Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 23 верасьня: «Пешаходныя вершы» ў Берасьці, Мацкевіч у Віцебску, «Мысьленьне LIVE» у Менску


Анталёгія беларускага мысьленьня «Код прысутнасьці».
Анталёгія беларускага мысьленьня «Код прысутнасьці».

Бліц-агляд падзеяў і датаў гэтага дня.

Афіша:

У судзе Маскоўскага раёну сталіцы будуць разглядаць адміністрацыйную справу супраць апазыцыйнага актывіста Аляксандра Таўстыкі за перадвыбарчы пікет.

У Берасці пройдзе акцыя «Пешаходныя вершы». Цэнтральныя пешаходныя дарожкі гораду пакрыюцца радкамі з твораў беларускіх аўтараў. Арыенціровачна збор удзельнікаў акцыі заплянаваны на 11:30 на скрыжаваньні вуліц Гогаля і Савецкай.

У Віцебску ў арт-пабе «Торвальд», (вул. Камсамольская, 32) у межах Тыдня беларускага мысьленьня адбудзецца сустрэча з Уладзімірам Мацкевічам. Будзе прэзэнтаваная «Анталёгія беларускага мысьленьня», якая пабачыла сьвет пад назвай «Код прысутнасьці». Пачатак а 17:30, уваход вольны.

У менскай кнігарні ЛогвінаЎ (пр. Незалежнасці, 37а) таксама ў межах Тыдня беларускага мысьленьня адбудзецца музычна-інтэлектуальная чытанка з цыклу «Мысьленьне LIVE: лёгкія партызанскія (з)рухі». Удзельнкі — Максім Жбанкоў і Сяргей Пукст. Пачатак а 21-й гадзіне.

Гэты дзень у гісторыі:

1648 — пачалася бітва пад Піляўцамі між аб’яднанымі войскамі Багдана Хмяльніцкага і Крымскага ханства супраць войска Рэчы Паспалітай.

1793 — скончыўся Гарадзенскі сойм — апошні сойм Рэчы Паспалітай.

1846 — Адкрытая плянэта Нэптун

1943 — нацысты зьнішчылі Віленскае гета. Усяго за тры гады акупацыі ў Летуве было забіта 200 тысяч габрэяў. З гэтае нагоды ў краіне штогод адзначаецца Дзень памяці ахвяраў генацыду.

1989 — азэрбайджанская мова абвешчаная дзяржаўнай у Азэрбайджане.

У гэты дзень нарадзіліся:

63 да н. э. — Гай Юлі Цэзар Актавіян Аўгуст, рымскі імпэратар.

1901 — чэскі паэт Яраслаў Сэйфэрт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1984.

1908 — Мікалай Патолічаў, савецкі партыйны і дзяржаўны дзяяч, першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі ў 1950-1956 гадах

1918 — Аркадзь Маўзон, беларускі драматург.

1924 — Артур Вольскі, беларускі паэт, актывіст дэмакратычнага руху, бацька музыкі Лявона Вольскага.

1936 — Сямён Шарэцкі, беларускі дзяржаўны дзеяч, старшыня Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня.

У гэты дзень памерлі:

1939 — Зыгмунд Фройд, аўстрыйскі псыхіятар, «бацька» псыхааналізу.

1973 — Пабла Нэруда, чылійскі паэт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры за 1971 год.

Цытата:

Ноч, уласьнiца цемры,
вылiвае зь неба ў пасьпеху зоры,
ваду крывавую,
у якой прабiты быў Марат
стылетам бялявай красунi,
i пачынае аддзiраць ад людзей
iхныя ўласныя ценi,
бы кравец, якi аддзiрае рукавы,
прымяраючы пiнжак.

Усё на гэтым сьвеце ўжо было,
няма нiчога новага,
але ж бяда закаханым,
якiя ня змогуць у кожным цалунку
адкрыць новае краскi.

Яраслаў Сэйфэрт (пераклад Юрася Бушлякова)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG