Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзярждуме Расеі будзе менш апазыцыянэраў, чым у беларускай Палаце прадстаўнікоў


Пра што сьведчаць вынікі выбараў у парлямэнт Расеі?

Удзельнікі: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Дракахруст: Паводле папярэдніх вынікаў парлямэнцкіх выбараў у Расеі, партыя ўлады «Единая Россия» атрымлівае 54% галасоў па партыйных сьпісах і 203 з 225 мандатаў па аднамандатных акругах.

Такім чынам «Единая Россия» будзе мець у Думе прынамсі тры чвэрці месцаў, значна больш, чым канстытуцыйная большасьць. Калі выніковыя лічбы будуць прыкладна такімі ж, гэта будзе самае вялікае прадстаўніцтва «партыі ўлады» ў расейскім парлямэнце.

Па сьпісах у Думу таксама праходзяць яшчэ тры партыі, якія былі прадстаўленыя ў Думе мінулага скліканьня: КПРФ — 14%, ЛДПР — 13%, «Справедливая Россия» −6%.

Дэпутатам ня стаў ніводзін кандыдат з дэмакратычнай, неляяльнай Крамлю апазыцыі — партыяў «Яблоко» і «Парнас». Паведамляецца, што па аднамандатных акругах праходзяць па адным кандыдаце ад прапуцінскіх нацыяналістаў «Родина» і правай «Гражданской сілы».

Ну вось дэпутат ад «Гражданской сілы» напэўна з доляй умоўнасьці і можа лічыцца прадстаўніком не зусім ляяльнай апазыцыі Крамлю. У Беларусі на выбарах у Палату прадстаўнікоў прайшлі дзьве апазыцыянэркі, ў строгім сэнсе — адна, ў Расеі на дадзены момант выглядае — адзін дэпутат з 450.

Падчас выбарчай кампаніі і ў дзень галасаваньня паведамлялася пра шматлікія парушэньні — гэта ў асноўным «карусэлі» і падкіданьне бюлетэняў. Але ў Расеі, скажам, датэрміновае галасаваньня не выкарыстоўваецца ў якасьці інструмэнта маніпуляваньня вынікамі выбараў.

Таксама зафіксаванае масавае выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу, няроўныя магчымасьці для агітацыі для апазыцыйных і праўладных ці ляяльных уладзе кандыдатаў.

Масавая падтрымка «Крымнаш», масавая падтрымка Пуціна і праявілася ў выніках выбараў

Але ў Расеі, ў адрозьненьні ад Беларусі, нават сярод апазыцыі ня надта распаўсюджаная думка, што лічбы галасаваньня наагул ня маюць ніякага дачыненьня да рэальнасьці і бяруцца проста «са столі» ў адміністрацыі прэзыдэнта.

Яны ўсё ж адлюстроўваюць да пэўнай ступені рэальны стан расейскага грамадзтва. Масавая падтрымка «Крымнаш», масавая падтрымка Пуціна і праявілася ў выніках выбараў. «Яблоко» і «Парнас» маглі атрымаць крыху больш, сям так дэпутат-другі ад гэтых партыяў мог і прайсьці ў Думу, але агульную карціну гэта не зьмяніла б. Для лібэралізму ў Расеі зараз ня лепшыя часы.

Зьвяртае на сябе ўвагу высокі адсотак галасоў, пададзеных за ЛДПР Жырыноўскага. Яна ўшчыльную падышла да выніку кампартыі.

Эканамічнае становішча ў Расеі складанае. Але, гледзячы па ўсім, незадаволенасьць вылілася ў галасаваньне менавіта за «апазыцыю Яго Вялікасьці» — за ЛДПР і КПРФ.

Апазыцыя ў Расеі на гэтых выбарах не змагла абʼяднацца. Хаця ў цяперашняй сытуацыі ня факт, што гэта прынесла б ёй кардынальна іншы вынік.

У адрозьненьні ад Беларусі ў Расеі не напампоўвалі яўку. Выглядае, што там улады былі нават зацікаўленыя ў тым, каб яна была ня надта высокай. Прапуцінскі электарат ішоў на выбары стройнымі калёнамі, незадаволеных на выбары не прыцягвалі і ня гналі.

Лічбы яўкі на выбары ў Расеі — паказьнік пэўнай апатыі, ўпэўненасьці, што Дума нічога не вырашае, нашто яна, калі ёсьць цар Пуцін.

Мінулы склад Думы вызначыўся прыняцьцем абсалютна дзікіх законаў — ад «закону Дзімы Якаўлева» да закону аб замежных агентах. Ад новага складу Думы можна чакаць новых юрыдычных навэлаў у такім жа стылі.

На фоне расейскіх выбараў менавіта вынік беларускіх выбараў выглядае не такім ужо і кепскім: у Думе можа быць будзе адзін апазыцыйны дэпутат на 450, у беларускай палаце прадстаўнікоў — адзін ці нават два.

Карбалевіч: Найперш варта адзначыць рэкордна нізкую яўку. Па дадзеных ЦВК, яўка склала каля 48%. У Маскве і Пецярбургу — менш за 30%. Так мала людзей у незалежнай Расеі яшчэ не галасавала. Гэта тым больш дзіўна, што пасьля Крыма у краіне адбылася масавая палітызацыя насельніцтва. Шавіністычная хваля на тле агрэсіўнай дзяржаўнай прапаганды проста выходзіла зь берагоў. І вось такі вынік. Такія рэзкія скачкі народных паводзін можна назваць фэномэнам. Гэта галоўная і адзіная нечаканасьць.

У Расеі створаная сыстэма з адной дамінуючай партыяй

Усё астатняе ішло па звыклай схеме. Палітычная канфігурацыя застыла і не мяняецца. У Думу ужо каторы раз праходзяць чатыры партыі: кіроўная «Единая Россия» і тры партыі-сатэліты, якія выконваюць ролю канструктыўнай апазыцыі.

Калі фармальна, то ў Расеі створаная сыстэма, якая ў паліталёгіі называецца палутарапартыйнай. Гэта сыстэма з адной дамінуючай партыяй. Як Лібэральна-дэмакратычная партыя ў Японіі, ХДС ў Італіі пасьля вайны, ці сацыял-дэмакратычная партыя ў Швэцыі. Але гэта толькі вонкава, па форме. Бо калі казаць пра сапраўдную палутарапартыйную сыстэму, то усе партыі, якія апаніруюць дамінуючай партыі — гэта сапраўды апазыцыйныя. А апазыцыйнасьць «Справедливой России», КПРФ ці ЛДПР умоўная.

Чаго не здарылася? Не зьявілася моцная партыя, пад умоўнай назвай «За Новороссию», на чале з умоўным Стралковым-Гіркіным, якая крытыкавала б Пуціна з шавіністычнага флянгу — за нерашучасьць. Думаю, яна магла зьявіцца 1-1,5 года таму. Цяпер напал вакол Украіны трохі зышоў.

Што тычыцца лібэральнай апазыцыі. Можна зразумела рабіць закіды на яе адрас, што яна, як і беларуская апазыцыя, ня можа абʼяднацца. Але пасьля Крыму і той беспрэцэдэнтнай хвалі падтрымкі ўлады — 84%, у яе не было шанцаў.

Цыганкоў: Мы жывем у сацыяльных сетках, чытаем дэмакратычныя СМІ, дзе існуюць таленавітыя публіцысты, людзі, папулярныя ў сацыяльных сетках, іх лайкаюць тысячы людзей, і часам здаецца, што гэтыя меркаваньні вельмі папулярныя сярод расейскага насельніцтва. Але гэта абэрацыя зроку, на самой справе, выглядае, што дэмакратычна-лібэральныя погляды на сёньня падтрымлівае максымум некалькі працэнтаў насельніцтва Расеі.

Дэмакратычна-лібэральныя погляды на сёньня падтрымлівае максымум некалькі працэнтаў расейцаў

Яшчэ адзін аспэкт — выглядае, што эканамічны крызыс, рост колькасьці бедных, дэвальвацыя расейскага рубля, абуральная карупцыя не прымусілі людзей актыўна прыйсьці на выбары і прагаласаваць за апазыцыю. Палітычная актыўнасьць не павялічылася, значная частка апазыцыйнага электарату ня верыць у выбары, не лічыць патрэбным у іх удзельнічаць, многія заклікалі да байкоту.

Што да іншых незадаволеных, то яны сваю фрустрацыю выявілі традыцыйным шляхам, галасуючы за КПРФ і ЛДПР. Іх прыхільнікі якраз у гэтыя партыях бачаць апазыцыю ўладзе, — хаця, відавочна, на самой справе яны ёй не зьяўляюцца.

Выбары ў Расеі паказалі, наколькі ўстойлівая цяпер у Расеі ўлада, і тое, што, вобразна кажучы, тэлевізар перамог лядоўню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG