Кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп заявіў, што ня мае намеру адмаўляцца ад удзелу ў выбарах, нягледзячы на заклікі зрабіць гэта.
Рэспубліканскія палітыкі сталі масава адмаўляцца ад падтрымкі Трампа і заклікаць яго зьняць сваю кандыдатуру — пасьля зьяўленьня 7 кастрычніка на сайце «Вашынгтон пост» відэазапісу, на якім ён нецэнзурна выказваецца пра жанчын.
Раней у суботу Дональд Трамп выступіў зь відэазаявай, дзе прынёс публічныя прабачэньні.
Кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад дэмакратаў Гілары Клінтан абвінаваціла свайго суперніка ў сэксізьме і напісала ў «Твітэры», што нельга дазволіць гэтаму чалавеку стаць прэзыдэнтам.
Паводле апошніх апытаньняў, Клінтан апярэджвае Трампа на 5 пунктаў.
9 кастрычніка адбудуцца другія тэледэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША.
Выбары пройдуць 8 лістапада.