Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі бізнэсовец, які адмовіўся прасіць памілаваньня ў Лукашэнкі, выходзіць на волю


Сяргей Гаравы і Сьвятлана Скіба
Сяргей Гаравы і Сьвятлана Скіба

Асуджаны магілёўскі бізнэсовец Сяргей Гаравы, вызваленьня якога дамагалася ягоная жонка Сьвятлана Скіба, сёньня мае выйсьці на волю. Калегія Магілёўскага суду зьмяніла прадпрымальніку вырак Кастрычніцкага раённага суду Магілёву на падпіску пра нявыезд.

Паводле рашэньня раённага суду, Гаравы быў асуджаны на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці за няплату падаткаў у буйным памеры. Сваёй віны асуджаны не прызнаў, хоць і выплаціў вызначаную судом шкоду 185 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Сплата шкоды не ўратавала бізнэсоўца ад турмы і канфіскацыі маёмасьці. Ён разьлічваў, што, застаўшыся на свабодзе, абароніць сябе.

Калегія абласнога суду перагледзела пакараньне. Паводле пастановы калегіі, Гаравы застаўся вінаватым, аднак пакараньне яму зьмякчылі да 2 гадоў і шасьці месяцаў без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. З улікам часу, які правёў у няволі, яго вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Яму забаронена на працягу пяці гадоў займаць пасады, зьвязаныя з адміністрацыйна-гаспадарчымі і арганізацыйна-распарадчымі функцыямі.

Сьвятлана Скіба пасьля агучваньня выраку, што ейны муж мусіць быць свабодным
Сьвятлана Скіба пасьля агучваньня выраку, што ейны муж мусіць быць свабодным

Пакуль бізнэсовец быў у турме, у яго нарадзілася дачка. Жонка на судовыя пасяджэньні хадзіла цяжарнай. Калі мужа асудзілі, змагалася за яго вызваленьне. Яна засталася бяз сродкаў для існаваньня з дваімі непаўналетнімі дзецьмі.

Сьвятлана зьвярталася да Аляксандра Лукашэнкі, каб той выправіў несправядлівасьць. У лісьце яна згадала пра асуджаных чыноўнікаў ды кіраўнікоў прадпрыемстваў, якіх зьвінавацілі ў карупцыі і якіх Лукашэнка памілаваў.

«Мне прыйшоў адказ, у якім паведамілі, што ў судовы працэс ня можа ніхто ўмешвацца, нават Адміністрацыя прэзыдэнта. Параілі, каб муж напісаў хадайніцтва аб памілаваньні на імя прэзыдэнта і да яго прыклаў усе дакумэнты пра нараджэньне дзяцей. Я мужу гэта ўсё выслала, але ён адпісаў: «Як я магу прасіць пра памілаваньне, калі я не вінаваты?» — казала Сьвятлана «Свабодзе».

Паводле яе слоў, муж адмаўляўся пісаць просьбу пра памілаваньне, бо не лічыў сябе вінаватым.

«Я задаволеная рашэньнем калегіі абласнога суда. Я плачу ад радасьці, што сёньня пабачу мужа», — падзялілася Сьвятлана адразу пасьля агучваньня новага прысуду Сяргею.

«Людзям, якія з такімі сытуацыямі сутыкаюцца, трэба ісьці да канца. Не здавацца. І заўжды наперадзе перамога. Сяргей знойдзе сабе занятак. Галоўнае, што сям’я цяпер разам. Цешыць, што справядлівасьць перамагла хоць у нейкай частцы. Пакуль юрыдычныя тонкасьці для мяне другасныя. Калі ў Сяргея будзе жаданьне даказваць сваю невінаватасьць, гэта ягонае права.

Я ўдзячная Богу, што ён не пакідаў мяне. Дзякую адвакату, які адказна рабіў сваю працу, і тым, хто са мной быў побач. Мы зрабілі ўсё, каб Сяргей быў на волі».

Адвакат на разглядзе касацыйнай скаргі настойваў на адсутнасьці складу злачынства ў дзеяньнях асуджанага і прасіў суд вызваліць яго. Сваю пазыцыю абаронца аргумэнтаваў тым, што Гаравы, па сутнасьці, стаўся ахвярай абгавору асноўнага фігуранта справы — Пятра Акулава. Па словах Акулава сьледзтва і выставіла абвінавачаньне.

Дзяржаўны абвінаваўца на судовым пасяджэньні заявіў, што рашэньне Кастрычніцкага суду Магілёва законнае і абгрунтаванае. Падстаў для яго зьмены пракурор ня бачыў.

Суд не задаволіў хадайніцтва Гаравога наконт ягонай прысутнасьці на разглядзе касацыйнай скаргі.

Зьмякчылі прысуд і яшчэ аднаму фігуранту справы — Дзьмітрыю Максімкову — зь пяці год калёніі ўзмоцненага рэжыму да трох.

Галоўнаму фігуранту справы Пётру Акулаву калегія абласнога суда пакінула прысуд Ленінскага суду Магілёву бязь зьменаў. Ён асуджаны да шасьці гадоў зьняволеньня. Суд пастанавіў спагнаць зь яго 45,7 мільярда рублёў незаконна атрыманага даходу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG