Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Віцебску робяць апошнюю спробу ўратаваць парк ад зьнішчэньня дзеля будаўніцтва копіі Сафійскага сабору


Праект Сафійскага сабору ў Віцебску
Праект Сафійскага сабору ў Віцебску

Апошняй спробай уратаваць парк, дзе праваслаўная царква разам зь мясцовымі ўладамі хочуць зьнішчыць больш за 200 дрэваў, стаў пісьмовы зварот да Аляксандра Лукашэнкі.

Калектыўны ліст напісалі жыхары вуліц Урыцкага і Чэхава — бліжэйшых да ўжо абгароджанай будаўнічай пляцоўкі.

Агароджа будаўнічай пляцоўкі
Агароджа будаўнічай пляцоўкі

Там гаворыцца, што грамадзкае абмеркаваньне пэрспэктыўнага будаўніцтва, якое праводзілася летась, было чыста намінальным: яго праводзілі ў працоўны дзень, не спавясьціўшы належным чынам жыхароў Віцебска. І што праект, які двойчы не прайшоў экалягічную экспэртызу і быў падтрыманы толькі з трэцяга разу, віцябляне так і ня ўбачылі. Хаця абмеркаваньне гэтага, трэцяга і канчатковага варыянту, мусілі зладзіць мясцовыя ўлады — адміністрацыя Кастрычніцкага раёну, на тэрыторыі якога зьбіраюцца ўзьвесьці новы аб’ект.

Ідэя ўзьвесьці ў Віцебску копію полацкага Сафійскага сабору, якім ён быў у 11-м стагодзьдзі, была агучаная ў 2013 годзе. Яна належыць архіяпіскапу Віцебскаму і Аршанскаму Дзімітрыю, які заявіў, што гэтае будаўніцтва «асабліва актуальнае ў сувязі са сьвяткаваньнем 1025-годзьдзя Хрышчэньня Русі.

Фінансаваньне аб’екта, паводле віцебскіх чыноўнікаў і царкоўных уладаў, нібыта бярэ на сябе расейскі «Газпрам». Зь ягоным удзелам была выбрана і пляцоўка для будаўніцтва — зялёная зона ў гістарычным цэнтры Віцебску — сквэр 70-цігодзьдзя Віцебскай вобласьці паміж вуліцамі Ўрыцкага і Чэхава, цэнтральная алея якога вядзе да ўзьбярэжжа Дзьвіны. Частка гэтага сквэра — гэта Парк партызанскай славы вакол музэя Міная Шмырова, і ўчастак гэтай тэрыторыі таксама трапіў “за загародку”, калі будаўнічую пляцоўку пачалі абгароджваць плотам.

Усе акалічнасьці, зьвязаныя з будаўніцтвам копіі полацкага сабора якога ў Віцебску ніколі не было, выкладзены ў лісьце да Аляксандра Лукашэнкі. Віцябляне пытаюцца, чаму праект у апошнім варыянце ня быў прадстаўлены грамадзкасьці і што ў ім зьмянілі, каб яго прыняла экспэртыза Віцебскага абласнога камітэту па ахове прыродных рэсурсаў.

Гараджан цікавіць, ці ёсьць гарантыя, што знойдуцца спонсарскія сродкі, або парк будзе зьнішчаны, і праект апынецца даўгабудам, на які ўлады змусяць зарабляць грошы дабрачыннай працай на прымусовых суботніках. І хто прыняў рашэньне пра будаўніцтва храма ў гістарычным цэнтры горада, дзе й без таго шмат цэркваў, якія стаяць паўпустыя нават у дні вялікіх праваслаўных сьвятаў.

А таксама ці патрэбны гэты аб’ект увогуле — у той час, калі ў Віцебску бракуе школ і дзіцячых садкоў, недабудаванымі стаяць многія мэдычныя і культурніцкія аб’екты, разбураюцца, не дачакаўшыся рэстаўрацыі, сапраўдныя помнікі архітэктуры…

Копію ліста да Аляксандра Лукашэнкі віцябляне зьбіраюцца накіраваць і да старшыні аблвыканкаму Мікалая Шарсьнёва.Зрэшты, гэта ня першы пратэстны зварот мясцовых жыхароў з нагоды будаўніцтва копіі полацкага Сафійскага сабору.

Увесну больш за пяць тысячаў віцяблян падпісала віртуальную пэтыцыю са зваротам да мітрапаліта Паўла. Найвышэйшага беларускага царкоўнага гіерарха прасілі выратаваць парк ад зьнішчэньня. А калі новы сабор такі ўжо неабходны — то збудаваць яго ў іншым раёне горада, бо шмат дзе вернікі ня маюць дзе маліцца.

Гэты зварот быў праігнараваны — застаўся без адказу. І ўвогуле прадстаўнікі праваслаўнай царквы паўсюль цьвердзяць, што будаўніцтва копіі Сафійскага сабору дужа ўхваляецца гараджанамі, а факты грамадзкага пратэсту прыхоўваюць. Тым часам , пытаньне пра будаўніцтва сабору без згоды гараджанаў ужо перарасло маштабы Віцебска: свае водгукі на гэтую праблему разьмясьцілі інтэрнэт-рэсурсы самай рознай, у тым ліку атэістычнай накіраванасьці.

Дарэчы, зусім непадалёк ад месца, абранага для будаўніцтва псэўдагістарычнага помніка архітэктуры, месьціцца будынак Віцебскай эпархіі праваслаўнай царквы. Яго збудавалі ў 1970-м годзе, і доўгі час гэты гмах па вуліцы Чэхава займала віцебская культурна-асьветніцкая вучэльня. Потым улады аддалі яго праваслаўнай царкве. І гэтае блізкае суседзтва з новым культавым аб’ектам, верагодна, таксама не апошні аргумэнт Віцебскай эпархіі на карысьць будаўніцтва, абсалютна не прымальнага для значнай часткі гараджан.

У парку ўжо зьявіўся і будаўнічы вагончык
У парку ўжо зьявіўся і будаўнічы вагончык

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG