Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Русский мир» у беларускім касьцёле, — у Магілёве каталікі ўпершыню правялі імшу па-расейску


Магілёўская катэдра. Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі
Магілёўская катэдра. Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі

У Магілёве ўпершыню адбылася каталіцкая імша на расейскай мове. У катэдральны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Станіслава прыйшлі на яе 34 чалавекі.

Цягам некалькіх дзён у канцы беларускамоўных службаў сьвятары абвяшчалі, што ад нядзелі 2 кастрычніка пачнуцца службы па-расейску. Сьвятары тлумачылі: быў зварот ад вернікаў, якія папрасілі праводзіць такія службы, бо не разумеюць беларускай і польскай моваў. Адзначалася, што набажэнствы на расейскай мове — экспэрымэнт і далейшы яго лёс будзе залежаць ад наведваньняў.

Незадаволенасьць расейскамоўнай імшой ёсьць, але не публічная

Тым часам некаторыя каталікі, якія прыходзяць на службы па-беларуску, ня ўтойвалі сваёй незадаволенасьці расейскамоўнымі набажэнствамі. Іх дазвол вернікі разглядалі як правакацыю ці дапускалі, што каталіцкія герархі пагадзіліся на ініцыятыву пад ціскам уладаў. Вернікі адзначалі, што не змаглі адшукаць у гісторыі магілёўскага касьцёлу, каб службы адпраўлялі на расейскай мове. Разам з тым ніводзін з незадаволеных не пагадзіўся публічна агучыць сваёй пазыцыі. Сваю адмову тлумачылі тым, што касьцёл ня месца для палітыкі.

Устрымаліся ад камэнтароў наконт расейскамоўных набажэнстваў і магілёўскія сьвятары. У прыватных гутарках яны давалі разумець, што дазвол на службы па-расейску — гэта місіянэрскі крок.

Мы выхоўваліся па-расейску і хочам расейскамоўнай імшы

Сьвятая імша на расейскай мове была прызначаная на 17 гадзінаў. Вялікага наплыву вернікаў на яе не назіралася. Час ад часу на цьвінтары зьбіраліся невялікія купкі людзей, якія між сабою гутарылі, а потым заходзілі ў касьцёл.

За гэтай брамай — расейскамоўнае набажэнства
За гэтай брамай — расейскамоўнае набажэнства

— Мы беларусы, але мы расейскамоўныя беларусы. Усё жыцьцё мы пражылі ў нашай вялікай краіне — Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, — адрэагаваў на пытаньне журналіста, чым выкліканая неабходнасьць правядзеньня расейскамоўных набажэнстваў, вернік, які прыйшоў на службу з жонкай. — Мы выгадаваліся на расейскай мове, і, галоўнае, мы думаем па-расейску. Працэнтаў дзевяноста беларусаў таксама думаюць на расейскай мове. Гэта мае вялікае псыхалягічнае значэньне для чалавека, — патлумачыў сваю пазыцыю суразмоўца. — У той жа час мы любім, нам падабаецца беларуская мова, але думаем мы ўсё ж на расейскай. Таму яна нам і родная.

— Мы большую частку жыцьця пражылі ў Санкт-Пецярбургу. Выйшлі на пэнсію і прыехалі ў Беларусь, — далучылася да гутаркі жонка суразмоўцы.

Пачуеш беларускае слова і не разумееш

— Я сёньня пабываў на беларускамоўнай імшы, і найбольш актыўныя вернікі напружыліся, пачуўшы абвестку, што ў касьцёле адбудзецца служба па-расейску. Некаторыя з іх ня ўтойвалі, што такі крок разглядаюць, як правакацыю? — пытаю суразмоўцаў.

— Я магу і па-беларуску гаварыць, — пасьпяшалася адказаць магілёўская каталічка. — Я вывучала набажэнствы па-беларуску і па-польску. Мяне завуць Браніслава, і бабцю маю звалі Браніслава. Яна таксама была каталічка. Аднак іншым разам пачуеш беларускае слова і ня ведаеш, што яно азначае, бо думаеш усё роўна на расейскай. У нас жа і малітоўнікі на расейскай мове ёсьць, — паказала малітоўнікі кабета, сьпяшаючыся з мужам на службу.

Расейскамоўны малітоўнік
Расейскамоўны малітоўнік

Прыйшла паглядзець, колькі вернікаў ня ведаюць беларускай мовы

— Прыйшла, каб паглядзець, хто не разумее беларускай мовы. Дзеля цікавасьці прыйшла, — заявіла наступная суразмоўца. — Гэтай ініцыятыве «русский мир» паспрыяў. Ня думаю, каб дваццаць вернікаў наважыліся на такі крок. Гэта ня першая ўжо спроба. Папярэднія скончыліся нічым, і гэтая скончыцца гэтаксама, — упэўнена адзначыла беларускамоўная каталічка.

Побач Расея

Наступная суразмоўца ў купцы са сьвятаром абмяркоўвала навіны каталіцкага жыцьця. На пытаньне, ці прыйшла яна на расейскамоўнае набажэнства, пэўна не адказала, аднак ініцыятыва такая ёй даспадобы.

Малітоўнік выдрукаваны ў Санкт-Пецярбургу
Малітоўнік выдрукаваны ў Санкт-Пецярбургу

— Мы знаходзімся побач з Расеяй, і людзям, якія прыяжджаюць адтуль, сапраўды цяжка маліцца па-беларуску ці па-польску. У каго слабая вера, той прыйдзе, паслухае і скажа: «Ай, мне неяк незразумела». І перастане хадзіць у касьцёл. Перастане змагацца, і самі ведаеце, да чаго гэта прывядзе«, — выклала сваю пазыцыю дзяўчына і тут жа дадала:

«Калі ж служба будзе на роднай мове такіх вернікаў, то нават для пяцёх яе трэба праводзіць, у гэтым ёсьць сэнс».

— А чаму, — пытаю у суразмоўцы, — такая ініцыятыва ўзьнікла цяпер, а ня год ці два таму?

— Бо больш сьвятароў стала, — адказала яна. — Раней не было рэсурсаў, а цяпер яны зьявіліся.

У гісторыі каталіцкай парафіі ніводнага радка па-расейску
У гісторыі каталіцкай парафіі ніводнага радка па-расейску

— Прыйшлі да біскупа расейскамоўныя вернікі, каб была імша на іхняй мове", — далучыўся да гутаркі сьвятар. — Калі б да яго прыйшлі нямецкамоўныя, то біскуп меўся б зрабіць імшу па-нямецку. Трэба быць адкрытым для людзей, каб яны сустрэлі Хрыста.

Нязвыкла беларусу чуць у касьцёле расейскую мову

— Я сёньня пасьпеў пагутарыць зь вернікамі-беларусамі, і яны напружана ставяцца да весткі, што службы будуць на расейскай мове, — кажу да дзячыны. Тая, паразважаўны, адказвае:

— Проста для іх нязвыкла чуць імшу на расейскай мове. Беларусы ж заўжды моляцца па-беларуску. Для нас гэта натуральна. Таму, калі на расейскай мове, то гэта неяк дзіўна. Аднак такія вернікі не разумеюць, што трэба ня толькі пра сябе думаць, але і пра тых людзей, якія не разумеюць беларускай. Пагатоў, як сказаў айцец Раман, нават калі ёсьць просьба да біскупа, то ён ня можа адмовіць. І як можна адмовіць чалавеку маліцца на ягонай роднай мове?

