Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вугоршчына прагаласавала супраць міграцыйных квотаў у Эўразьвязе


Прэмʼер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан галасуе на рэфэрэндуме 2 кастрычніка.

Пра якія настроі эўрапейцаў кажа гэты рэфэрэндум?

Абмяркоўваюць Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: У нядзелю ў Вугоршчыне завяршыўся рэфэрэндум у справе міграцыйных квотаў Эўразьвязу. Паводле папярэдніх дадзеных экзыт-полу арганізацыі Nezoepont, 98% вугорцаў, якія прынялі ўдзел у галасаваньні, выказаліся супраць квотаў ЭЗ. Яны прагаласавалі супраць намераў Эўразьвязу разьмясьціць у краінах-чальцах Зьвязу 160 тысячаў мігрантаў, 1294 зь якіх павінныя былі дастацца Вугоршчыне. Усе гэтыя людзі — уцекачы з Сырыі, Іраку і іншых краін Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі.

Вынік рэфэрэндуму лічыцца абавязковым пасьля пераадоленьня мяжы ў 50% яўкі. Але яўка склала толькі 43 працэнты, і гэта відавочна недастаткова.

Прэмʼер-міністар краіны Віктар Орбан заяўляў, што калі большасьць вугорцаў прагаласуе за падтрымку квотаў Эўразьвязу, то ён сыдзе ў адстаўку.

Аднак прэм’ер назваў вынік галасаваньня вычарпальным і з палітычнага пункту гледжаньня, і з пункту гледжаньня законнасьці.

Орбан заклікаў лідэраў ЭЗ зьвярнуць увагу на вынікі вугорскага галасаваньня і папярэдзіў, што ўнясе канстытуцыю краіны зьмены, неабходныя для таго, каб вынік рэфэрэндуму быў прызнаны абавязковым да выкананьня.

Улічваючы тое, што партыя Орбана мае значную большасьць, якая ў многіх галасаваньнях перавышае канстытуцыйную, то можна лічыць, што яго абяцаньне цалкам выканальнае, і ён можа пад уплывам 98% «за» гэтыя вынікі рэфэрэндуму замацаваць у канстытуцыі краіны.

Але нам важна прааналізаваць, пра якія перамены ў сьвядомасьці эўрапейцаў гэтыя вынікі кажуць.

Мяркую, у большасьці краінаў Эўразьвязу вынікі такіх рэфэрэндумаў былі б у пэўнай ступені падобныя.

Мяркую, у большасьці краінаў Эўразьвязу вынікі такіх рэфэрэндумаў былі б у пэўнай ступені падобныя. І ня толькі таму, што людзі ў Эўропе супраць мігрантаў, але яшчэ і таму, што яны супраць умоўнага Брусэлю, які навязвае ім свае рашэньні. Тут паўстае пытаньне сувэрэнітэту краіны. Выбарнікі самі хочуць вырашаць такія праблемы, каб іх ўлады прымалі такія рашэньні, а ня ўлады Брусэлю. Таму падобныя рэфэрэндумы маюць шанцы быць у многіх краінах.

45% — гэта ня такі і мала. Мы дастаткова актыўна абмяркоўвалі выбары ў Расеі, у якіх таксама прыняла ўдзел каля 45% насельніцтва, і яны паказалі пэўную накіраванасьць грамадзкай думкі, тое, якія палітычныя праблемы і падыходы цяпер уласьцівыя расейскаму выбаршчыку.

Так і тут: 45% — гэта не 15%, ня 20%, як часта прыходзяць на выбары. Гэта даволі сярэдняя лічба для Эўропы, і тое, што 98% гэтых людзей прагаласавалі адназначна, прыкметны знак.

Хоць Вугоршчына лічыцца незвычайнай краінай. Падчас гэтага мігранцкага крызысу і праваабарончыя арганізацыі, і іншыя эўрапейскія краіны вельмі шмат крытыкавалі Віктара Орбана, дастаткова аўтарытарнага прэм’ер-міністра Вугоршчыны. Але настроі грамадзтва ў многіх эўрапейскія краінах за гэты час настолькі зьмяніліся, што многія палітыкі ў гэтым сэнсе паправелі, прынялі жорсткую пазыцыю адносна мігранцкага крызысу, і такая больш бюракратычная жорсткая пазыцыя зараз запанавала. Так што рэфэрэндум у Вугоршчыне паказаў зьмены з стаўленьні да гэтага ва ўсёй Эўропе.

Карбалевіч: Мігранцкі крызыс сапраўды выявіў, выцягнуў на паверхню шмат важных працэсаў, якія дасюль ішлі лятэнтна ў Эўропе. Найперш, разрыў паміж элітамі і грамадзтвамі эўрапейскіх краінаў. Гэта выявілася найперш падчас рэфэрэндуму ў Вялікай Брытаніі і ў працэсе Брэксіту, то бок выхаду гэтай краіны з ЭЗ. Думаю, найважнейшым чыньнікам і каталізатарам стаў мігранцкі крызыс.

Тыя каштоўнасьці, якія абвясьцілі эліты, тая эўрапейская паліткарэктнасьць, не зусім супадаюць з каштоўнасьцямі значнай часткі, а ў некаторых краінах і большасьці, народу.

Тыя каштоўнасьці, якія абвясьцілі эліты, тая эўрапейская паліткарэктнасьць, не зусім супадаюць з каштоўнасьцямі значнай часткі, а ў некаторых краінах і большасьці, народу. Гэта тычыцца такіх далікатных праблемаў, як мігранты, стаўленьне да сэксуальных меншасьцяў, сьмяротнага пакараньня. І калі раптам палітыкі спрабуюць апэляваць да народу ў такіх далікатных пытаньнях, то вынік становіцца шокам. Вось у ЗША гэтую праблему завострана актуалізаваў Дональд Трамп.

Такая эўрапейская каштоўнасьць як талерантнасьць адносна народаў з іншай культурай разбураецца пад ціскам двух фактараў. Першы — гэта нацыянал-папулісцкія рухі ва ўсіх краінах Эўропы.

Другі фактар — гэта пазыцыя краінаў Усходняй Эўропы. Бо пазыцыя кіраўніцтва Вугоршчыны блізкая да пазыцыі кіраўніцтваў і грамадзтваў Польшчы, Чэхіі, Славаччыны. Менавіта мігранцкі крызыс выявіў палітычны і каштоўнасны раскол паміж Заходняй і Ўсходняй Эўропай. Выявілася, што гэта ўсё ж розныя Эўропы. Трэба было здарыцца гэтаму новаму вялікаму перасяленьню народаў, каб гэта зразумець. Гэта важны сымптом крызысу ЭЗ.

Дракахруст: Гэты рэфэрэндум сапраўды паказвае пэўны крызыс агульнаэўрапейскай ідэнтычнасьці. Бо любы саюз — гэта спалучэньне плюсаў і мінусаў, выйгрышаў і стратаў.

Брусэль загадаў, Брусэль вырашыў. Што такое Брусэль? Гэта інстытуцыя, якая сфармаваная ўсімі чальцамі саюзу. У тым ліку і вугорскі эўракамісар там ёсьць, краіна там прадстаўленая, і рашэньне прымалася кампрамісам. Раней заўсёды гэты мэханізм кампрамісу працаваў. Цяпер, як мы бачым, адбываецца збой, прычым адбываецца ў аднабаковым парадку: а мы ня хочам.

Ёсьць адмыслоўцы, экспэрты, асабліва назіральнікі, якія кажуць: можна пляснуць у ладкі, прыдумаць залаты ключык і вось гэтага мігранцкага крызысу проста не будзе. Мне здаецца, што гэта куды больш складаная рэч. І ў дадзеным выпадку гэтыя квоты — гэта спроба разьмеркаваць цяжар праблемы, зь якой сутыкнулася Эўропа, больш-менш раўнамерна на ўсе краіны.

Нямеччына прыняла мільён уцекачоў. Тут размова ішла пра пару соцень тысяч на некалькі краінаў, пра крыху больш за тысячу для Вугоршчыны. Можна было б спытаць вугорцаў: вось гэты цяжар вы ня хочаце несьці, гэта вам не падабаецца. А тое, што вы без візаў езьдзіце ў Нямеччыну, гэта вам падабаецца? Што вашая эканоміка можа карыстацца крэдытнымі рэсурсамі Нямеччыны, што вы тавары туды можаце прадаваць бяз мытаў — гэта вам падабаецца?

Калі нехта хоча ўдзельнічаць у саюзе, маючы толькі «пышкі», а ня маючы «шышак», тады можа атрымацца, што ўрэшце ня будзе ані шышак, ані пышак.

Так, гэта ім усё падабаецца, а цяжар несьці ня хочацца. Але рэч у тым, што ў саюзе гэтыя рэчы зьвязаныя. Плюсы зьвязаныя зь мінусамі. І калі нехта хоча ўдзельнічаць у саюзе, маючы толькі «пышкі», а ня маючы «шышак», тады можа атрымацца, што ўрэшце ня будзе ані шышак, ані пышак. І будзе сувэрэнная Вугоршчына з мытнай мяжой, з памежнымі пераходамі, і ніхто ня будзе яе прымушаць, ніхто ня будзе ёй квоты ўсталёўваць. Тады Эўразьвязу проста не будзе.

Я не кажу, што да такога сцэнару ўсё ідзе, але вось гэты рэфэрэндум сьведчыць пра крызыс ідэнтычнасьці, што масавая сьвядомасьць не ўспрымае гэтую сувязь, што трэба ахвяраваць нечым у абмен на нешта.

Крызіс можа быць вырашаны і так, і гэтак. Крызыс можа быць пераадолены ці ў выглядзе нейкага кампрамісу, як Эўразьвяз да яго заўсёды прыходзіў, ці ў форме «Вугорсіту» — выхаду Вугоршчыны з Эўразьвязу.

Цыганкоў: Я б не сказаў, што адбыўся такі відавочны раскол на Цэнтральную і Заходнюю Эўропы па гэтым пытаньні. Аўстрыя, Данія, Польшча і Вугоршчына пакуль не разьмясьцілі ў сябе ў рамках гэтай праграмы ніводнага ўцекача. Дзьве заходнія, дзьве ўсходнеэўрапейскія краіны.

Што да вашых, Юры, развагаў, то якраз Вугоршчына і іншыя краіны кажуць: мінусы мы гатовыя цярпець, цяжар гатовыя несьці, калі яны аб’ектыўныя. А гэта тыя мінусы, супраць якіх мы былі. Мы былі супраць таго, каб Эўразьвяз прымаў бескантрольна гэтых уцекачоў. Мы лічым, што іх трэба прымаць на тэрыторыі Турэччыны, Сырыі, увогуле не пускаць у Эўропу. Чаму мы павінныя адказваць на мінусы, якія мы нават не хацелі, каб яны былі? Тут таксама пытаньне дастаткова дыскусійнае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG