Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2018 годзе выйдзе італьянска-беларускі слоўнік


Беларускія мовазнаўцы на працягу двух гадоў будуць складаць італьянска-беларускі слоўнік, паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі.

У калектыў складальнікаў і арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы слоўніка ўвайшлі вядучыя спэцыялісты ў галіне беларускай і італьянскай моў Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, а таксама катэдраў італьянскай мовы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Праца над праектам пачнецца ў студзені 2017-га і працягнецца да канца 2018 году.

Тэма стварэньня італьянска-беларускага слоўніка была закранутая на сустрэчы старшыні прэзыдыюма НАН Беларусі Ўладзімера Гусакова і пасла Італіі Стэфана Б'янкі 22 верасьня ў Менску.

Ідэя стварэння італьянска-беларускага слоўніка належыць Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Праект па падрыхтоўцы гэтай кнігі стаў пераможцам на конкурсе міжнародных праектаў, які штогод праводзіць італьянскае МЗС.

Паводле прэс-службы Акадэміі навук, італьянска-беларускі слоўнік стане «першым у гісторыі беларускага мовазнаўства перакладным лексыкаграфічным даведнікам, прызначаным для перакладу з італьянскай мовы на беларускую мову тэкстаў розных жанраў і стыляў, у першую чаргу, мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры».

У слоўнік увойдзе 35 тысяч найчасьцей ужываных словаў італьянскай мовы.

Пра гэта інфармуе БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG