліваць грашовую ўзнагароду. Такім чынам, мы прыбралі тое, што выклікала абвінавачваньні з боку расейскіх СМІ, з боку псэўдаэкспэртаў, што нібыта гэтым законам мы адкрываем шлях найміцтву. Справа ў тым, што ў самой Расеі такі ж закон — аб дазволе служыць у войску грамадзянам іншых краін — дзейнічае з 1998 году. Для мяне важна, каб закон гэты працаваў ва Ўкраіне, каб падобных інцыдэнтаў не ўзьнікала«, — сказаў у камэнтары для Радыё Свабода Дзьмітры Тымчук.

Пасьля прыняцьця палажэньня, пра якое гаворыць Тымчук, у чэрвені сёлета беларускія добраахвотнікі з тактычнай групы «Беларусь» пачалі праходзіць працэдуру афармленьня ва Ўкраінскую армію і атрыманьня вайсковых білетаў.

Пасьля было абвешчана, што частка іх спыніла свой удзел у баявых дзеяньнях і перайшла ў шэрагі валянтэраў.

У жніўні сёлета вайскоўцы-беларусы з шэрагаў Узброеных сілаў Украіны, Нацыянальнай гвардыі і розных добраахвотніцкіх фармаваньняў стварылі Беларускую вайсковую раду ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG