Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўратуе Беларусь іранская нафта?


Якое значэньне для нацыянальнай эканомікі маюць альтэрнатыўныя пастаўкі нафты? Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Карбалевіч: Выступаючы у Нацыянальным сходзе 7 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што у адказ на скарачэньне Расеяй паставак нафты ён даручыў ураду неадкладна знайсьці новую альтэрнатыву або вярнуцца да старой: «Мы дамовіліся, ужо сёньня танкер загружаны ідзе ў Адэсу. Мы пачнём пастаўляць праз Украіну на Мазыр нафту для перапрацоўкі. Зараз вядуцца перамовы зь Іранам, які проста кідаецца ў пошуках рынку для пастаўкі нафты і гатовы нам зьніжаць кошт. Аж да таго, што мы ім дамо ўсе магчымасьці на Мазырскім або іншым нафтаперапрацоўчым заводзе — перапрацоўвайце сваю нафту. Трэцяе: вярнуцца да праектаў будаўніцтва нафтавай трубы з Балтыкі».

Ужо самы факт, што прапрацоўваюцца некалькі варыянтаў паставак нафты, альтэрнатыўных расейскай, выклікае сумневы у рэалістычнасьці гэтых плянаў. Гэта вельмі нагадвае блеф, сродак ціску на Расею.

Папярэдні досьвед паставак вэнэсуэльскай, а затым азэрбайджанскай нафты ў 2010-2012 гадах аказаўся ня вельмі пераканаўчым.

Беларусі патрэбныя танная нафта. А яе можа даць толькі Расея. Сёньня у Беларусі фактычна статус нафтавага афшору для расейскіх кампаніяў

Бо пытаньне ж ня ў тым, каб проста знайсьці альтэрнатыўную крыніцу нафты. Гэта сапраўды не праблема. Беларусі патрэбныя танная нафта. А яе можа даць толькі Расея. Сёньня у Беларусі фактычна статус нафтавага афшору для расейскіх кампаніяў. Справа ў тым, што пры экспарце нафты за мяжу яны плацяць нафтавае мыта у расейскі бюджэт. А пры пастаўцы нафты ў Беларусь яны мыта ня плацяць. У выніку цана значна ніжэйшая, што дае магчымасьць Беларусі атрымліваць значную маржу пры продажы нафтапрадуктаў пасьля перапрацоўкі на НПЗ. А пакупка нафты ў іншых краін будзе адбывацца па сусьветных цэнах. Што зьнівэліруе увесь прыбытак.

Вось Лукашэнка кажа: «Трэба неадкладна скончыць мадэрнізацыю, асабліва Наваполацкага нафтаперапрацоўчага заводу. Калі мы скончым гэтую мадэрнізацыю або давядзем да ўзроўню Мазыра, мы ня будзем залежныя ад адной крыніцы нафты, мы будзем купляць нафту на рынку. З глыбінёй перапрацоўкі за 90% будзем мець той жа прыбытак, што маем цяпер».

Вось у гэтым ёсьць вялікія сумневы. Бо Беларусь фактычна адзіная краіна ў сьвеце, якая зарабляе вялікія грошы ад экспарту нафтапрадуктаў, фактычна не здабываючы сваёй нафты. Менавіта з-за льготных цэнаў на імпартуемую нафту.

Вось ва Ўкраіне з шасьці НПЗ працаваў да нядаўняга часу толькі адзін. А куплялі беларускі бэнзін. Чаму? Бо украінскія НПЗ маглі купляць расейскую нафту з улікам экспартнага мыта, то бок, па сусьветных цэнах. І гэта выявілася нерэнтабэльным. І калі Беларусь пачне купляць нафту па такіх самых цэнах, то апынецца ў сытуацыі ўкраінскіх заводаў. І мадэрнізацыя НПЗ наўрад ці выратуе.

Таму, гэтыя заявы Лукашэнкі — хутчэй блеф і шантаж Расеі.

Дракахруст: Гэта сапраўды спроба шантажу Расеі, але не зусім блеф. Вы маеце рацыю — расейская нафта аказваецца самай таннай, прынамсі квота ў 23 мільёны тонаў, якую Расея скараціла, але ў межах квоты Беларусь купляе нафту бяз мыта. Наколькі я ведаю, Беларусь можа купіць у Расеі і больш, але ўжо з мытам, што значна даражэй.

Але мне здаецца, што гэта дэманстрацыя таго, што ёсьць альтэрнатыва. І нават у выпадку, калі ёсьць доступ да больш таннай расейскай нафты, а тым больш у выпадку, калі Расея фізычна абмяжуе пастаўкі, то нават больш дарагая нафта зь іншых краінаў — гэта інструмэнт гандлю з Расеяй.

