Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З пыласмокам стаяць або ўнітаз чысьціць — ня самае складанае ў жыцьці», — стартап братоў-каліноўцаў


Іван Шыла
Іван Шыла

Былыя маладафронтаўцы і выпускнікі праграмы імя Каліноўскага для рэпрэсаванай беларускай моладзі Іван і Ільля Шылы адкрылі ўласны бізнэс па прыбіраньні кватэр.

Клінінгавая кампанія «Чысты кіт» існуе крыху больш за месяц. Браты зьнялі офіс, набылі абсталяваньне і нанялі супрацоўнікаў.

Пра першы досьвед выезду на прыборку кватэры піша інтэрнэт-выданьне «Тваё заўтра».

Клінінг — гэта проста

Клінінгавая кампанія братоў Шылаў разьмясьцілася на вуліцы Кастрычніцкай, у атачэньні ўпадабаных менскімі хіпстэрамі кавярняў «Лаўка», «Дэпо» і «ENZO».

Іван Шыла адказвае на тэлефонныя званкі патэнцыйных супрацоўнікаў. Кажа, што за апошнія тыдні адказаў амаль на 200 такіх званкоў.

Перад першым выездам Іван кажа, што пакуль «набіваюць руку», езьдзяць па знаёмых:

«Гэта наш першы пасьля тэставых прыборак выезд на замову. Едзем да сяброў. Калі добра прыбяром, то, можа, і заплацяць».

Па дарозе Іван тлумачыць, чаму яны з братам пачалі займацца менавіта клінінгам:

«Абдумвалі шмат якія IT-ідэі, але яны патрабавалі куды большых інвэстыцый. Ды і складана ўсё зь імі, а клінінг — гэта проста».

Іван кажа, што апошнія месяцы практычна не адпачывае, працуе па 16 гадзін на суткі. Паралельна зь бізнэсам, які адымае шмат высілкаў і часу, ён працуе на тэлеканале «Белсат» у сферы SMM, яго брат займаецца WEB-дызайнам і праграмаваньнем.

«Цягам працоўнага дня займаюся сеткамі на „Белсаце“, увесь астатні час тут: штосьці закупляю або пішу на сайт „Чыстага кіта“. Я сам складаў тэксты працоўных дамоваў, статут арганізацыі. Цяпер адказваю за рэкляму і залучэньне кліентаў», — кажа Іван.

На Ільлі ў асноўным тэхнічная частка працы, ён стварыў сайт «Чыстага кіта». У астатнім хлопцы адказваюць за бізнэс разам.

«Гатовы прыбіраць сам і ўжо гэта раблю»

Кватэра, якую трэба было прыбіраць, знаходзілася па вуліцы Калініна ў Менску. Маладая гаспадыня адразу дала рэкамэндацыі: памыць вокны, посуд і падлогу, адшараваць кухонныя шафы, прыбрацца ў ванным пакоі і працерці пыл.

Паводле слоў Івана, стандартная прыборка ў такой кватэры каштуе каля 55 рублёў (трохпакаёвая кватэра каля 70 квадратных мэтраў). Асобная плата бярэцца за кожнае вымытае акно і за духавую шафу — 10 рублёў. Выніковая сума склала 120 рублёў.

Расставілі фляконы з мыйнымі сродкамі і ўключылі таймэр: павінны пасьпець за тры гадзіны. Абсталяваньне ў кампаніі непрафэсійнае, для дома, закуплялася ў Польшчы.

Іван адразу ж узяўся за мыцьцё падваконьнікаў, пасьля яму трэба было адмыць кухонную пліту.

«Гатовы прыбіраць сам і ўжо гэта раблю. З пыласосам стаяць або ўнітаз чысьціць — ня самае складанае ў жыцьці. У мяне быў багатая армейская практыка. Падчас тэставых прыборак мы разам з братам сваімі рукамі ўсё чысьцілі», — кажа Іван.

Іван увесь час хваляваўся, што хлопцы не пасьпеюць справіцца ў належны тэрмін. Бо пакуль яшчэ цяжкавата каардынаваць працэс прыбіраньня. Замест звычайных трох справіліся за чатыры гадзіны. Ня дзіўна — кватэра сапраўды была прасторная. Тым ня менш гаспадыня засталася задаволеная.

Вокны мые былы сьледчы — такая праца не напружвае

Пакуль у штаце братоў Шылаў тры работнікі. Набіраюць моладзь з тае прычыны, што зь ёй прасьцей працаваць. Але паралельна разглядаюць рэзюмэ работнікаў старэйшага веку.

Мэнэджар кампаніі Павал — галоўны тэхнічны работнік, адказвае за наладку і спраўнасьць абсталяваньня. Кажа, што ў іх кампаніі няма галоўных, усё робяць адну справу і ў любы момант могуць замяніць адзін аднаго.

Максім раней працаваў у Сьледчым камітэце. Цяперашняя ж праца яго цалкам задавальняе і, як прызнаецца, зусім не напружвае.

Іван сваімі работнікамі задаволены:

«Я асабіста гутару з усімі. Ёсьць людзі, якія мне адразу надакучваюць і не падабаюцца. Ёсьць тыя, зь якімі будзе цяжка. Адсейваю адразу незадаволеных умовамі працы і тых, хто сумняваецца. Мне хочацца бачыць хоць бы зацікаўленасьць у чалавеку. Досьвед таксама рэч не крытычная. Пройдзе пяць прыборак, і чалавек будзе без праблем спраўляцца».

Наступны крок — бізнэс па арэндзе кватэр

Іван прызнаецца, што два гады запар «праляжаў на канапе». Цяпер ён вельмі рады таму, што ў іх з братам атрымалася пераступіць псыхалягічны бар’ер і пачаць уласную справу:

«Мы з братам ня проста казалі, што хочам заняцца бізнэсам, а пачалі ім займацца. Разьлічваем атрымаць разуменьне, як гэта працуе, і досьвед», — кажа ён.

Паводле слоў Івана, укладзеныя грошы можна «адбіць» ужо праз 2 месяцы. Аднак хлопцы зьбіраюцца рэ інвэставаць. Штат іх «клінераў» будзе пастаянна пашырацца, як і дзейнасьць — так плянуюць браты Шылы. Сам Іван не зьбіраецца спыняцца на клінінгу:

«Мяне яшчэ вельмі цікавіць арэнда кватэр. Пакуль прапрацоўваю ідэю».

Іван таксама не выключае магчымасьці, што праз нейкі час можа сам стаць бізнэс-коўчам, будзе перадаваць свой досьвед і падтрымліваць пачаткоўцаў-стартапэраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG