Музэй гісторыі Магілёва прэзэнтаваў грамадзкасьці свае апошнія набыткі. Сярод іх кніга «Новы запавет з Псалтыром», выдадзеная ў Куцеінскай друкарні ў 1652 годзе. А таксама аналой, пашыты з рызы праваслаўнага сьвятара, якую ў сваю чаргу сшылі са слуцкага поясу. Экспазыцыю музэю папоўняць знойдзеныя школьнікамі фрагмэнты зброі розных часоў.
Прэзэнтацыя набыткаў адбылася на вечарыне прымеркаванай да традыцыйнага Дня гарніста. У 2014 годзе ў будынку ратушы ўмайстравалі мэханічнага фанфарыста, якога назвалі Магіслаў. 1 кастрычніка стаў днём шанаваньня ахоўніка гораду, як яго называюць супрацоўнікі Музэя гісторыі Магілёва. Штогод 1 кастрычніка музэй і праводзіць свае прэзэнтацыі.
Пра куцеінскі старадрук апавёў магілёўцам, якія сабралі ў залі ўрачыстых пасяджэньняў ратушы, намесьнік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясьвіж» Зьміцер Яцкевіч. Ён вывучаў экспанат.
Паводле экспэрта, гэты старадрук рэдкі для Беларусі.
«Сярод старадрукаў Куцеінскай друкарні гравюры ў ім найлепшыя. Такія кнігі друкаваў Сьпірыдон Собаль ды іншыя друкары магілёўскай друкарні. Найвялікшая каштоўнасьць у ёй гравюры сьвятых эвангелістаў, якія захаваліся ў даволі добрай якасьці. Хоць стан не найлепшы», — казаў пра выданьне Зьміцер Яцкевіч.
Паводле гісторыка куцеінскія друкары насыцілі такімі кнігамі рынак Вялікага княства Літоўскага і спрабавалі выйсьці на рынак Маскоўскага княства.
Дырэктар музэю Аляксей Бацюкоў спасылаючыся на дасьледчыкаў куцеінскіх старадрукаў, адзначыў іх моўныя асаблівасьці. На ягоную думку ў такіх кнігах шмат беларускіх дыялектных абаротаў.
«Куцеінскія кнігі — гэта найперш перадрук беларускіх, альбо украінскіх выданьняў, у тым ліку Собалеўскіх выданьняў. Адпаведна мы можам заключыць, што асаблівасьці беларускай і ўкраінскай мовы траплялі на старонкі гэтых кніг. Гэта не расейскія кнігі», — казаў Аляксей Бацюкоў.
Прэзэнтаваны аналой (сьвятарская падстаўка пад кнігі з накідкай) сшыты з слуцкіх паясоў, як і куцеінскі старадрук набыты музэем дзякуючы спонсарскай дапамозе.
На ўрачыстасьці былі ўганараваныя дыплёмамі школьнікі, якія адшукалі і перадалі музэю фрагмэнты зброі розных часоў.
Скульптар Андрэй Вераб’ёў перадаў музэю накладкі на агароджу адрамантаванага мота цераз Дняпро — выява герба Магілёва з Пагоняю ды львоў.