Падазрона, што беларусы не разумеюць беларускай мовы

Яшчэ адна маладая каталічка прызнаецца, што зь недаверам ставіцца да ініцыятывы наконт расейскамоўнай службы. Суразмоўца бачыць у ёй няшчырасьць:

— Я ўсё сваё жыцьцё хаджу ў касьцёл, і службы праходзяць па-беларуску і па-польску. Да расейскамоўнай імшы стаўлюся троху насьцярожана. Я прысутнічала на такіх службах, калі адбываліся міжнародныя сустрэчы з удзелам беларускай, расейскай і ўкраінскай моладзі. Але тады расейская мова дапамагала паразумецца. З аднаго боку, расейскамоўныя службы, можа, і дапамогуць людзям, якія кажуць, што не разумеюць па-беларуску. А з другога боку, дужа падазрона, што гэтыя людзі не разумеюць беларускай мовы, хоць яны ў Беларусі жывуць.

Расейскамоўнае набажэнства ў магілёўскім касьцёле
Расейскамоўнае набажэнства ў магілёўскім касьцёле

Мы інтэрнацыяналісты — за мір і спакой

— Расейскамоўныя службы — гэта дужа добра, — заяўляе наступная суразмоўца, якая прыйшла на імшу. — Мы ж жылі ў адной краіне — Савецкім Саюзе, і расейская мова для нас была асноўнай. Я, напрыклад, гавару на расейскай, думаю на ёй, хоць магу гаварыць і на беларускай. Не істотна, на якой мове будуць службы — на беларускай, расейскай ці лаціне — галоўнае, каб людзі прыходзілі ў касьцёл.

— Наколькі карэктна казаць пра Савецкі Саюз, Савецкі Саюз жа закрыў гэты касьцёл? — пытаю суразмоўцу.

— Так, але ён не закрыў наша жыцьцё, — адказвае яна. — Мы гадаваліся ў Савецкім Саюзе ў расейскамоўным асяродку. Мы інтэрнацыяналісты. Мы вітаем усе мовы. Аднолькава ставімся да ўсіх нацыянальнасьцяў, бо яна не вызначае чалавека. Калі ўсе жывуць у міры і згодзе, то гэта добра.

Правакацыі ня бачу

— Я ніякай правакацыі ў гэтым ня бачу, — адрэагавала яшчэ адна наведніца касьцёлу на згадку пра незадаволенасьць беларускамоўнымі каталікамі правядзеньнем расейскамоўных службаў. — Я не надаю вялікага значэньня мове. Для мяне галоўнае — адчуваць сябе камфортна, каб было лёгка выказваць свае думкі. А іх я магу выказваць на расейскай мове. Я трымаюся больш місіянэрскага духу. А чаму расейская мова выклікае такое нэгатыўнае стаўленьне на нашай прасторы? — задала рытарычнае пытаньне жанчына.

Расейскамоўнае набажэнства дазволілі ў год міласэрнасьці
Расейскамоўнае набажэнства дазволілі ў год міласэрнасьці

Чаму беларусы не аддаюць сваіх дзяцей у беларускія клясы

— Я прыехала ў Беларусь даўно, я не беларуска, — ня стала ўтойваць суразмоўца. — Але я люблю беларускі народ і гэтую краіну. Я крыху была зьдзіўленая, што беларусы не гавораць на беларускай мове, але ўспрыняла гэта як належнае. Ня хочуць і не гавораць. Беларускія клясы спрабуем адкрываць. Трое чалавек сёлета толькі ў іх пайшло. Чаму людзі, якія нэгатыўна ставяцца да службы на расейскай мове, аддаюць сваіх дзяцей не ў беларускія клясы, а ў расейскамоўныя школы? — зноў паставіла пытаньне жанчына і гэтым разам паспрабавала на яго адказаць: — Трэба дзяцей зь пялюшак вучыць гаварыць па-беларуску, зь сям’і пачынаць, каб дзеці пайшлі ў садок беларускамоўнымі. А ў школе пачыналі вучыць расейскую мову як дадатковую. А не патрабаваць ад касьцёлу, каб ён вучыў беларускай мове.

Як кажуць у магілёўскім касьцёле, расейскамоўныя каталікі пагадзіліся, што набажэнствы на іхняй мове будуць адбывацца толькі ў касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG