Пагадненьне, якое было падпісана 22 верасьня на цырымоніі ў офісе Вышэйшай рады міру ў Кабуле, будзе рэалізавана пасьля таго, як яго афіцыйна падпішуць прэзыдэнт Ашраф Гані і Гульбэдын Хэкматыяр.
Паводле аўганскіх СМІ, пагадненьне прадугледжвае амністыю для Хэкматыяра за мінулыя злачынствы і вызваленьне некаторых зьняволеных удзельнікаў групоўкі.
Урад таксама пагадзіўся дамагацца адмены міжнародных санкцыяў у дачыненьні да Хэкматыяра.
Перамовы паміж аўганскім урадам і дэлегацыяй «Хэзб-э-Ісламі» пачаліся ў сакавіку.
Дасягненьне пагадненьня з аўганскімі ісламістамі азначае прарыў для прэзыдэнта Аўганістану Ашрафа Гані, які да гэтага часу не меў значных дасягненьняў ва ўстанаўленьні міру ў краіне.
Аўганская рада міру была заснавана экс-прэзыдэнтам Хамідам Карзаем для наладжваньня дыялёгу з радыкальнымі ісламскімі групоўкамі.