Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АБСЭ спадзяюцца, што ўлады Беларусі зьменяць выбарчае заканадаўства


Кіраўніца назіральнай місіі БДІПЧ АБСЭ Тана Дэ Сулюэта
Кіраўніца назіральнай місіі БДІПЧ АБСЭ Тана Дэ Сулюэта

Паводле словаў кіраўніцы назіральнай місіі БДІПЧ АБСЭ Таны Дэ Сулюэта, падчас парлямэнцкіх выбараў у Беларусі ўлады зрабілі «некаторыя зьмены, пакліканыя палепшыць працэс, але на справе яны мелі вельмі абмежаваны ўплыў».

«Вельмі многія рэкамэндацыі так і засталіся нявыкананымі. Былі два нечаканыя вынікі выбараў (маецца на ўвазе перамога Ганны Канапацкай і Алены Анісім. — РС). Але мы глядзім не на вынікі, мы ацэньваем увесь працэс цалкам», — падкрэсьліла Тана Дэ Сулюэта ў інтэрвію БелаПАН.

Паводле кіраўніцы місіі, у кожным чацьвёртым выпадку працэдура падліку галасоў была ацэненая назіральнікамі нэгатыўна, «што паказвае на наяўнасьць пэўных праблемаў». Дваццаць працэнтаў назіральнікаў ня мелі магчымасьці бачыць, як адбываецца падлік галасоў, падкрэсьліла яна.

Па словах Дэ Сулюэты, яна сутыкалася з падобнымі праблемамі і ў іншых краінах пры назіраньні за выбарамі. «Але гэтыя выпадкі былі ў тых краінах, якія ня могуць служыць добрым прыкладам», — дадала кіраўніца назіральнай місіі БДІПЧ АБСЭ.

Разам з тым Дэ Сулюэта сьцьвярджае, што беларускія ўлады выказалі жаданьне працягваць супрацоўніцтва з АБСЭ па пытаньні зьмены выбарчага заканадаўства Беларусі.

«Мы можам толькі спадзявацца, што за словамі будуць і справы, — сказала Дэ Сулюэта. — Цяпер мы будзем глядзець, як будзе праводзіцца праца над магчымымі зьменамі на ўсіх узроўнях. Мне здаецца, у нас ёсьць падставы спадзявацца, што гэты працэс пачнецца ў найбліжэйшы час».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG