Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Данбасе адводзяць войскі, а ў парлямэнце Ўкраіны патрабуюць крымінальнай адказнасьці за гэтае рашэньне


Сёньня ў раёне населенага пункта Пятроўскае Данецкай вобласьці ўкраінскае войска і фармаваньні гэтак званай «ДНР» сынхронна адвялі свае сілы пад назіраньнем спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ.

«Адвядзеньне сіл і сродкаў адбылося паводле вызначанай у менскіх дамоўленасьцях працэдуры, з паведамленьнем прадстаўнікам спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ і іншага боку. Сілы антытэрарыстычнай апэрацыі адышлі на адзін кілямэтар на захад і занялі новыя, загадзя абсталяваныя, пазыцыі. Працэс адвядзеньня быў вэрыфікаваны прадстаўнікамі місіі АБСЭ», — паведамілі радыё Свабода ў Міністэрстве абароны Ўкраіны.

Паводле Міністэрства абароны, 1 кастрычніка падразьдзяленьні ўкраінскага войска былі адведзеныя ў ваколіцах гораду Залатое Луганскай вобласьці. Пры гэтым Мінабароны адзначае, што на луганскім кірунку працягваліся абстрэлы ўкраінскіх пазыцый, таму «адвесьці сілы ў гэтым кірунку Ўзброеныя Сілы Ўкраіны ў цяперашні час ня маюць магчымасьці».

Войскі сэпаратыстаў пакідаюць пазыцыі
Войскі сэпаратыстаў пакідаюць пазыцыі


У той жа час, парлямэнцкая фракцыя «Самадапамога» сёньня выступіла з патрабаваньнем да прэзыдэнта Пятра Парашэнкі растлумачыць, хто і на якой падставе падпісаў 21 верасьня ў Менску рамачнае пагадненьне аб разьвядзеньні войскаў у Залатым, Пятроўскім і Станіцы Луганскай.

«Мы зьвяртаемся да Генэральнай пракуратуру з заявай аб зьдзяйсьненьні злачынства паводле артыкулаў 110 ды 353 — «самавольнае прысваеньне ўладных паўнамоцтваў» і «наўмыснае дзеяньне, зьдзейсьненае з мэтай зьмены межаў тэрыторый або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны з парушэньнем парадку, вызначанага Канстытуцыяй Украіны», — заявіў дэпутат фракцыі «Самадапамога» Сямён Сяменчанка.

Паводле Сяменчанкі, жыхары Залатога, станіцы Луганскай і Пятроўскага, а таксама іх суседзі з прыфрантавых тэрыторый «у апошнія дні выходзяць з пратэстамі супраць адвядзеньня ўкраінскіх войскаў», бо баяцца, што «пасьля адыходу абаронцаў Украіны гэтыя тэрыторыі і іх населеныя пункты зоймуць расейскія найміты, а праўкраінскіх жыхароў гэтых тэрыторый чакае жорсткая расправа з боку расейскіх баевікоў», — патлумачыў ён.

Сямён Сяменчанка
Сямён Сяменчанка


Сяменчанка таксама спаслаўся на кіраўніка Луганскай ваенна-цывільнай адміністрацыі, які заявіў, што выкананьне падобных пагадненьняў прывядзе да страты кантролю Ўкраіны над Станіцай Луганскай.

Як паведамляла радыё Свабода, рамачнае пагадненьне пра адвядзеньне войскаў на трох участках лініі разьмежаваньня на Данбасе было падпісанае 21 верасьня 2016 году ў Менску падчас перамоваў трохбаковай кантактнай групы. Гэты дакумэнт прадугледжвае стварэньне трох зон бясьпекі ў населеных пунктах Залатое, Пятроўскае і Станіца Луганская, для дээскаляцыі ў раёне лініі разьмежаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG