Беларусь і Пакістан дамовіліся падняць таваразварот да 1 млрд даляраў цягам чатырох гадоў.
Пра гэта кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў 5 кастрычніка на Беларуска-пакістанскім дзелавым і інвэстыцыйным форуме ў Ісламабадзе.
«Мы дамовіліся з прэмʼер-міністрам на працягу чатырох гадоў вывесьці наш таваразварот на ўзровень 1 млрд даляраў. Як хочаце дамаўляйцеся паміж сабой, але праз чатыры гады 1 млрд даляраў, ня менш (больш можна), павінен быць», — цытуе БелТА Лукашэнку.
Раней Лукашэнка заявіў, што пад палітычныя стасункі, якія знаходзяцца на высокім узроўні, трэба «падвесьці магутную эканамічную базу». Кіраўнік Беларусі выказаўся за павышэньне таваразвароту з Пакістанам да 1 млрд даляраў (цяпер усяго 50–65 мільёнаў даляраў за год).
4–6 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца з афіцыйным візытам у Ісламскай Рэспубліцы Пакістан.