Я памятаю, як некалькі гадоў таму размаўляў зь літоўскімі эканамістамі, і яны мне распавялі, што ў іх напачатку нулявых была сытуацыя, калі Расея проста спыніла пастаўкі, то бок, адмаўлялася пастаўляць нафту за любыя грошы. І тады літоўцы куплялі нафту ў той жа Вэнэсуэле. Так, гэта была «залатая» нафта, але ў сытуацыі брутальнага гандлю, калі трэба было пратрымацца некалькі месяцаў, і яна была на карысьць.

такія рухі цела Лукашэнкі, паказваньне зубоў, дэманстрацыя, што не сышоўся клінам сьвет на Расеі — гэта абсалютна нармальная спроба гандлявацца. І гэта на расейцаў узьдзейнічае

І з гэтага пункту гледжаньня такія рухі цела Лукашэнкі, паказваньне зубоў, дэманстрацыя, што не сышоўся клінам сьвет на Расеі — гэта абсалютна нармальная спроба гандлявацца. І гэта на расейцаў узьдзейнічае.

Акрамя таго тут ёсьць і тэхнічны момант. НПЗ, і Мазырскі, і Наваполацкі, гэта прадпрыемствы няспыннай вытворчасьці, там увесь час павінная быць нафта, інакш там усё гэта проста разбурыцца. І таму нейкая рэзэрвовая нафта патрэбная, каб гэтыя прадпрыемствы функцыянавалі. Так што мне здаецца, што гэта, прынамсі, не зусім бязглуздае рашэньне — ствараць такае пудзіла для расейцаў, бо гэта козыр на перамовах.

Ну а калі ўсё нармалізуецца, то зразумела, і пра Іран, і пра Азэрбайджан, і пра Вэнэсуэлу хутка забудуць. Да наступнага крызысу такога кшталту.

Цыганкоў: У гэтым і ёсьць самая вялікая праблема. Кепска тое, што пытаньне пра нерасейскую нафту зьяўляецца толькі падчас нейкіх палітычных крызысаў з Расеяй. Зараз ужо многія забылі, колькі шуму у свой час было наконт пэрспэктывах супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай, калі Аляксандар Лукашэнка абяцаў, з Вэнэсуэлы нафта пойдзе альбо танкерамі альбо па сыстэме абмену нафты з Азэрбайджанам. Колькі артыкулаў пісалі такія праўладныя аналітыкі, напрыклад, Юры Шаўцоў, пра новую рэальнасьць, пра стратэгічнае партнэрства і г.д.

Сапраўды, гэта на той момант не было блефам, столькі ж сілаў было патрачана, лягістыка была распрацаваная, схемы. Але потым зноў удалося дамовіцца з Расеяй, і ўсё гэта скончылася.

зараз Аляксандар Лукашэнка выкарыстоўвае новы кірунак, іранскую нафту, як сродак шантажу, як спробу мець больш козыраў падчас перамоў

І самае кепскае, што і зараз Аляксандар Лукашэнка выкарыстоўвае новы кірунак, іранскую нафту, як сродак шантажу, як спробу мець больш козыраў падчас перамоў, і ўсур’ёз гэта не разглядае.

Але ж 25 гадоў незалежнасьці — можна было даўно знайсьці альтэрнатыву нават з улікам эканамічных стратаў. Каб не ў момант крызысу пачынаць пра гэта думаць, а каб гэтыя мэханізмы, лягістыка даўно існавалі, каб пэўная частка замежнай нерасейскай нафты паступала на заводы. А так атрымліваецца, што Беларусь застаецца адзінай краінай у рэгіёне, якая цалкам залежыць ад расейскай нафты. І хто будзе спрачацца, што гэта залежнасьць і палітычная? Гэта нафтавы афшор, які толькі дзякуючы гэтым умовам і дае эканамічны прыбытак, дае значную частку папаўненьня ў беларускі бюджэт за кошт нафтаперапрацоўчых заводаў. Тое, што дасюль няма паступленьня іншай, нерасейскай нафты — гэта вялікая геапалітычная параза цяперашняга рэжыму.

Нулявыя гады — гэта быў іншы час, калі нафтавыя дзяржавы дыктавалі ўмовы рынку і адчувалі сябе каралямі. Зараз на думку большасьці спэцыялістаў, зьніжэньне цаны — гэта даволі доўгатэрміновы трэнд. Зараз рынак іншы, нафта ў два з паловай разы таньнейшая, чым была 2-3 гады таму, і таму на рынку дыктуе свае ўмовы пакупнік.

І гэтым таксама афіцыйны Менск павінен карыстацца, калі ва ўсім сьвеце адбываюцца такія эканамічныя разломы, калі зьяўляюцца альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі, калі ўсё больш кажуць пра заканчэньне панаваньня пэтрадзяржаваў, якія гандлююць нафтай. І ў гэты момант варта праяўляць надзвычайную актыўнасьць у пошуку канкурэнтных альтэрнатыўных крыніцаў паставак нафты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG