Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка сёньня — не чараўнік, а казачнік»


Ці ёсьць нейкія падставы меркаваць, што эканоміка Беларусі можа выйсьці на станоўчыя тэмпы разьвіцьця ў наступным годзе? На што разьлічвае Аляксандар Лукашэнка, заяўляючы, што рэформаў Беларусі не патрэбна? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць эканамісты Барыс Жаліба і Леў Марголін. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: У пятніцу 23 верасьня Аляксандар Лукашэнка заслухаў даклад ураду пра эканоміку за мінулы пэрыяд гэтага году і бюджэт на 2017 год. «Няма галоўнага — росту эканомікі, нават таго, які мы заплянавалі. Складаецца ўражаньне, што насуперак прынятай праграме на пяцігодку ўрад рэалізуе інэрцыйны сцэнар разьвіцьця», — сказаў Лукашэнка. Але хіба магчымы ўвогуле ў цяперашніх умовах рост эканомікі ў 2017 годзе?

Барыс Жаліба, архіўнае фота
Барыс Жаліба, архіўнае фота

Жаліба: Думаю, што крыніцаў росту эканомікі налета няма. Лукашэнка абвінавачвае прэм’ера Кабякова, што ўрад рухаецца па інэрцыі. Але што магло здарыцца ў нашай эканоміцы, каб ВУП пачаў расьці? Разьлік быў толькі на выздараўленьне эканомікі Расеі. А тут акурат Расея і Беларусь ня могуць дамовіцца пра газ, Расеі зьменшыла даставы нафты. І калі летам зьявілася нейкая тэндэнцыя, што падзеньне запаволілася, то цяпер зноў зьніжэньне ВУП пайшло ў рамках 3 працэнтаў.

Цыганкоў: Але ці вынікае з вашых словаў, што калі здарыцца нейкі палітычны цуд, беларускае кіраўніцтва дамовіцца з Масквой на сваіх умовах, цана за газ упадзе да 70 даляраў і даставы нафты ў Беларусь адновяцца ў поўных маштабах — то ўсё будзе нармальна?

Жаліба: Ня будзе нармальна. Дамовяцца Менск і Масква — але гэта радыкальна не дапаможа. Бо санкцыі да расейскай эканомікі застаюцца, цана на нафту будзе па-ранейшаму нізкая. Няма пераканаўчых крыніцаў росту беларускага ВУП і даходаў насельніцтва налета. Нэгатыўныя замежныя чыньнікі застаюцца. Наша эканоміка застаецца аднабаковай паводле сваёй структуры і кірункаў экспарту.

Цыганкоў: Вось спадар Жаліба перш за ўсё сканцэнтраваўся на замежных неспрыяльных чыньніках, але, безумоўна, праблемы беларускай эканомікі выкліканыя і эканамічнай палітыкай уладаў. Што не дае расьці беларускаму ВУП? Нагадаю, дарэчы, што даходы насельніцтва ўпалі летась на 7 працэнтаў.

Леў Марголін, архіўнае фота
Леў Марголін, архіўнае фота

Марголін: На мой погляд, галоўны складнік крызісу — унутраныя чыньнікі. Ня можа разьвівацца эканоміка без інвэстыцыяў, найперш замежных. Іх як не было — так і няма.

Няма ніякіх падставаў казаць, што калі нават здарыцца цуд і расейская эканоміка пачне выпраўляцца, то ўдзельная вага нашых тавараў на расейскім рынку пачне расьці. Бо там вялікая канкурэнцыя, і, як мы бачым на прыкладзе МАЗу, ня толькі экспарт падае ў абсалютных лічбах, але і доля нашай прадукцыі на расейскім рынку таксама падае. Таму калі раптам адмянілі б антырасейскія санкцыі і расейская эканоміка пачала б аднаўляцца, ня факт, што і мы мелі б адпаведную тэндэнцыю. Так што спалучэньне ўнутраных і вонкавых чыньнікаў пераконвае, што ні пра які рост дабрабыту, рост ВУП, прадукцыйнасьці працы ў 2017 годзе гаварыць не даводзіцца.

Цыганкоў: Падчас выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году ішлі даволі гарачыя спрэчкі наконт таго, што ўлады вымушаныя будуць пайсьці на эканамічныя рэформы. Але цяпер часам нават тыя ж самыя аўтары пішуць, што рэформаў няма і не прадбачыцца. Чаму ўлады вырашылі, што без рэформаў удасца праіснаваць і не давесьці эканоміку да поўнага развалу?

Жаліба: Чаго патрабуюць нашыя крэдыторы? Разьвіваць прыватны сэктар праз прыватызацыю, адмовіцца ад дырэктыўнага крэдытаваньня, ад бюджэтнай падтрымкі стратных прадпрыемстваў, ад празьмернай прысутнасьці дзяржавы ў эканоміцы. Але гэтага ня робіцца, бо кіраўнік дзяржавы лічыць, што гэта ўсё можа быць пагрозай для палітычных асноваў.

Так, эканамічная сытуацыя змушае ўлады нешта рабіць. Мы шукаем стратэгічных інвэстараў, каб яны купілі нашыя “флагманы”. Але гэта цягнецца гадамі, актывы старэюць, зношваюцца, і ўжо няма і тых патэнцыйных пакупнікоў, якія былі 5-10 гадоў таму. Уражаньне, што ўлады проста чакаюць, калі эканоміка Расеі “падымецца з каленяў”. Але так можна дачакацца і поўнага развалу беларускай эканомікі.

Віталь Цыганкоў, архіўнае фота
Віталь Цыганкоў, архіўнае фота

Цыганкоў: Чарговая місія МВФ цяпер якраз знаходзіцца ў Беларусі. Мне акурат здаецца, што неабходнасьць у крэдытах зараз настолькі моцная, што ўлады вымушаныя будуць пагадзіцца з умовамі МВФ і дасягнуць зь імі пагадненьня. Ці падзяляеце вы такі прагноз?

Марголін: Ужо неаднойчы даводзілася нагадваць, што Лукашэнка цягам году ўжо 4 ці 5 разоў казаў, што рэформаў ня будзе. Гэта хутчэй за ўсё рэакцыя на тое, што ўрад падштурхоўвае яго на гэтыя рэформы. Не МВФ, а наша кепская сытуацыя падштурхоўвае да рэформаў.

Калі нашаму ўраду, які разумее, што без рэформаў не абысьціся, удасца пераканаць у гэтым Лукашэнку — то нешта будзе рабіцца. Калі ён па-ранейшаму будзе лічыць, што ўсякія рэформы — гэта пагроза ягонай уладзе, то будзе стаяць да апошняга. А калі гэта «апошняе» будзе.. Гісторыя паказвае, што краіны могуць дзесяцігодзьдзямі знаходзіцца ў такой сытуацыі — нехта зьяжджае, нехта пераходзіць на натуральную гаспадарку. Адказ на пытаньне за Лукашэнкам.

Цыганкоў: Ці рэалістычна выканаць рашэньні, прынятыя на Ўсебеларускім сходзе, наконт росту да 2020 году на 14-15 працэнтаў? Менавіта пра гэтыя лічбы нагадаў ураду Лукашэнка…

Марголін: Гэта не такія і вялікія лічбы. Калі б рабілася тое, што трэба — то гэта цалкам рэальна. Але пры цяперашняй палітыцы гэта будзе цудам. Але каб былі цуды — патрэбны чараўнік, а ня казачнік. А Лукашэнка на сёньня — казачнік.

Жаліба: Лічбы росту ВУП на 5 гадоў — сапраўды, даволі сьціплыя. Але я ня веру нават у іхнае выкананьне. Бо інвэстары ня хочуць ісьці ў эканоміку, дзе мяняюцца правілы гульні, дзе ўсё залежыць ад аднаго чалавека. А калі няма інвэстыцыяў і капіталаўкладаньняў — то няма і разьвіцьця.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG